Суд Менскага раёну прысудзіў сёньня намесьніку старшыні КХП-БНФ Юрасю Беленькаму штраф у памеры 25 базавых велічыняў — 3 750 000 рублёў.
На палітыка быў складзены пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства — мітынгу ў Курапацкім лесе на Дзяды 2 лістапада.
Разгляд справы пачаўся яшчэ 3 сьнежня, але некалькі разоў быў пераносіўся.
Судовы працэс вёў судзьдзя Ігар Іглікаў.
«Суд прайшоў у штатным рэжыме, як і два папярэднія за акцыі на Дзяды. Але ў самым канцы я не ўтрымаўся і сказаў суду, што апроч юрыдычнага аспэкту трэба ўлічваць і маральны — „Там людзей нявінных пазабівалі, мы ідзем памянуць, а з нас за гэта грошы бяруць“. Я разумеў, што мне гэта можа пашкодзіць, але ня мог стрымацца. Судзьдзя нават вочы на мяне не падымаў, гледзяў толькі ў свае падрыхтаваныя запісы», — апавёў Юрась Беленькі Радыё Свабода.
«Мне нават незнаёмыя людзі кажуць, што гэтыя суды адбываюцца за мае вострыя выступы на мітынгах. Я думаю, так яно і ёсьць. Ідзе помства за палітычную актыўнасьць, за тое, што праўду кажам. Дык вось каб хоць такую „дробную пакасьць“ робяць», — дадаў палітык.
Гэта трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на Юрася Беленькага за арганізацыю дазволеных уладамі мітынгу і шэсьця ў Курапаты і Лошыцкі Яр 2 і 9 лістапада адпаведна.
Раней два суды ўжо аштрафавалі палітыка на 7,5 мільёна рублёў за шэсьце ў Курапаты і Лошыцу. Штраф па выніках трох судоў складае 11 250 000 рублёў.
Юрась Беленькі запэўніў, што суды і штрафы ня будуць перашкодай для таго, каб праводзіць аналягічныя мітынгі і шэсьці ў наступным годзе.