Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Булат: Беларусы маюць ген ваяроў


Юры Булат
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:23:38 0:00

Юры Булат

Беларускі тайбокс здабыў яшчэ адно яркае дасягненьне. Дзьмітры Варац напярэдадні новага году перамог у фінальным турніры Top Кing World Series і стаў чэмпіёнам сьвету. Ягоны трэнэр, у мінулым сам шматразовы чэмпіён сьвету, Эўропы, Беларусі, заснавальнік і кіраўнік спартовага клюбу «Булат джым», старэйшы трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі ў тайбоксе Юры Булат — госьцем Свабоды.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Юрась, нашы шчырыя віншаваньні — вам, вашаму гадаванцу Дзіму Варцу, усяму беларускаму тайскаму боксу. Як і дзе гэта адбылося? Каго перамог Дзіма?

Юры Булат: Дзякую за віншаваньні, бо гэта насамрэч вельмі буйная падзея для нашага спорту. Top Кing World Series — гэта вельмі буйны турнір. Ён адбываўся цягам усяго году ў розных краінах сьвету — Францыі, Ганконгу, Лаосе, Кітаі, таксама ў Беларусі, у Менску. У сэрыі турніраў бралі ўдзел байцы з усяго сьвету. Арганізаваны ён быў паводле алімпійскай сыстэмы. А фінальныя баі напярэдадні новага году прайшлі ў Тайляндзе. У іх змагаліся лепшыя зь лепшых. Гэта — зь вялікай літары прафэсіянал, тайскі баец Кем Сітсонгпінонг, знакаміты расеец Хаял Джаніеў, які летась сэнсацыйна перамог амаль непераможнага тайца Буакаву, наш Дзіма Варац і яшчэ адзін, крыху слабейшы кітаец. І вось у такой кампаніі пераможцам стаў наш Дзіма.

Юры Булат зь Дзьмітрыем Варцам пасьля перамогі ў Тайляндзе
Юры Булат зь Дзьмітрыем Варцам пасьля перамогі ў Тайляндзе

Ракіцкі: А колькі мэдалёў вы самі заваявалі?

Булат: Цяжка сказаць. Я браў удзел у вялікай колькасьці спаборніцтваў. Магу толькі пералічыць коратка свае найбольшыя дасягненьні. Я дзесяціразовы чэмпіён Беларусі, трохразовы чэмпіён сьвету сярод аматараў, чэмпіён Эўропы, чэмпіён сьвету сярод прафэсіяналаў. Таксама ўдзельнічаў і перамагаў у розных турнірах як аматараў, так і прафэсіяналаў.

Ракіцкі: Чэмпіёнскую славу вам цяжка насіць?

Булат: Я чалавек сьціплы, ня ведаю нават. Але разумею, што маю вядомасьць у сьвеце, што ёсьць у мяне нейкі аўтарытэт на міжнароднай арэне.

Юры Булат і Дзьмітры Варац у Менску зь сябрамі клюбу «Булат джым» пасьля вяртаньня з турніру ў Тайляндзе
Юры Булат і Дзьмітры Варац у Менску зь сябрамі клюбу «Булат джым» пасьля вяртаньня з турніру ў Тайляндзе

Ракіцкі: А ўвогуле ў беларусаў шмат перамогаў? Зь якіх часоў пачаў сваё трыюмфальнае шэсьце па рынгах сьвету айчынны тайбокс?

Булат: У нас увогуле пачалі займацца тайскім боксам з пачатку 1990-х гадоў. І цягам ужо больш як дваццаці гадоў сфармавалася нават беларуская школа тайскага боксу. Напачатку было невялікае кола аматараў, якія хацелі нечага больш жорсткага, больш мужчынскага, больш практычнага ўзяць ад усходніх адзінаборстваў. Тады было яшчэ папулярным каратэ, але яно ўжо сябе вычэрпвала, бо яно бескантактнае. І наша кола аматараў амаль адразу дамаглося вынікаў. Ужо на першых чэмпіянатах сьвету, у якіх мы пачалі браць удзел, мы здабывалі перамогі. Але сапраўднае прызнаньне беларускага тайскага боксу адбылося на пачатку 2000-х гадоў, калі мы з чэмпіянатаў сьвету і Эўропы сталі прывозіць узнагароды ў агульнакамандным заліку. У нас быў і Кубак за агульнакамандную перамогу на чэмпіянаце сьвету, гэта значыць, што мы больш за іншых атрымалі залатых мэдалёў.

Юры Булат зь юнымі выхаванцамі ў НАК Беларусі пасьля чэмпіянату сьвету ў Бангкоку
Юры Булат зь юнымі выхаванцамі ў НАК Беларусі пасьля чэмпіянату сьвету ў Бангкоку

Ракіцкі: У Беларусі з боку дзяржавы, дый грамадзкасьці, існуе, так бы мовіць, мэдаляманія: у розных відах спорту плянуюцца перамогі, ставяцца задачы атрымаць пэўную колькасьць мэдалёў. І вось цікавая рэч. Я, дый ня толькі я, не зь беларускіх СМІ, а з сацыяльных сетак даведаўся пра перамогу Дзьмітрыя Варца. Вось ваша радаснае паведамленьне ў фэйсбуку: «Мы першыя — Дзімка чэмпіён. Bulat Gym is a power. Дзякуй усім, хто быў разам з намі ў гэты час, дзякуй за падтрымку, дзякуй родным і сем’ям, дзякуй клюбу, нашым хлопцам, нашай фэдэрацыі і нашай краіне. Віват Беларусь. Мы зрабілі гэта: Дзьмітры Варац — чэмпіён свету (Top Кing World Series)». Але чаму ў гэтым выпадку Беларусь не закрычала вам «віват»? Чаму нават кароткіх паведамленьняў на беларускіх тэлеканалах не было? А пра 15-е ці 20-е месца Скардзінай на этапе кубку сьвету ў біятлёне паведамляюць. Ваш спорт на ўзбочыне інтарэсаў беларускай дзяржавы?

Булат: Натуральна, хацелася б большай цікавасьці да нас з боку ўладаў, і прэзыдэнта, і міністэрства. Але існуе разьмежаваньне на алімпійскія і неалімпійскія віды спорту. А між іншым, тое, што мы заваявалі пояс чэмпіёна сьвету — паводле такой вельмі прэстыжнай вэрсіі, дзе ніводная постсавецкая краіна да нас не перамагала, — гэта вельмі моцная рэкляма Беларусі: яшчэ болей людзей у сьвеце даведаліся, што ёсьць такая краіна Беларусь, што ў ёй жывуць моцныя людзі. Мне падаецца, што гэтая перамога дадала значна болей для аўтарытэту краіны, чым нейкі залаты мэдаль на турніры ў іншым відзе спорту.

Юры Булат у якасьці судзьдзі на Кубку Беларусі ў кікбоксінгу
Юры Булат у якасьці судзьдзі на Кубку Беларусі ў кікбоксінгу

Ракіцкі: Ці атрымліваеце вы нейкую дапамогу з боку дзяржавы? Хоць крыху набліжаную да той, якую атрымліваюць хакей, ці біятлён, ці роварны спорт, ці фрыстайл, дзе вялікія ўкладаньні ў лядовыя палацы, арэны, трэніровачныя цэнтры? Ці вам гэта не патрэбна?

Проста трэнэр Юры Булат
Проста трэнэр Юры Булат

Булат: Безумоўна, нейкая дапамога ёсьць, але насамрэч — гэта кропля ў моры. Даўно просім, каб нам пабудавалі трэніровачны цэнтар. Вось у Расеі, у Кемераве, ёсьць палац муай-таю. Там цудоўныя ўмовы для трэніровак, таму Расея апошнім часам і выходзіць на перадавыя пазыцыі ў тайскім боксе і сярод аматараў, і сярод прафэсіяналаў. Ва Ўкраіне таксама шмат хто з уладаў павернуты тварам да гэтага спорту. Прыкладам, мэр Адэсы — прэзыдэнт Эўрапейскай фэдэрацыі муай-таю. Я не магу сказаць, што ўлады нас зусім не заўважаюць і зусім не дапамагаюць. Старшыня нашай фэдэрацыі — камандуючы ўнутранымі войскамі, намесьнік міністра ўнутраных спраў Караеў Юры Хаджымуратавіч. Прыкладам, ён вельмі дапамог нам удзельнічаць у мінулым чэмпіянаце сьвету. Ён сабраў шмат сродкаў, каб адправіць у Тайлянд каманду з, здаецца, 14 чалавек. Але, вядома, хацелася б болей увагі і дапамогі.

Ракіцкі: Тайляндзкі бокс, як вы кажаце, гэта пэўная філязофія. Іхняя філязофія. А якое дачыненьне да яе маюць беларусы са сваёй адметнасьцю? У чым ёсьць падабенства, разуменьне яе? Чаму беларусы ўварваліся ў гэтую прастору?

Юры Булат з жонкай Тацянай і дочкамі Кацярынай і Маргарытай на моры
Юры Булат з жонкай Тацянай і дочкамі Кацярынай і Маргарытай на моры

Булат: Напэўна, усё крыецца ў нашай гісторыі. На нашай тэрыторыі шмат войнаў адбывалася. Беларусаў і ў Сярэднявеччы, і пазьней, і ў недалёкім 20-м стагодзьдзі многія чужынцы хацелі заваяваць. Беларусы мужна бараніліся. Беларусы маюць ген ваяроў, яны генэтычна ваяры. Гэта захавалася, і дзякуючы гэтаму мы маем здольнасьці да баявых адзінаборстваў. А яшчэ, магчыма, дзякуючы некалькім асобам, якія ў нашай краіне займаюцца тайбоксам, жывуць ім. Для нас гэта — як глыток паветра.

Ракіцкі: Але ж баліць, калі б’юць...

Булат: А я не зьвяртаю на гэта ўвагі. Мне цікава іншае: як быць лепшым, як перамагчы, як прышчапіць філязофію пераможцы сваім выхаванцам.

Ракіцкі: Вы і вашы калегі — добрыя людзі, ці ваш занятак дадае вам пэўнай агрэсіі?

Булат: Мы розныя. Але ў большасьці сваёй гэта спакойныя, ураўнаважаныя, добрыя людзі. Шмат дурной, як кажуць, энэргіі выходзіць на трэніроўках. Але ёсьць і тыя, якія па жыцьці злыя людзі. Але тут ужо ўзрастае роля трэнэра, каб выхаваць і добрага ваяра, і добрага чалавека. І я стараюся гэта рабіць са сваімі хлопцамі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG