Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Караткевіч жа яшчэ нічога кепскага не пасьпела зрабіць: за што вы яе лаеце...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Як звычайна перад прэзыдэнцкімі выбарамі, беларуская апазыцыя сёлета зноў рабіла спробы аб’яднацца і выступіць больш-менш згуртаванай сілай. І, як здаралася ўжо неаднаразова, спробы аказаліся марнымі, а ледзь не адзінае, у чым старыя апазыцыйныя лідэры знайшлі паразуменьне і згоду — гэта спрэчкі і сваркі ва ўласным асяродзьдзі. Гэтым разам аб’ектам дружнай крытыкі стала Тацяна Караткевіч — вылучэнка кампаніі «Гавары праўду», якая, мяркуючы па ўсім, адзіная з апазыцыйных палітыкаў працягне ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму. Наш слухач Аляксей Барысевіч зь Менску, назіраючы за выбарчай кампаніяй, піша:

«Зьдзіўляюся, як апазыцыя дружна накінулася з усіх бакоў на Тацяну Караткевіч. І за што? Яна ж яшчэ нічога кепскага не пасьпела зрабіць. Але, бач ты, недастаткова лае «злачынны рэжым», не паклялася ў вернасьці ідэалам БНФ, не адхрысьцілася ад супрацы з «агентамі КДБ»... Непрыемна назіраць за ўсім гэтым. Вы б аб’ядналіся вакол яе, раз ужо так атрымалася, што ніхто з вас ня здольны сабраць дастатковую колькасьць подпісаў, каб зарэгістравацца кандыдатам. Дык жа не: кожны лічыць сябе Напалеонам, і толькі ён мае права прамаўляць ісьціны. А ў сапраўднасьці за ўсім гэтым добра бачныя звычайная абыватальская зайздрасьць, хцівасьць, карысьлівасьць. Відаць па ўсім, застанецца Караткевіч без усялякай апазыцыйнай падтрымкі. Сумна. Быў добры шанец на тое, каб аб’яднацца і хаця б паспрабаваць супрацьстаяць гэтаму рэжыму, які за 21 год давёў краіну да поўнага краху».

Насамрэч апазыцыя ў яе цяперашнім стане для Тацяны Караткевіч і кампаніі «Гавары праўду» — не такая ўжо вялікая і вырашальная падтрымка, спадар Аляксей. А тое, што старыя лідэры старой апазыцыі так дружна накінуліся на яе, абвінавачваючы ў розных грахах, можа ўрэшце мець зусім ня той вынік, на які яны, лідэры, разьлічвалі. Тая частка грамадзтва, якая чакае зьменаў, даўно стамілася ад зацертых твараў вечных няўдачнікаў. І ў гэтай сытуацыі вельмі многія гатовыя падтрымаць новую асобу, новае імя — няхай нават за ім ня будзе ніякіх значных рэсурсаў у выглядзе апазыцыйнага актыву і магчымасьці праводзіць агітацыйныя кампаніі.

✉ ✉ ✉

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў — на тэму нясьпеласьці беларускай нацыі і пралікаў апазыцыі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Азіраючыся на гісторыю незалежнага існаваньня Беларусі, слухач піша:

«На апошнім вітку гісторыі працягласьцю ў чвэрць стагодзьдзя беларус не зрабіў нават сьціплай баязьлівай спробы хоць неяк сфарматавацца ў самастойную нацыю, адрозную ад расейцаў. Успамінаю, як напрыканцы 80-х актывісты БНФ на чале з Пазьняком пастаянна баражыравалі паміж Менскам і Вільняй, пераймаючы ў літоўскага „Саюдзіса“ плян-мэтадалёгію нярускага быцьця нацыі ў нашай частцы Ўсходняй Эўропы. Вось дзе быў запачаткаваны крах беларускай нацыянальнай ідэі, які потым знайшоў працяг у двух дзесяцігодзьдзях панаваньня Лукашэнкі.

І сёньня беларус у сваёй масе абсалютна пазбаўлены хоць нейкіх прыкметаў самастойнай нярускай нацыі. Ён зусім не падобны да літоўца ў Літве ці паляка ў Польшчы.

Вось едзе расеец зь якога-небудзь Бранску ці Разані на захад. Дзе для яго пачынаецца замежжа? Зразумела, што на вакзале ў Тэрэспалі, адразу за Берасьцем. Там адразу бачна, што ты не ў Расеі.

Вядома, ёсьць эксклюзіўная жменька трусавых і вячорак у Менску. Але масы — іншыя. А менавіта масы робяць фон, і фон гэты ў Рэспубліцы Беларусь ніяк нельга назваць нярускім.

Пакуль што жыцьцёвы факт такі, што беларускае царства Лукашэнкі — гэта нешта накшталт Заходняй Масковіі, а зусім не самастойнай, адрознай ад Расеі краіны».

Паспрачаюся з вамі, спадар Алесь. Многія расейцы вельмі выразна адчуваюць, дзе канчаецца Расея і пачынаецца Беларусь — сутыкнуўшыся адразу пасьля перасячэньня сваёй усходняй мяжы зь беларускімі ці то мытнікамі, ці супрацоўнікамі ДАІ, ці транспартнымі інспэктарамі. Дый краявіды за акном вельмі істотна мяняюцца: пасьля смаленскага кустоўя і падлеску — апрацаваныя і засеяныя шклоўскія палі, пасьля бранскіх калдобін і лужын — няхай і не ідэальная, але дагледжаная і параўнальна роўная беларуская шаша.

Зразумела, што мова — вельмі істотны і важны складнік любой нацыі. І ўсё ж у сучасным сьвеце зь ягонымі размытымі моўнымі межамі ня толькі ён вызначае аблічча нацыі і нацыянальнай дзяржавы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG