Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі паведаміў, што на краўдфандынгавай плятформе Talaka.by пачынаецца збор грошай для ўсталяваньня 120 новых крыжоў.
Праект Народны мэмарыял "Курапаты" стартаваў сёньня раніцай.
Трэба сабраць 10 тысяч рублёў.
«Кожная капейчына будзе ўлічаная, справаздачу дамо» - сказаў Свабодзе Алесь Чахольскі.
"На працягу апошніх 20-ці гадоў, нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, у Курапатах ўсталяваныя больш за 1000 крыжоў і іншыя мэмарыяльныя знакі, праведзены сотні талокаў па ўпарадкаваньню тэрыторыі пахаваньняў на дзесятках гектараў лесу, выдаюцца дзесяткі тысячаў інфармацыйных матэрʼялаў. Усё гэта зроблена на народныя ахвяраваньні" - гаворыцца ў апісаньні праекту.
"Каб працягнуць гэтую працу небходна сабраць 10 000 рублёў. На гэтыя сродкі плянуем закупіць неабходныя матэрыялы (мэтал, фарбу), правесьці рэзку і зварку, вырабіць і ўсталяваць 120 мэталічных крыжоў. Гэтым мы правядзем рэканструкцыю крыжовага пэрыметру Народнага Мэмарыяла. Заклікаем хутка і якасна зрабіць нашу агульную беларускую справу" - напісалі ініцыятары збору сродкаў.