Гомельскі грамадзкі актывіст Юры Рубцоў з Гомеля, які адбывае «хімію» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, зрабіў заяву для СМІ.
«5 студзеня 2015 году супрацоўнік папраўчай установы адкрытага тыпу № 7 прапанаваў мне ўладкавацца на працу з заробкам у памеры 5 мільёнаў рублёў на месяц. Улічваючы, што такі заробак меншы за абяцаны Аляксандрам Лукашэнкам у 2010 годзе памерам у эквіваленце 500 даляраў і значна ніжэйшы за дэкляраваны цяпер сярэдні заробак у краіне ў памеры 600 даляраў, то я вымушаны быў адмовіўся ад такой працы.
У прыватнай гутарцы супрацоўнік установы прызнаўся, што заробку на 600 даляраў у пераліку ў Пружанскім раёне няма. Аднак гэта не перашкодзіла яму ўзяцца за складаньне дакумэнтаў, якія сьведчаць пра маю адмову ад працы. Канечне, прычыны маёй адмовы не ўказаныя.
Гэта й вымусіла мяне зрабіць афіцыйную заяву. Яшчэ раз пацьвярджаю: я не адмаўляюся ад працы. Але я ня буду працаваць за ўбогае падабенства заробку.
Улічваючы цяжкі эканамічны стан краіны, я не патрабую высокага заробку, а ўсяго толькі роўнага сярэднестатыстычнаму ў краіне — 600 далярам.
У выпадку адмовы накіраваць мяне на такую працу я абвяшчу з 22 студзеня бестэрміновую галадоўку».
На дадатак Юры Рубцоў паведаміў, што яго выпраўлялі працаваць у адзін з калгасаў кіроўцам, і што заробак 5 мільёнаў — гэта толькі на словах, бо на паверку людзі атрымліваюць прыладна 3 мільёны альбо нават менш.
Па словах Рубцова, прапанаваная аўтамашына не прайшла тэхагляду. Да таго ж адміністрацыя ўстановы забірае пад замок ня толькі пашпарт, але й пасьведчаньне кіроўцы, каб не пакідалі «хімію» самавольна. Паказваць трэба не пасьведчаньне, а паперку, якую выдае начальнік узамен адабраных дакумэнтаў.
Асуджаны актывіст апавёў таксама, што з пошты яму прыйшло паведамленьне пра пасылку. Аднак безь пісьмовай заявы за тэрыторыю спэцкамэндатуры нікога не пускаюць, а Рубцоў прынцыпова зарокся пісаць заявы й падпісваць хоць якія дакумэнты«.
У кастрычніку 2014году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцаховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў судзьдзі, назваў яго «падонкам».
Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.