Інфармацыю пра сяброўства ў БПП арыштаванага прарасейскага прапагандыста Юры Паўлаўца Свабодзе пацьвердзіў старшыня Беларускай партыі працы Аляксандр Бухвостаў.
— Так, затрыманы Юры Паўлавец, сябра незарэгістраванай Беларускай партыі працы, якую я ўзначальваю.
— Як вы ставіцеся да яго затрыманьня?
— Надзвычай нэгатыўна стаўлюся да таго, што яго затрымалі.
— А як вы ацэньваеце тое, што ён пісаў, ягоную дзейнасьць як журналіста прапагандысцкага парталу Regnum?
— Па-першае, трэба чытаць, што ён пісаў. У мяне такое ўражаньне, што яго крытыкуюць, не чытаючы яго тэкстаў. Вазьміце і пачытайце яго артыкулы, і вы зразумееце, пра што ён пісаў. Яго артыкулы былі скіраваныя супраць Лукашэнкі і супраць яго палітыкі.
— Юрыя Паўлаўца вінавацяць у тым, што ён распальваў міжнацыянальную варожасьць. У яго сапраўды ёсьць артыкулы, якія называюцца «Чаму беларусы хочуць ваяваць з Расеяй?», «Навошта ў Беларусі сталі шукаць памагатых “рускага міру”». Як вы гэта можаце пракамэнтаваць?
— Вы ж разумееце, што калі выстройваецца вайсковая палітыка дзяржавы, то аналітыкам на яе трэба рэагаваць. Я чытаю артыкулы шматлікіх аналітыкаў і палітолягаў. Напрыклад, Карбалевіча і іншых. І магу сказаць, што ім таксама цалкам можна інкрымінаваць, што яны прапагандуюць міжнацыянальную варожасьць. Ёсьць палітычная замова. Мяне вельмі зьдзіўляе, што шмат хто скача і радуецца затрыманьню Паўлаўца ды іншых аўтараў. Сёньня іх пасадзяць, заўтра за іншае пачнуць саджаць. Напрыклад, нацыяналістаў альбо тых, хто гаворыць пра сацыяльную няроўнасьць; пасадзяць незалежныя прафсаюзы; тых, хто бароніць працоўных і сее клясавую супярэчнасьць. Няўжо гэта нікому не зразумела? Чаму радавацца, я не магу зразумець.
— Дык вы лічыце, што Юрыя Паўлаўца затрымалі за тое, што пісаў супраць Лукашэнкі?
— Я лічу, што Паўлавец даваў ацэнку палітыцы Лукашэнкі, як ён манэўруе паміж Усходам і Захадам. Кожны мае права на сваю думку. У Паўлаўца няма закліку да гвалту. А вось тыя, хто піша «Сьмерць маскалям!», заклікаюць да гвалту.
— Ці будзе партыя бараніць свайго сябра?
— Так, будзем думаць, як гэта зрабіць. Праблема ў тым, што Беларуская партыя працы, сябрам якой ёсьць Паўлавец, цяпер страціла рэгістрацыю. Але ён таксама ўваходзіць у арганізацыйны камітэт Беларускай партыі працоўных. Таму нам трэба ўзважана падысьці да гэтага рашэньня.