Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменіцца пасьля дэкрэту аб падатках на прыбыткі ад дэпазытаў


У сувязі з новым дэкрэтам прэзыдэнта № 7 «Аб прыцягненьні грашовых сродкаў ва ўклады» ад 11 лістапада 2015 году фізычныя асобы, якія маюць прыбытак ад «кароткіх» дэпазытаў, будуць плаціць падатак у 13%. Як кажуць у Нацбанку, мэта дэкрэту — стымуляваць «доўгія» ўкладаньні фізычных асобаў. Намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны, прадстаўляючы дэкрэт журналістам, спасылаўся на сусьветную практыку. Маўляў, прыбытак ад дэпазытаў — такі самы прыбытак, таму падатак зь яго плацяць і ў Заходняй Эўропе.

Дэпазыты стануць адклікальныя і безадклікальныя

Безадклікальныя дэпазыты, пры якіх грошы нельга забраць датэрмінова, даюць большы прыбытак, стаўка па іх будзе на ўзроўні 25–30%. Праўда, у выключных выпадках банкі будуць мець магчымасьць выдаць грошы датэрмінова. Даваць вызначэньні такім выпадкам прадстаўнік Нацбанку адмовіўся, але мяркуе, што гэта могуць быць, напрыклад, трагічныя абставіны ў сям’і, калі тэрмінова патрэбныя грошы. Такія рашэньні банк будзе прымаць самастойна, і яны ня будуць мець сыстэмны характар.

Адклікальныя дэпазыты даюць права забіраць грошы датэрмінова, але і стаўка па іх ніжэйшая — 20–25%.

Плаціць будуць тыя, хто ня хоча пакідаць грошы ў банку надоўга

Абавязак вылічваць, утрымліваць і пералічваць падатак у бюджэт ускладзены на банк.

Падатак у 13% з прыбытку на дэпазыты трэба будзе плаціць пры наступных умовах:

— Грашовыя сродкі ў беларускіх рублях разьмешчаныя на тэрмін менш як 1 год;

— грашовыя сродкі ў замежнай валюце разьмешчаныя на тэрмін менш за два гады;

— прыбыткі налічаныя па працэнтнай стаўцы, якая перавышае памер працэнтнай стаўкі па банкаўскім укладзе і дэпазыце «да запатрабаваньня»«;

— прыбытак выплачаны пасьля 1 красавіка 2016 году.

Абавязак вылічваць, утрымліваць і пералічваць падатак у бюджэт ускладзены на банк. Падаваць дэклярацыю на гэты прыбытак і пазначаць яго ў Дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці ўкладчыку ня трэба.

Стаўкі па адклікальных дэпазытах зьнізяцца на 3–4%

Дзеяньне дэкрэта будзе пашырацца толькі на новыя ўклады. Калі ў вас ёсьць дэпазыт, дамова на які заключаная да 12 лістапада 2015 году, ён дзейнічае на «дадэкрэтных» умовах. Праўда, раней дэпазыт можна было працягваць. Але абыйсьці такім чынам дэкрэт ня ўдасца. Нават калі ў банку ўжо быў ваш уклад, пакласьці тыя самыя грошы зноў на дэпазыт можна будзе ўжо на новых умовах.

Верагодна, банкі скарыстаюцца магчымасьцю зьнізіць працэнты па «адклікальных» дэпазытах, калі гэта прадугледжана дамовай па «дадэкрэтных» укладах.

«Бо па адклікальным укладзе плаціць 28% лёгікі няма. Дапускаю, што на пару-тройку працэнтаў стаўкі па гэтых дэпазытах будуць паніжаныя ў межах дамовы», — выказаў меркаваньне намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны.

Людзі пабягуць забіраць свае ўклады, але хутка вернуцца па новыя прыбыткі і новыя банкаўскія прадукты, — спадзяецца Нацбанк

Любая навацыя заўжды ўспрымаецца крытычна. На першым этапе, пакуль усе зразумеюць асаблівасьці, пэўная частка людзей уклады будзе забіраць.

«Безумоўна, любая навацыя заўжды ўспрымаецца крытычна, — кажа Тарас Надольны. — На першым этапе, пакуль усе зразумеюць асаблівасьці, пэўная частка людзей уклады будзе забіраць. З пункту гледжаньня ліквіднасьці банкаўскай сыстэмы праблем асаблівых няма». Надольны запэўнівае, што прадстаўнікі Нацбанку сустракаліся з банкамі і пераконвалі, што грошы ўкладчыкам трэба вяртаць.

«Але насельніцтва зразумее, навошта губляць у прыбытковасьці, — спадзяецца на лепшае Надольны. — Насельніцтва пойдзе на доўгія дэпазыты. Аб’ём, можа, і не павялічыцца, але структура будзе мяняцца».

Каб прыцягнуць людзей у банкі, банкам самім давядзецца варушыцца.

«Банкі будуць зацікаўленыя прапанаваць насельніцтву прадукт, можа, абсалютна новы, не заснаваны на дэпазытнай прыродзе, які дазволіць прыцягнуць дадатковыя рэсурсы ў насельніцтва, — прагназуе Надольны. — Гэтая мера дазволіць запусьціць альтэрнатыўныя элемэнты фінансавага рынку».

Зьменіцца структура рынку дэпазытаў

Цяпер уклад можна будзе працягнуць толькі на новых умовах. А вось папоўніць па-ранейшаму можна, калі дамова гэта дазваляе.

Цяпер прыблізна 80 працэнтаў усіх рублёвых дэпазытаў — «кароткія», яны маюць тэрмін да аднаго году. І толькі 20 працэнтаў укладаў разьмяшчаюцца на большы тэрмін. Пры гэтым палова рублёвых дэпазытаў разьмяшчаецца тэрмінам да 3 месяцаў, а пасьля працягваецца. Цяпер уклад можна будзе працягнуць толькі на новых умовах. А вось папоўніць па-ранейшаму можна, калі дамова гэта дазваляе.

У валютных дэпазытах сытуацыя іншая: 60% — «кароткіх» і 40% «доўгіх». Ёсьць нават валютныя ўклады на тэрмін больш як два гады.

Як кажуць у Нацбанку, атрыманьне прыбытку ў бюджэт зусім не было мэтай увядзеньня дэкрэту. Больш за тое, на думку Надольнага, сума гэтых прыбыткаў будзе нязначная. Галоўная выгада для ўсёй фінансавай сыстэмы — калі ўдасца матываваць людзей пакідаць грошы ў банку надоўга і не патрабаваць іх назад датэрмінова.

Беларускія ўкладчыкі ў Расею не пабягуць, лічыць Нацбанк

Нацбанк не баіцца, што пасьля ўвядзеньня дэкрэту ў сілу ўмовы ў Расейскай Фэдэрацыі па дэпазытах стануць выглядаць для беларусаў больш прывабна.

Наступствы на фоне санкцыйных рэчаў і стопрацэнтная дэвальвацыя расейскага рубля — гэта ня час прымаць такія рашэньні.

«РФ сёньня вельмі бурна абмяркоўвае зьмены падыходаў па падаткабкладаньні па дэпазытах унутры Расеі. Маштаб краіны большы. Наступствы на фоне санкцыйных рэчаў і стопрацэнтная дэвальвацыя расейскага рубля — гэта ня час прымаць такія рашэньні. Я абсалютна перакананы, што Расея таксама прыйдзе да такога рашэньня. У Заходняй Эўропе ўсе падаткі абкладаюцца. Думаю, мы інтэгруемся, будуць супольныя падыходы. Цяперашнія падыходы Расеі наўпрост не перашкаджаюць, — кажа Тарас Надольны. — Але здаровая канкурэнцыя. Беларускі фінансавы рынак мусіць нешта прапаноўваць сваім удзельнікам, каб не дазволіць адтоку ўкладаў у расейскую фінансавую сыстэму».

Паводле Надольнага, стаўкі ў расейскіх банках у нацыянальнай валюце — да 10–10,5 %, а ў замежнай валюце — 4–6%, і гэта адэкватна беларускім стаўкам. Таму істотнай праблемы Нацбанк тут пакуль ня бачыць.

Заплацяць і «дармаеды», і пэнсіянэры

Дэкрэт ня робіць выключэньняў для асобных груп грамадзян. Плаціць падатак на прыбытак з дэпазытаў будуць усе. Але з дэпазытам пры пэўных умовах можна пазбавіцца падатку «на дармаедзтва». Праўда, толькі з 2017 году.

«Сплата збору (на прыбытак ад дэпазытаў — РС.) будзе ў 2016 годзе. Будуць зьвяртаць увагу на прыбыткі 2015 году. У 2015 годзе, калі мы кажам пра падаткаабкладаньне па ўкладах і дэпазытах, сёньня сплаты падаходнага падатку няма. Калі грамадзянін разьмяшчае грошы па ўкладах у дэпазытах, атрымлівае працэнты і ня сплачвае падатак, больш не займаецца ніякай працоўнай дзейнасьцю, падатак ня плаціць, то такі грамадзянін будзе прызнавацца асобай, якая ня ўдзельнічае ў фінансаваньні расходаў дзяржавы, і, адпаведна, будзе прыцягвацца да сплаты збораў (за дармаедзтва — РС.).

Падаткаабкладаньню будуць падлягаць прыбыткі па дамовах, заключаных з 12 лістапада. А прыбыткі па гэтых дамовах будуць выплачвацца і падлягаць падаткаабкладаньню з 1 красавіка 2016 году.

Паводле дэкрэту падаткаабкладаньню будуць падлягаць прыбыткі па дамовах, заключаных з 12 лістапада. А прыбыткі па гэтых дамовах будуць выплачвацца і падлягаць падаткаабкладаньню з 1 красавіка 2016 году.

Калі асоба ня ўдзельнічае ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў, але сплачвае падатак, сума якога перавышае 20 базавых велічыняў, то ў 2017 годзе збор за «дармаедзтва» зь яе спаганяцца ня будзе, — патлумачыла намесьніца міністра па падатках і зборах Сьвятлана Шаўчэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG