Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці кажаце вы сваім дзецям пяшчотныя словы — есьцікі, піткі, спаткі?


СПАТКІ
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:06:11 0:00

А мо ўнукам? А вам так у дзяцінстве казалі? Хто так гаварыў? А як гэта па-расейску?

Што і як адказвалі менчукі — бачыце на відэа (спойлер: некаторым так казалі ў маленстве). Прыклады адказаў:

Вы знаете, есть такие слова, которые невозможно даже перевести на русский язык, но которые пахнут молоком матери, родины, так что спасибо вам за это.

— Нет... Я из офицерской семьи, там не было деревень, бабушек. После войны сразу родилась, поэтому я таких слов вообще… только когда в школе училась, что-то вспоминается. А так мне такого никто никогда не говорил. Слёзы навернулись...

Вось так — маем зайздроснае моўнае багацьце. Але страчваем яго і праз гістарычныя павароты, і праз уласнае нядбальства.

У беларускай мове памяншальныя і эмацыйныя формы могуць мець ня толькі назоўнікі й прыметнікі (як у парах накшталт рака — рэчка, Пятрок — Петрачок, жвавы — жвавенькі, поўны — паўнюткі). Песьлівыя (ад песьціць; так казаў Ян Станкевіч) у нас бываюць нават дзеясловы, займеньнікі й выклічнікі.

​Першы навукова апісаў вялікі корпус беларускіх памяншальна-песьлівых утварэньняў Яўхім Карскі. Ён вылучыў і такія займеньнікі. Расейская мова такога ня ведае: нікагенька няма; таксама нікагутанька і нікагусенька можна сказаць; саменькую лепшую павыбірала адзежу; самысамюсенькі, увесь — усюсенькі, нехтачкі і нештачкі. Ёсьць і песьлівыя выклічнікі: авохцінькі мне! (ад вох!).

Афіцыйная граматычная завядзёнка абмінае калярытныя дзеясловы, якія з рознымі суфіксамі сустрэнем на ўсёй тэрыторыі беларускае мовы — ад Ілукшты і Дзісны да Рэчыцы і Вяліжа: есьцікі, піткі, спаткі ці спацькі, гуляцькі і хадзіцькі, глядзецькі. Знойдуцца яшчэ больш песьлівыя — есьцічкі, люлячкі, ходанькі, топанькі, есьцюхны, гуляцюхны, спацюхны.

Такія формы, вядома ж, найперш для размовы з малымі дзецьмі. А таксама каб глыбей перадаць пачуцьцё — замілаваньня, уражаньня ад маласьці нечага.

Не „ручонкі“, а ручаняты

Катэгорыя памяншальных і эмацыйных у беларускай мове афармляецца самабытна. Скажам, нашай сучаснай мове не ўласьцівы суфікс назоўнікаў -ушка. Бабуля і дзядуля па-расейску бабушка, дедушка. Цяпер толькі слова дачушка з гэтым суфіксам, а іншыя падобныя — з адметна беларускім -ухна: бацюхна, матухна, братухна, долюхна, зімухна, — нагадвае спэцыяліст у словаўтварэньні Павел Сьцяцко. Такая форма шырокавядомая і ў старабеларускай мове. Славуты плач галодных з Баркулабаўскага летапісу пра голад 1602 году:

Матухна, зязюлюхна, утухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, зьвёздухна, дай крошку хлеба… Спадарыня, перапёлачка, зорухна, зернетка, соўнушка, дай лыжачку дзіцятку варыўца сырога…

(Дарэчы, гэта адзін з доказаў старажытнасьці словаў спадар, спадарыня.)

Хоць гэта і не памяншальныя формы, але словаўтваральныя прыярытэты тыя самыя: не „раскладушка“, а раскладанка, не „легкавушка“, а легкавік.

Так, як назвы маладых істотаў накшталт бусьляняты, утвараюцца і песьлівыя, дзеля звароту да дзіцяці, формы — не „ручонкі“, а ручаняты. І вачаняты. Як у любімай усімі „Калыханцы“ Генадзя Бураўкіна з музыкай Васіля Раінчыка:

Вачаняты закрывай.

Таму і дзяўчаткі, а не „дзяўчонкі“.

Таксама рэдкі ў чарадзе песьлівых словаў суфікс -анька, хіба што ў слове рэчанька. Характэрны для беларускае мовы будзе фармант -ечка / -ачка, як у словах татачка, мамачка, галовачка. Гэта і пра імёны — Волечка, а ня Оленька, як настойваў пісьменьнік і знаўца мовы Ян Скрыган.

Памяншальна-песьлівыя суфіксы разнастайныя:

маленечкі, малюхны, малюпасенькі;

могуць адзін на адзін нанізвацца — розныя або паўтараючыся:

малюпасенечкі;
матуля — матулька — матулечка;
нявеста — нявехна — нявехначка;
кот — каток — каточак.

Ды вось, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба сьсекчы дубок, завезьці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб. (казка „Каток — залаты лабок“)

Памяншальныя суфіксы могуць паўтарацца, утвараючы непаўторны гукапіс. Гэтым у сваёй дзіцячай паэзіі карыстаўся, прыкладам, Васіль Вітка.

​Паэма „Вавёрчына гора“, вавёрчыны дочкі бягуць да хворай мамы:​

І вось перад імі
Новая пацеха:
Дрэва,
А на дрэве — арэхаў, арэхаў!
А сьпяленеча-ча-ча-чкія,
А жаўценеча-ча-ча-чкія,
А паўненеча-ча-ча-чкія,
А на вяршэча-ча-ча-чку, -
Шкада,
Не ўзялі з сабою
Мяшэчачка.

Ня будзьма гультаідламі

Процілеглую ацэнку ці эмоцыю перадаюць павелічальныя суфіксы: дабрэнны, багаценны, вялізманы; халадэча, галаднеча; гультаідла; каніска, вятрыска, агніска, сям’іска. Павел Сьцяцко дакарае ўкладальнікаў афіцыйных слоўнікаў, што тыя абмінаюць такія словы. Сьцяцко падае мноства цытатаў з клясыкаў, напрыклад:

Зірнуў у вакно — аж там за сталом сям’іска… сядзіць, можа, чалавек дваццаць. (Кузьма Чорны)

А я дадам для доказу фрагмэнт песьні „Аксамітны летні вечар“ Сержука Сокалава-Воюша, сьпявае Данчык:

Там, дзе гойдае вятрыска
залаты мурог,
паўставалі камяніскі
ля тваіх дарог…

Беражэма ж іх — і камяніскі, і словы.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG