Мадэль асьвятленьня выбараў у дзяржаўных СМІ не зьмянілася: навінам спорту і прагнозу надвор'я аддаецца больш увагі, чым выбарчай кампаніі. Такія вынікі першага этапу маніторынгу, які праводзіць ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), паведамляе БелаПАН.
Паводле слоў кіраўніка групы маніторынгу Алеся Анціпенкі, выбарчая кампанія праходзіць малапрыкметна яшчэ і таму, што дзяржаўныя СМІ аддаюць ёй значна менш увагі, чым іншым тэмам.
«Акрамя таго, для дзяржаўных СМІ галоўныя ўдзельнікі выбараў, якія апынаюцца ў цэнтры ўвагі, — гэта не патэнцыйныя кандыдаты, а структуры, якія займаюцца арганізацыяй і правядзеньнем выбараў, — сказаў Анціпенка. — Галоўнай дзейнай асобай для дзяржаўных СМІ застаецца Цэнтравыбаркам і камісіі розных узроўняў.
Пры гэтым дзяржаўныя мэдыі нічога не гавораць пра палітычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, і не называюць прозьвішчаў кандыдатаў, за выключэньнем тых выпадкаў, калі рэклямуюць, па сутнасьці, праўладнага кандыдата».
Анціпенка дадаў, што ў некаторых выпадках пра дзейнасьць апазыцыі дзяржаўныя СМІ расказвалі нэгатыўна, але ў параўнаньні з парлямэнцкімі кампаніямі 2008 і 2012 гадоў цяпер у дзяржаўных мэдыях не было «занадта бурнай нэгатыўнай рэакцыі на апазыцыю».
Што да недзяржаўных СМІ, то яны імкнуліся падаваць «пэрсаналізаваную карціну выбарчага працэсу».
«Яны пісалі ня толькі пра дзейнасьць ЦВК, уладаў ці ўчастковых камісіяў па арганізацыі выбараў, але і пра канкрэтных патэнцыйных кандыдатаў, называючы іхнія прозьвішчы, а таксама знаёмілі чытачоў з поглядамі некаторых зь іх. Яны пазьбягалі тэхнічнай інфармацыі пра выбары, якая нецікавая чытачам», — сказаў Анціпенка.