З палітычным вязьнем гутарыў па тэлефоне наш карэспандэнт.
— Юры Міхайлавіч, як вы сустрэлі Новы год?
— Сьвяткаваць у няволі не выпадае. Лёг аб адзінаццатай гадзіне спаць — і прачнуўся ўжо ў новым годзе. Некаторыя нашыя хлопцы сядзелі да першай гадзіны ночы. А я спаў. Настрой у мяне добры, маральна я не зламаны, бо праўда на маім баку.
— Ці ведаеце вы, што праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт у супольнай заяве прызналі вас палітычным вязьнем, бо ваш перасьлед наўпрост зьвязаны зь незаконнай практыкай адвольных затрыманьняў і зьяўляецца, як лічаць праваабаронцы, палітычна матываваным, а судовы працэс над над вамі не адпавядаў асноўным прынцыпам справядлівага судовага разьбіральніцтва?
— Дзякуй, канечне, праваабаронцам, што не забыліся пра мяне. Я спрабую даступнымі мне спосабамі адкрываць людзям вочы на той падман, які пануе ў нашай краіне. Зразумела, улады імкнуцца любым чынам нас зачыніць, ізаляваць. Але днямі мяне наведалі трое берасьцейцаў. У нашу ўстанову № 7 іх, канечне, не пусьцілі. Пад наглядам міліцыянта я гутарыў зь імі на вуліцы каля гадзіны. Яны прывезьлі падарункі да Новага году. Дзякуй ім! Так што я Новы год пачаў не ў такім ужо й гаротным становішчы. Дзякуй таксама ўсім, хто павіншаваў мяне з Новым годам праз паштоўкі й лісты. Зычу ўсім здароўя і дабра.
— Вы ўжо адзінаццатыя суткі адбываеце пакараньне. Як склаліся адносіны з тымі, хто побач, з супрацоўнікамі ўстановы?
— Побач адбываюць пакараньні кіраўца, які пабываў у аварыі з чалавечымі ахвярамі, алімэнтшчык — ну й гэтак далей. Нейкіх непаразуменьняў зь імі не ўзьнікае — мы ня лаемся, не канфліктуем. Некаторае наружаньне ёсьць у мяне толькі зь міліцыянтамі, якія нас ахоўваюць. Справа ў тым, што я не ўстаю, калі яны ўваходзяць у памяшканьне. Яны крыўдзяцца: маўляў, гэта непавага. Але я ім тлумачу: якая павага можа быць у несправядліва асуджанага да супрацоўніка міліцыі?
Для мяне асабіста ўсхапіцца перад супрацоўнікамі, якія ведаюць, што я незаконна пакараны, раўназначна таму, што стаць на калені перад Лукашэнкам
Устаць — гэта сьлепа павінаваціцца перад гэтай уладаю. Для мяне асабіста ўсхапіцца перад супрацоўнікамі, якія ведаюць, што я незаконна пакараны, раўназначна таму, што стаць на калені перад Лукашэнкам. Я гэтага дазволіць сабе не магу. Раней перад царом падалі на калені. Час ужо адвыкаць ад гэтага. Вось такія толькі непаразуменьні. Добра, што супрацоўнікі міліцыі мяжу разумнасьці не пераходзяць.
Ну й з працай пакуль нічога ня ясна. Невядома, дзе й што я буду рабіць. Тут, каб выйсьці за межы спэцкамэндатуры, трэба пісаць заяву на імя начальніка. Але я ніякіх заяваў прынцыпова не пішу. І за капейкі працаваць я не зьбіраюся. Хачу, каб мой заробак быў на ўзроўні афіцыйна дэкляраванага ў краіне — у эквіваленце 577 даляраў.
— Юры, што б вы пажадалі ў новым годзе апанэнтам цяперашняй улады, палітычнай апазыцыі?
— Нельга ні ў якім разе ўдзельнічаць у спэктаклі «Выбары-2015». Заявы Лукашэнкі, Сурыкава і ўсіх астатніх — гэта толькі дзеля таго, каб падштурхнуць гора-палітыкаў да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнку і яго рэжыму патрэбны агітатары за выбары. Правіцелю важна, каб як мага болей людзей прыйшлі на выбары. Як і за каго яны будуць галасаваць, гэта ня важна, бо да ўдзелу ў падліку галасоў улада не дапускае іншадумцаў. Нават назіральнікі ня бачаць, як праўладныя выбарчыя камісіі лічаць галасы. Таму ўсе палітыкі павінны патрабаваць сумленных выбараў, зьменаў у Выбарчым кодэксе. Яны мусяць патрабаваць безцэнзурнага эфіру на нацыянальным тэлебачаньні.
І першае, што мусяць зрабіць палітыкі, — аб’яднацца й падаць супольныя заявы ў суды, каб на ўсіх узроўнях быў дадзены эфір для палітычных дэбатаў.
Назіральнікі мусяць пабачыць пустыя выбарчыя ўчасткі. Няўдзелам у выбарах мы зможам унесьці неабходныя зьмены ў выбарчае заканадаўства й правесьці сапраўдныя, празрыстыя выбары.
Хацелася б таксама засьцерагчы палітыкаў ад арганізацыі «Плошчы- 2015». Ні ў якім разе! Лукашэнка — не Януковіч. Рэжым не пасаромеецца ўчыніць правакацыю супраць мітынгоўцаў, каб потым ужыць сілу й зброю. А зьвінавачана будзе апазыцыя. «Плошчы-2015» быць не павінна!
У кастрычніку 2014 году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцаховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною, пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле слоў судзьдзі, назваў яго «падонкам».
Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.