Прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 увёў новыя правілы разьмяшчэньня банкаўскіх дэпазытаў. У чым прычыны зьяўленьня гэтай прававой навацыі? Як яна паўплывае на банкаўскую сыстэму? Ці пачне насельніцтва здымаць рублёвыя ўклады?
Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.
Навошта ўводзяцца новыя правілы разьмяшчэньня банкаўскіх дэпазытаў?
Валер Карбалевіч: «Адным з пунктаў перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі было абяцаньне забараніць «павышэньне старых і ўвядзеньне новых падаткаў на працягу пяці гадоў». Але прайшоў месяц пасьля выбараў, і ўжо ён забыў сваё абяцаньне і ўвёў падатак на банкаўскія ўклады.
Навошта спатрэбіўся гэты дэкрэт № 7, які ўводзіць новыя правілы разьмяшчэньня банкаўскіх укладаў, абкладае 13-працэнтным падаткам даходы ўкладчыкаў ад дэпазытаў?
Зьміцер Крук: «Гаворка пра тое, што беларускія ўкладчыкі знаходзяцца ў досыць прывілеяваным становішчы, вялася даўно. Тая сытуацыя, калі любы ўкладчык меў права цягам пяці дзён забраць свой дэпазыт, ускладняла для банкаў магчымасьць выкарыстаньня гэтых грошай. То бок праблема для банкаўскай сыстэмы існавала.
Але ў гэтым дэкрэце штучна спалучыліся два пытаньні. Пад маркай таго, каб даць банкам магчымасьць больш эфэктыўна выкарыстоўваць грошы, увялі падаткаабкладаньне банкаўскіх дэпазытаў. І не відавочна, якая задача была галоўнай».
Карбалевіч: «Некаторыя экспэрты казалі, што вялікія працэнты на рублёвыя дэпазыты стварылі своеасаблівую фінансавую піраміду, і яна можа абваліцца. Гэта спроба павольна дэмантаваць гэтую піраміду?
Вадзім Іосуб: «Сапраўды, дасюль для беларускіх укладчыкаў былі створаны абсалютна ўнікальныя льготныя ўмовы. Па-першае, адсутнасьць падаткаў на даходы па ўкладах. Па-другое, магчымасьць іх забіраць датэрмінова. Па-трэцяе, гарантыі дзяржавы па вяртаньні любой сумы ўкладаў без абмежаваньняў у любой валюце і без працэнтаў. Выкажу меркаваньне, што нідзе ў сьвеце не было такіх спрыяльных умоваў для ўкладчыкаў.
Як вядома, банкі даюць крэдыты, робяць інвэстыцыі. І, у зьвязку з тым, што банкаўскія ўклады былі кароткія, банкі мелі праблемы. А ўклады маглі быць на тыдзень, на 10 дзён. Таму для банкаў трансфармаваць гэта ў доўгатэрміновыя інвэстыцыі было складана. І для банкаў не было эканамічнага сэнсу ў такіх кароткіх дэпазытах. Задача дэкрэту № 7 — у тым, каб матываваць укладчыкаў на больш доўгатэрміновыя ўклады. Іншае пытаньне — ці пралічана рэакцыя ўкладчыкаў на гэтае рашэньне?».
Як дэкрэт паўплывае на банкаўскую сыстэму?
Карбалевіч: «Вось давайце цяпер якраз і пагаворым, якія магчымыя наступствы для банкаўскай, шырэй — фінансавай сыстэмы будуць не зусім такія, на якія разьлічвалі ўлады. Ці ёсьць для абывацеля сэнс ствараць доўгатэрміновыя рублёвыя ўклады ва ўмовах эканамічнай няпэўнасьці? Ці ня вырасьце ў зьвязку з гэтым попыт на валюту? Як гэта паўплывае на абменны курс беларускага рубля?»
Крук: «Тут ёсьць элемэнт няпэўнасьці. Ва ўмовах інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканьняў даволі цяжка матываваць людзей рабіць доўгатэрміновыя ўклады. Таму адным з наступстваў дэкрэту стане тое, што насельніцтва, замест таго каб рабіць уклады ў банкі, пачне лішнія грошы проста траціць на бягучыя патрэбы. І гэта можа стаць нэгатыўным шокам для банкаўскай сыстэмы. Таму, думаю, гэтае рашэньне несвоечасовае. Можа, трэба было трохі пачакаць.
Яшчэ адно магчымае наступства — павелічэньне долі даляравых дэпазытаў. Плаціць падаткі з даляравых дэпазытаў фізычным асобам будзе прасьцей. Бо ў сувязі з ваганьнямі абменнага курсу рублёвыя дэпазыты маюць, з гледзішча ўкладчыкаў, высокую рызыку».
Калі нават палова ці чвэрць гэтых укладчыкаў вырашыць купляць валюту, то гэта акажа моцны ціск на абменны курс беларускага рубля
Іосуб: «Намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны казаў, што нэгатыўная рэакцыя часткі ўкладчыкаў чакаецца. Пры гэтым ён выказаў надзею, што нэгатыўнага ўплыву на ліквіднасьць банкаўскай сыстэмы гэта ня зробіць. Але наколькі ўвогуле магла быць пралічана рэакцыя насельніцтва?
Сёньня 80% рублёвых укладаў — кароткатэрміновыя. То бок дэкрэт вымушае перагледзець свае паводзіны 80% уладальнікаў укладаў. Яны будуць вымушаныя рабіць выбар: альбо ствараць доўгія ўклады, альбо купляць валюту. І калі нават палова ці чвэрць гэтых укладчыкаў вырашыць купляць валюту, то гэта акажа моцны ціск на абменны курс беларускага рубля. Але нейкія высновы можна будзе рабіць толькі пад канец вясны наступнага году».
Рызыка зьняцьця рублёвых укладаў
Карбалевіч: «А можа здарыцца так, што, пачуўшы гэтую навіну, палова ці чвэрць гэтых укладчыкаў пойдуць у банкі здымаць свае рублёвыя дэпазыты? Якія гэта будзе мець наступствы для банкаўскай сыстэмы?»
Крук: «Ня думаю, што пра такія маштабы можа ісьці гаворка. І нават калі такі працэс і будзе мець месца, ён будзе павольны, расьцягнецца на ўвесь наступны год. Але, думаю, будзе дамінаваць іншая рэакцыя насельніцтва: пераафармленьне рублёвых укладаў у валютныя. Таму гэта не паўплывае моцна на ліквіднасьць банкаўскай сыстэмы.
Наступствам гэтага працэсу стане тое, што банкі будуць браць на сябе дадатковыя валютныя рызыкі. Але гэтая праблема ўзьнікне праз 2–3 гады.
Яшчэ адна праблема. Пераафармленьне рублёвых укладаў у валютныя стане дадатковай нагрузкай на валютны рынак. Гэта можа прывесьці да аслабленьня беларускага рубля».
Іосуб: «Зьвярну ўвагу на яшчэ адно наступства. Апошнім часам Нацбанк спрабуе вырашыць задачу дэдалярызацыі эканомікі. І дасюль 70% банкаўскіх укладаў было ў валюце. А пасьля гэтага дэкрэту валютная доля яшчэ больш вырасьце. Гэта прывядзе да пагаршэньня эфэктыўнасьці працэнтнай палітыкі Нацбанку. То бок працэнтныя стаўкі Нацбанку будуць менш уплываць па рублёвых інструмэнтах, калі і пасіўныя, і актыўныя апэрацыі банкаў будуць усё больш далярызавацца».