Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год былых палітвязьняў: на працы і без шампанскага


Мікалай Аўтуховіч кіраваў з дому таксоўкамі, Эдуард Лобаў мусіў устрымацца ад шампанскага, Уладзь Яроменак няньчыў сямімесячную дачку

Як сустрэлі Новы 2015 год былыя палітвязьні? Успамінамі пра адзначэньне мінулага Новага году ў вязьніцы і плянамі на сустрэчу Новага 2015 году падзяліліся ў апошні дзень сьнежня са Свабодай былыя палітвязьні Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў і Ўладзь Яроменак.

Напярэдадні былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч падзяліўся плянамі на сустрэчу Новага году:

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

«Пляны такія, што прыйдзецца працаваць. На сёньняшнюю ноч будзе шмат працы, а дыспэтчар ня мае шмат досьведу, таму буду ёй дапамагаць».

Падрыхтоўкай да працы ў навагоднюю ноч прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч займаўся ўсе перадсьвяточныя дні. Паводле ягоных плянаў, мусілі выйсьці на лінію большасьць ягоных таксовак, але некаторыя яшчэ рамантаваліся. Вось і ў момант майго званка Мікалай чакаў, калі прывязуць запчастку для машыны, якая стаяла на пад’ёмніку.

У навагоднюю ноч Мікалай Аўтуховіч зьбіраўся працаваць з дому, бо зь яго дагэтуль ня зьняты прэвэнтыўны нагляд і яму нельга ноччу выходзіць на вуліцу. «Сучасныя сродкі сувязі гэта дазваляюць», — патлумачыў Мікалай Аўтуховіч.

Пра мінулы Новы год у гарадзенскай турме былы палітвязень згадваць не захацеў, а вось пра тое, як сустракаюць Новы год у івацэвіцкай калёніі, дзе ён адбыў два гады, успаміны засталіся:

«У калёніі нейкія тарты рабілі самі, гуртаваліся, віншавалі адзін аднаго. Там дазвалялі паўночы ня спаць, рабіць канцэрт, і пад’ём быў на гадзіну ці дзьве пазьней. Вось і ўсе асаблівасьці».

Мікалай Аўтуховіч прысьпешыў нашу размову, бо чакаў званка наконт рамонту, і на разьвітаньне павіншаваў каманду Свабоды і ўсіх яе слухачоў з надыходзячым Новым годам.

Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

Увечары 31 сьнежня я датэлефанаваўся таксама да маладафронтаўца Эдуарда Лобава, які выйшаў на волю толькі 12 дзён таму. Эдуард паведаміў, што ўжо ўладкаваўся на працу, а Новы год будзе сустракаць, як кажуць, у сямейным коле — з маці, айчымам, братам. Гэтай магчымасьці — сустракаць Новы год дома за сьвяточным сталом — Эдуард Лобаў быў пазбаўлены 4 гады. Дарэчы, пэўныя абмежаваньні засталіся для Лобава і гэтым разам: як былому асуджанаму, які пастаўлены на прэвэнтыўны нагляд, яму забаронена выходзіць з дому зь вечара да раніцы, таму пайсьці разам зь сям’ёй да сьвяточнай ёлкі на вуліцы ён ня зможа. Да таго ж Эдуарду нельга ўжываць сьпіртныя напоі, у тым ліку і дома. Такім чынам, нават шампанскае за навагоднім сталом яму ня сьвеціць. Чаму гэтак строга?

«Бо міліцыянты могуць прыйсьці для праверкі, а па мне ж ня вызначыць, ці я ўжываў сьпіртное на вуліцы, ці дзе, таму забарона цалкам — нельга, і ўсё. Але для мяне гэта не асаблівая страта. Я без алькаголю добра абыходжуся. Вось ужо ўладкаваўся на працу, буду працаваць кур’ерам на фірме. Пасьля сьвяточных дзён ужо пачну працаваць».

Напярэдадні Новага году Эдуард Лобаў дакладна ведаў, што ня будзе глядзець па тэлевізары навагоднія выступы ні Аляксандра Лукашэнкі, ні Ўладзімера Пуціна, а паспрабуе знайсьці нейкі музычны тэлеканал.

Уладзь Яроменак
Уладзь Яроменак

2014 год маладафронтавец Уладзь Яроменак сустракаў у баранавіцкім арыштным доме. Цяпер Яроменак на волі. Новы 2015 год будзе сустракаць у Менску з жонкай Валянцінай і сямімесячнай дачкой Арынкай, зь якой яму вельмі падабаецца няньчыцца. «Буду няньчыць і цяпер. Зразумела, да застольля. Бо, спадзяюся, ноччу яна будзе спаць», — пажартаваў былы палітвязень. Пра Новы год у Баранавіцкім арыштным доме Ўладзь згадаў гісторыю пра няўдалую спробу чатырох вязьняў змайстраваць сьвяточную ёлачку:

«Мы з хлопцамі захацелі змайстраваць ёлачку, каб быў нейкі сьвяточны настрой у камэры. Але супрацоўнікі зрабілі ператрус, забралі тое, што мы падрыхтавалі для ёлкі, і сьвята было крыху сапсаванае. Афіцыйная прычына была тая, што забаронена нешта вырабляць саматужным чынам. А загатоўкамі былі звычайныя поліэтыленавыя пакункі, якія наразаюцца на стужкі, робяцца быццам іголкі, потым такія стужкі намотваюцца на стрыжань з паперы, і выходзіць ёлка».

2015 год Уладзь Яроменак сустрэне з прыгожай, але таксама штучнай ёлкай, якую разам з жонкай і дачкой яны набылі ў краме. Чаму вырашылі набыць штучную? «Каб была з намі і ў наступны Новы год і каб застрахавацца ад розных форс-мажораў», — патлумачыў Уладзь Яроменак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG