Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які вынік змаганьня за Курапаты можна лічыць перамогай?


Ці гатовыя ўлады ісьці на пэўныя кампрамісы ў справе Курапатаў і як можна выглядаць прымальнае для ўсіх бакоў рашэньне? Ці здольныя ўлады да палітычнага пакаяньня за мінулае і як яны трактуюць тэму масавых рэпрэсіяў? Які вынік процістаяньня ў Курапатах дэмакратычная грамадзкасьць можа назваць сваёй перамогай, а які — кампрамісам?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Сёньня, 1 сакавіка, на прыём да старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца прыйшлі чатыры актывісты абароны Курапатаў. Вынікі сустрэчы Павал Севярынец назваў баявой нічыёй: будаўнічыя працы каля Курапатаў прыпыненыя на тыдзень, лягер застаецца.

А як, па-вашаму, можа выглядаць ідэальнае, найлепшае рашэньне для абаронцаў Курапатаў і дэмакратычнай грамадзкасьці?

Беленькі: Я б назваў гэта так — ідэальным і законным рашэньнем. Патрэбна аднаўленьне законнасьці. Я нагадаю, што спачатку была прададзеная з аўкцыёну зямля, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў, потым праз пэўны час гэтую зямлю вывелі з ахоўнай зоны, і цяпер пачалі там будаўніцтва. Першае, што павінна зрабіць дзяржава зь яе інстытуцыямі, у тым ліку пракуратурай, — гэта аднавіць законнасьць.

Па-першае, спыніць незаконнае будаўніцтва. Па-другое, правесьці расьсьледаваньне, чаму службовыя асобы прынялі такое рашэньне. Калі там ёсьць службовыя дзеяньні, якія не адпавядаюць заканадаўству — заводзіцца крымінальная ці адміністратыўная справа.

А ўжо потым — бо праблема выйшла вельмі шырока, на грамадзкі і міжнародны ўзровень — тады ўжо ўлада мусіць зьбіраць круглы стол і далажыць людзям, што зроблена і што трэба рабіць, каб не дапусьціць такога ў будучыні.

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

Цыганкоў: А што наконт мэмарыялу ў Курапатах, пра які ўжо гавораць і прадстаўнікі ўлады, і дзяржаўныя журналісты? Ці варта тут сьпяшацца? Бо ёсьць меркаваньне, што пры гэтай уладзе гэты мэмарыял наўрад ці атрымаецца ўдалым.

Беленькі: Нядаўна ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня» быў апублікаваны «круглы стол» на гэтую тэму. Там ёсьць некалькі пасылаў ад галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча. Адзін зь іх — пра мэмарыялізацыю Курапатаў. Маўляў, няважна, хто там расстрэльваў, бо там і расстрэльшчыкі ляжаць, ня трэба ніякага пакаяньня.

Што ўлада можа зрабіць? Не перашкаджаць і дапамагчы ў захаваньні мэмарыялу.

Цалкам праігнаравана тое, што народны мэмарыял там даўно створаны. Людзьмі. За гэтыя 30 гадоў, калі ўлада практычна нічога там не рабіла, самі людзі ўсталёўвалі там крыжы, даглядалі гэтае месца, часта насуперак дзеяньням улады. Што ўлада можа зрабіць? Не перашкаджаць і дапамагчы ў захаваньні мэмарыялу.

Бо што найбольш уражвае ў Курапатах? Я шмат гадоў назіраю, калі людзі прыходзяць першы раз. Гэта натуралізм гэтага ляндшафту, ямы. Людзі проста змаўкаюць і ідуць зь іншым адчуваньнем гэтага месца. І гэта трэба захаваць. Бо ёсьць вялікая небясьпека, што калі яны пачнуць «мэмарыялізаваць», зальюць гэта бэтонам — і гэта будзе падстава зьнішчыць народны мэмарыял, які даўно існуе.

Мацкевіч: Адзін аспэкт — гэта права, законнасьць і карупцыйнасьць схемы, паводле якой гэты кавалак зямлі быў выведзены з ахоўнай зоны і аддадзены пад забудову. Бо калі адбываўся аўкцыён, гэты кавалак без усялякіх узгадненьняў раптам зьнік з ахоўнай зоны. З гэтай нагоды Антон Астаповіч ужо падаў скаргу ў пракуратуру і КДБ.

Другі працэс — гэта тое, за што 30 гадоў змагаецца Народны Фронт: за мэмарыял Курапаты. І ўлада заўсёды гэтаму замінала, не прызнаючы адказнасьці дзяржавы за гэта. Сёньня ўлады вуснамі Паўла Якубовіча прызнаюць гэты мэмарыял як месца смутку, жалю і трагедыі. І варта скарыстацца гэтай нагодай. Знайсьці пэўнае паразуменьне, кампраміс, і ўладкаваць і замацаваць дзяржаўны статус за Курапатамі.

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Цыганкоў: А хіба ён даўно ўжо не замацаваны афіцыйна ў многіх дакумэнтах?

Мацкевіч: Нібыта так, і нібыта не. І гэта звычайная пазыцыя нашай дзяржавы — мітусіцца паміж вашых і нашых. І гэта было відаць па гэтым круглым стале, які арганізаваў Якубовіч. Там сапраўды, як казаў Юрась, прасочваецца жаданьне ператварыць Курапаты проста ў «могілкі». Але нам цяпер трэба дабіцца ўстаноўкі агароджы, плота, зрабіць яго дзяржаўным мэмарыялам.

Зыходзіць трэба з таго, што гэта павінен быць мэмарыял антысталінізму. І сёньня як ніколі спрыяльны час, каб гэтага дамагчыся

Трэба дамагацца таго, каб камісія па ўшанаваньні ахвяраў рэпрэсіяў была створана з удзелам грамадзкасьці. Больш за тое, каб узначаліў яе не чыноўнік, а грамадзкі дзяяч — можа, ня самы радыкальны. Але ж удзел грамадзкасьці, тых валянтэраў, добраахвотнікаў, якія несьлі цяжар змаганьня за Курапаты ўсе гэтыя гады, абавязкова павінен быць.

Інакш улады перададуць гэта ўсё БРСМ — і мы ведаем, як камсамольцы на суботніках робяць гэтыя рэчы. Ня трэба аддаваць ініцыятыву выбару праекту дзяржаўнай камісіі — гэта павінна быць грамадзка-дзяржаўная камісія. І тут павінен быць «ідэальны» варыянт з боку грамадзкасьці і аптымальны, за які можна пратаргавацца і пайсьці на пэўныя кампрамісы. Але зыходзіць трэба з таго, што гэта павінен быць мэмарыял антысталінізму. І сёньня як ніколі спрыяльны час, каб гэтага дамагчыся.

Цыганкоў: Так, улада фармальна абвясьціла курс на пэўную лібэралізацыю, «дыялёг» з грамадзтвам. Ці сапраўды гэта дае шанцы грамадзтву адстаяць свае пазыцыі?

Беленькі: Тут і ёсьць небясьпека. Пачытайце ўважліва, што кажа той жа Якубовіч. Маўляў, ня трэба палітызаваць, няважна, хто страляў і хто забіты. Шмат добрага было і ў Савецкім Саюзе. Якраз трэба палітычнае пакаяньне. Ёсьць палітычныя спадкаемцы тых забойцаў, людзі, якія прымаюць прысягу каля помніка Дзяржынскаму, хто ставіць сёньня помнік Леніну.

Ня важна, хто гінуў, кажа Якубовіч. Расстрэльвалі прадстаўнікі канкрэтнай ідэалёгіі. Гэтая ідэалёгія ў многіх нашых суседзяў прызнаная чалавеканенавісьніцкай, яе сымболіка забароненая. Нацысты таксама гінулі на тэрыторыі Беларусі. Хіба можам мы іх параўноўваць з тымі, хто зь імі змагаўся?

Цыганкоў: Можна пагадзіцца, што цяперашнія ўлады ў пэўнай ступені — палітычныя спадкаемцы тых, хто расстрэльваў у Курапатах. Але што з гэтага вынікае ў практычных дзеяньнях? Пакуль улада ня зьмененая — трэба ж неяк зь імі дамаўляцца?

Беленькі: Трэба не пускаць у Курапаты тых людзей, якія не зрабілі пакаяньня. Адмовіцца ад гэтай палітыкі і сказаць, што такога больш ніколі ня можа быць. Рэпрэсіі пачаліся з 20-х гадоў, як толькі на гэтай тэрыторыі была ўсталяваная ўлада Расеі.

Мэта іх на сёньня — затушаваць гэтыя рэпрэсіі, прыхаваць іх. Гаворка можа быць толькі такім чынам — аднаўляйце законнасьць, гэта першае. Другое. Народны мэмарыял даўно створаны народам. Пусьціце хаця б нарад міліцыі, які будзе лавіць вандалаў, якія там зьяўляюцца. Бо мы ловім вандалаў, здаём іх у міліцыю, а іх адпускаюць. Вось дзе рэальнае стаўленьне ўладаў да Курапатаў.

Мацкевіч: Я цалкам згодны з патасам і агульнымі меркаваньнямі Юрася. Але тактычна я б прапанаваў іншую пасьлядоўнасьць дзеяньняў. Я заклікаў Якубовіча, каб ён параіў міністру ўнутраных спраў Шуневічу прыйсьці ў Курапаты на Дзень міліцыі і ўшанаваць палеглых там ахвяраў. Адмовіцца ад той формы НКВД, якую ён надзяе на сьвяты. Калі міністар ад гэтага не адмаўляецца, калі ён гэтага не прызнае, то ўсе тыя дзеяньні супраць апазыцыі, народу, супраць Курапатаў — яны будуць працягвацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG