Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для сэпаратыстаў мы здраднікі, для „мацерыковых“ — канкурэнты за кавалак хлеба» — як выжываюць уцекачы ва Ўкраіне


Такой Станіцу Луганскую пакінулі Ўкраіне сэпаратысты
Такой Станіцу Луганскую пакінулі Ўкраіне сэпаратысты

Міжнародныя назіральнікі папярэджваюць пра новую эскаляцыю канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Да раёнаў, дзе пражывае цывільнае насельніцтва, прарасейскія сэпаратысты падцягваюць цяжкія ўзбраеньні, што наўпрост парушае Менскія дамоўленасьці. Паўзы паміж абстрэламі дзень пры дні скарачаюцца.

Для сотняў тысяч чалавек, якія пакінулі родныя мясьціны цягам двух апошніх гадоў, спадзевы на вяртаньне ператвараюцца ў прывідныя. Выглядае, што рэгулярныя сустрэчы ў Менску Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе збольшага абмяжоўваюцца дэклярацыямі. А гэта азначае рызыку чарговай хвалі ўцекачоў.

Між тым Украіна ўжо цяпер займае чацьвёртае месца ў сьвеце па колькасьці вымушаных перасяленцаў — сьледам за Емэнам, Сырыяй і Іракам. Больш за 1 мільён 600 тысяч пераехалі на мацерыковую частку з анэксаванага Крыму і акупаваных Данецкай і Луганскай абласьцей, яшчэ звыш 320 тысяч выехалі за межы, найперш у Расею і Беларусь.

Новыя «гаспадары ДНР» у контраматэрыялах украінскіх СМІ
Новыя «гаспадары ДНР» у контраматэрыялах украінскіх СМІ

Ні сама Ўкраіна, ні бліжэйшыя суседзі аказаліся не гатовыя годна сустрэць пацярпелых ад ваенных дзеяньняў. Расея намагаецца загнаць іх недзе далей, пераважна ў рэгіёны Сыбіры. Беларусь хоць і прымае, але практычна ніякай дапамогі не аказвае, выжываньне становіцца праблемай кожнага. Украіна ж занадта зьнясіленая, каб забясьпечыць элемэнтарныя выгоды такой колькасьці народу.

Гісторыя Сяргея Целіжэнкі, дасьведчанага археоляга, наглядна дэманструе, як амбіцыі палітыкаў ламаюць лёсы людзей, якія хацелі жыць і прыносіць карысьць грамадзтву.

Станіца Луганская пасьля расейскіх абстрэлаў
Станіца Луганская пасьля расейскіх абстрэлаў

«„Ветлівыя людзі“ выкінулі з Крыму, а потым з роднага Луганску»

46-гадовы Сяргей Целіжэнка родам з Луганску, скончыў факультэт усясьветнай гісторыі Нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі, кандыдат гістарычных навук. Апошнія гады ў якасьці супрацоўніка Інстытуту археалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны працаваў на раскопках у Крыме. Аж да таго часу, пакуль там не зьявіліся «ветлівыя людзі» «міратворца» Пуціна. Пасьля рэфэрэндуму аб пераходзе паўвострава пад Расею была прапанова служыць новым уладам. Але ён катэгарычна адмовіўся — і перавёўся ў новаствораны аддзел крымскай археалёгіі ў Кіеў.

Тым часам родны Луганск, дзе ў абласным краязнаўчым музэі працавала жонка, а ў мэдычным унівэрсытэце вучылася дачка, паступова бралі ў аблогу сэпаратысты пад началам расейскіх «добраахвотнікаў». Давялося тэрмінова вяртацца з Валыншчыны, куды камандзіравалі з дасьледніцкай экспэдыцыяй, каб забраць сямʼю і пад снарадамі «штурмаваць» адзін з апошніх цягнікоў на Кіеў. «Безь перабольшаньня, уцякалі голыя і босыя», — кажа Сяргей. Ад ліпеня 2014 году ў горадзе ён больш ня быў. Што стала з кватэрай, маёмасьцю — невядома.

Сяргей Целіжэнка на раскопках пад Паштовай плошчай у Кіеве
Сяргей Целіжэнка на раскопках пад Паштовай плошчай у Кіеве

Днямі зь Сяргеем Целіжэнкам сустрэліся на падземных раскопках у самым цэнтры Кіева, гэта раён Падолу. На месцы ўзьвядзеньня гандлёвага цэнтру на Паштовай плошчы будаўнікі наткнуліся на артэфакты, якія пазьней былі суаднесеныя з часамі Кіеўскай Русі. Дзеля распрацоўкі тысячагадовага пласта нават давялося ахвяраваць адным з выхадаў мэтро, а царква Раства Хрыстова, вядомая яшчэ як Шаўчэнкаўская (тут кіяўляне разьвітваліся са сваім кабзаром Тарасам Шаўчэнкам), над раскопкамі навісае літаральна ў паветры. Пасьля таго як кожны квадратны мэтар верхняга ярусу будзе дасканала вывучаны, археолягі маюць заглыбіцца яшчэ на 5 мэтраў.

Каб плаціць за найманую кватэру, Сяргей яшчэ і выкладае — заробку археоляга (у эквіваленце не нашмат больш за 100 даляраў) хапае толькі на сьціплае харчаваньне. Навучае студэнтаў Таўрыйскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Вярнадзкага, які пасьля акупацыі Крыму вымушана зьмяніў прапіску на кіеўскую.

Шаўчэнкаўская царква на Падоле
Шаўчэнкаўская царква на Падоле

Нядаўна атрымаў шанец вярнуцца бліжэй да родных мясьцін, у Краматорск — выйграў конкурс на пасаду дырэктара Данецкага краязнаўчага музэю ў выгнаньні. Але кажа, што адсутнасьць хоць нейкай уцямнай пэрспэктывы прымусіла адмовіцца ад адміністрацыйнай працы:

«Як разумею, ім трэба было, найхутчэй, зрабіць палітычны жэст — перавесьці ўстанову з акупаванай тэрыторыі пад юрысдыкцыю Ўкраіны. Нібыта ўсё зрабілі як мае быць: знайшлі бухгальтара, абвясьцілі конкурс на пасаду дырэктара. Я ўзяў удзел, выйграў. Прыехаў туды, расказаў, паказаў, якой бачу канцэпцыю разьвіцьця на бліжэйшыя гады. Але ўрэшце адмовіўся ад гэтай пасады. Неяк несурʼёзна падалося. Да таго ж, адпачатку ішла гаворка, што ёсьць будынак музэю, а потым высьветлілася, што толькі ў праекце. Нарэшце, давялося б кідаць Акадэмію навук, бо кантракт падпісваецца адразу на 5 гадоў. Дый нават проста — дзе ў тым Краматорску жыць? А потым паглядзеў, што і асяродзьдзе, мякка кажучы, не ў захапленьні ад маёй кандыдатуры, ведаючы маю пазыцыю».

«Жыць ва Ўкраіне, а думаць пра заробкі ў Расеі»

Як кажа Сяргей Целіжэнка, канчатковае рашэньне прымалася на сямейнай радзе. З аднаго боку, сумнеўнае само па сабе падвышэньне ў статусе: на ўвесь час фармаваньня калекцыі катэгорыя музэю будзе самая нізкая, адпаведна, заробак нават меншы, чым цяпер. Зь іншага — пераезд у мясьціны, якія нагадваюць пра дом. Але кропку паставіў сам кандыдат на дырэктара: «Які рэзон вяртацца туды, адкуль, уласна кажучы, цікалі?» Тым больш, што суседзтва з сэпаратыстамі ў памежных рэгіёнах не прайшло незаўважаным:

Савецкі антураж Краматорску
Савецкі антураж Краматорску

«Адна сяброўка, зь якой мы знаёмыя зь дзяцінства і разам працавалі, цяпер жыве ў Шчасьці. Там ішлі вельмі жорсткія баі, зрэшты, пастаянныя абстрэлы і цяпер. Дык вось уладкавалася настаўніцай фізыкі, у той жа школе вучацца двое малалетніх дзяцей. І так атрымалася, што яе пачалі ненавязьліва выштурхоўваць. У выніку ўсё ж выперлі, нягледзячы на тое, што выкладчыкаў не хапае, усе паразьбягаліся. Аказалася, пазыцыя мясцовых, нават у настаўніцкім асяродзьдзі, не супадае з тым, што думае і гаворыць яна. Калі адкрытым тэкстам, тых, хто зьехаў з акупаванага Луганску, наўпрост лічаць здраднікамі ідэалам Наваросіі, Пуціна, ня ведаю чаму і каму яшчэ. То бок на памежжы настроі далёка не праўкраінскія, прынамсі не ўва ўсіх. Нават зайздрасьць: маўляў, туды ідзе гуманітарка, заробкі ў расейскіх рублях. Хоць памры — Расея, больш нічога».

Як кажа Сяргей Целіжэнка, жыхары Данбасу, якія не захацелі быць пад «апекай» самаабвешчаных правіцеляў ДНР і ЛНР, апынуліся ў далікатным становішчы: акупацыйныя адміністрацыі наўпрост лічаць іх здраднікамі і занесьлі ў чорны сьпіс ворагаў народу, а на ўкраінскай частцы іх нярэдка ўспрымаюць як канкурэнтаў — маўляў, «панаехалі»:

Сяргей Целіжэнка на раскопках пад Паштовай плошчай у Кіеве
Сяргей Целіжэнка на раскопках пад Паштовай плошчай у Кіеве

«Часта зусім не разумею, што ў людзей у галовах. Нейкі час жыў, капаў у Старабельску — туды, дарэчы, перанесьлі краязнаўчы музэй з Луганску. Хоць там базуецца батальён „Айдар“, — тое ж самае. Сельская акруга быццам і ўкраінамоўная, але як замбаваныя — „Расея, Расея“. Езьдзілі туды на заробкі, цяпер перасталі, бо не пускаюць. І сядзяць плачуць: а што ж рабіць? Ды ў Кіеў едзьце, працы навалам! Элемэнт сэпаратызму праскоквае нават у размовах з музэйнікамі. Езьдзілі, кажа адзін, у Станіцу Луганскую, бачылі, як сябе паводзіць украінская армія. У тым сэнсе, што апраўдваюць расейцаў: маўляў, усе адным мірам мазаныя. Прабачце, але тут той выпадак, калі нельга выбіраць нэўтральную пазыцыю: ты або за агрэсара, або супраць. Чорнае ці белае, ніякіх шэрых адценьняў, вызначайцеся».

Паводле навукоўца, прыкардоннае насельніцтва знаходзіцца ня толькі пад няспынным артылерыйскім абстрэлам, а і прапагандысцкім. Нават калі расейскія тэлеканалы не дабіваюць наўпрост, у бальшыні жыхароў ёсьць спадарожнікавыя «талеркі» з поўным пакетам «вешчуноў-агітатараў». Тэлевежа на гары Карачун пад Славянскам была зьнішчаная яшчэ пазалетась і пазбавіла ўкраінскага эфірнага вяшчаньня значную тэрыторыю Данецкай вобласьці. Жыхары, часьцяком адрэзаныя і ад інтэрнэту, па сутнасьці, на некалькі гадоў засталіся ў безальтэрнатыўнай прасторы. У мінулым месяцы вежу адбудавалі, але страчанага часу ня вернеш.

Падземныя раскопкі на Падоле
Падземныя раскопкі на Падоле

«Пакашмарыць» жыхароў, каб запусьціць «міратворцаў»

Як кажа Сяргей Целіжэнка, некалькі ягоных сяброў і калегаў, зь якімі доўга і плённа працаваў у Крыме, таксама вярнуліся ва Ўкраіну. Хтосьці жыве ў Краматорску, хтосьці ў Станіцы Луганскай. Сьцьвярджаюць, што дэкляраванага «замірэньня» не было практычна ніколі:

«Кажуць, што хоць адзін мінамётны стрэл, але з боку ЛНР зробяць. Ну, а як? Трэба ж „пакашмарыць“ людзей, прымусіць нэрвавацца. Зрэшты, гэтак жа два гады таму захоплівалі і Луганск з Данецкам. Для пачатку „кашмарылі“ жыхароў. Задача — цягам 2–3 дзён пасеяць паніку, напусьціць крыві, каб загінула больш цывільных. А потым адкуль ні вазьміся — прыехалі „мірныя людзі“ з Расеі і ўсталявалі парадак. Ды, канечне, пасьля гэтага скажуць: хай хоць хто-небудзь застанецца, абы не было вайны. Вось так яны дабіваюцца прызнаньня з боку мясцовага насельніцтва...»

Тым часам ёсьць зусім іншыя прыклады супраціву экспансіі «русского мира». У адным з такіх праектаў Сяргей Целіжэнка задзейнічаны непасрэдна — у якасьці выкладчыка крымскага Таўрыйскага нацыянальнага ўнівэрсытэту, які сёлета перарэгістраваны на неакупаванай тэрыторыі:

На кіеўскай вуліцы
На кіеўскай вуліцы

«У Кіеў з Сымфэропаля пераехаў доктар філялягічных навук, прафэсар, акадэмік Крымскай акадэміі навук Уладзімер Казарын. А разам зь ім і частка калектыву. Ён стаў рэктарам установы, як кажуць, у выгнаньні. У Крыме я зь імі не працаваў, выконваў абавязкі археоляга, ня болей. А тут запрасілі падзяліцца вопытам са студэнтамі. Група ўкамплектаваная пераважна прыежджымі: працэнтаў на 50% — крымчукі, прычым крымскіх татараў толькі двое, астатнія этнічныя ўкраінцы, нават расейцы. Ёсьць дзеці з акупаванай тэрыторыі Луганшчыны, прыкладам, дзяўчынка з Антрацыту. Усе цудоўна разумеюць украінскую мову, нягледзячы на тое, што два гады яе практычна ня чулі. Але гэта іх сьвядомы выбар, бо ў тым жа Крыме маглі спакойна вучыцца ў расейскіх ВНУ».

Амаль два з паловай гады вымушаных бадзяньняў па краіне не даюць адказу на галоўнае пытаньне: ці будзе магчымасьць калі-небудзь вярнуцца на малую радзіму? Сёлета ў красавіку Сяргей Целіжэнка апынуўся ў непасрэднай блізкасьці ад сваіх краёў — у складзе дасьледчыцкай групы даехаў да апошняга пункту неакупаванай тэрыторыі, падкантрольнай Украіне. Гэта Станіца Луганская. Асноўнай задачай было ацаніць страты, нанесеныя абстрэламі гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёну. «Луганску ня бачыў, але адчуваў яго здалёк — наколькі гэта рэальна за 15 кілямэтраў», — кажа ён:

Кандыдат гістарычных навук Сяргей Целіжэнка
Кандыдат гістарычных навук Сяргей Целіжэнка

«Днямі ехалі, абмяркоўвалі з жонкай — яна ў мяне мастак-афарміцель вышэйшай катэгорыі, а тут, як кажуць, на падхваце, няма прапаноў. Дык вось кажа: яшчэ нядаўна ў нас быў дом, я страціла любімую працу, што далей? Вядома, у ідэале добра было б вярнуцца, але каб усё ж былі адэкватныя людзі, а ня тыя, што цяпер там атабарыліся. Бо пэрспэктывы нават у Кіеве, шчыра кажучы, дрэнна сабе ўяўляю. Перш-наперш стамляе, што няма, як усюды ў цывілізаваным сьвеце: хату зьняў — і нармальна жыві, ня вельмі адбіваецца на тваёй кішэні. То бок можаш аплочваць кватэру, харчавацца і нават наведваць музэі. Тут жа ты працуеш толькі на жыльлё, што асабіста мяне проста бесіць. Таму гатовы на ўсё махнуць рукой: выйграю „Грын-кард“ — ды зьедзем. У любым выпадку нашмат прагназаваней, чым цяпер...»

Пасьля ўцёкаў з акупаванага Луганску за сьпінаю Целіжэнкаў засталіся Старабельск, Белая Царква, Луцк, цяпер вось Кіеў. Ці канчатковы гэта прыпынак для сямʼі, шлях якой так ці інакш прайшлі два мільёны іх суайчыньнікаў — пытаньне хутчэй рытарычнае...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG