«Няма нічога страшней, як стаць уцекачом на ўласнай зямлі», — жыхарка луганскага прыгараду Натальля Каплун зьбегла з акупаванай прарасейскімі сэпаратыстамі станіцы ва ўкраінскую частку вобласьці. І не ўяўляе, калі можа вярнуцца дадому.
Два гады таму ў так званым «Ілавайскім катле» ўкраінская армія панесла найбольшыя страты за ўвесь час антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Разгубленасьцю праціўніка скарысталіся сэпаратысты з самаабвешчаных ДНР і ЛНР, якія пры падтрымцы расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі пачалі прасоўвацца ўглыб украінскай тэрыторыі. Фактычная акупацыя спарадзіла магутную хвалю ўцекачоў. Тысячы людзей дагэтуль ня маюць магчымасьці вярнуцца ў родныя мясьціны.
Луганскія «бюджэтнікі» мусілі асудзіць Майдан
Натальля Каплун — адзінокая маці. З 10-гадовым сынам Барысам яны ўжо два гады ў бежанцах. Этнограф, дагэтуль яна працавала старшым навуковым супрацоўнікам аддзелу этнаграфіі ў Луганскім абласным краязнаўчым музэі. Жыла ў пасёлку Валуйскае Станічна-Луганскага раёну, за 20 кілямэтраў ад Луганску. Пасьля акупацыі Данбасу пасьпела дабрацца да Старабельску на ўкраінскай палове Луганшчыны, куды пазьней перавёў свой юрыдычны адрас і сам музэй.
Сёлета Натальля прыяжджала ў Нясьвіж на міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную праблематыцы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. І апынулася ў цэнтры ўвагі калегаў — усе хацелі ведаць пра вайну зь першых вуснаў.
«Нават калі ў Кіеве ішоў Майдан, як і бальшыня жыхароў аддаленых рэгіёнаў, я была заклапочаная дзьвюма праблемамі — працай і домам, — кажа Натальля Каплун. — Ведала прыблізна, што адбываецца, спачувала. Але Луганск далёка ад Кіева, таму асабліва заглыбляцца не было часу».
Пры канцы лютага 2014-га цяжка захварэў сын — тэмпэратура пад 40, лютаваў грып. Тады зьявіўся час, каб больш глядзець тэленавіны. У Кіеве ўжо пачалі расстрэльваць удзельнікаў супраціву. Жорсткія кадры напалохалі тады яшчэ малога Барыса, які ўвесь час паўтараў: «Мама, нас забʼюць? Паглядзі, людзей забіваюць...»
А ў адзін дзень здарылася падвойнае сьвята: сын пайшоў на папраўку, а з Кіева ў невядомым кірунку ўцёк прэзыдэнт Віктар Януковіч:
«Вось бачыш, і ты выздаравеў, і ніхто больш нікога страляць ня будзе. Усё дрэннае ў мінулым», — супакойвала сына маці.
Але не пасьпела выйсьці на працу пасьля бальнічнага, як пачаліся новыя ўзрушэньні: за тыдзень у лютым «ветлівыя людзі» прысабечылі Крым, а на пачатку сакавіка таго ж году пачалася «руская вясна» ў Луганску:
«Пачатак сакавіка: сьнег сышоў, цёпла, людзі рыхтуюцца да сьвята. Нармальны настрой. Тэлефаную цётцы ў Севастопаль і чую: „Наташа, тут так страшна, так жахліва, можа, прыеду да вас?“ Канечне, кажу, у нас усё ж спакайней. Хоць, напэўна, больш сама сябе заспакойвала, бо жыву ў прыгарадзе і ў масавых акцыях ня ўдзельнічала. Хадзіў, скажам так, „малады музэй“ — тыя, у каго няма дзяцей, хто вольны ад абавязкаў. Аказалася, што пакуль была на бальнічным, супрацоўнікаў выганялі на праўладныя „антымайданы“ — бюджэтнікі павінны былі выйсьці, паказаць падтрымку Януковіча і асудзіць майданаўцаў. І пачалося: хтосьці хітраваў, прыкрываючыся хваробай, а іншыя намагаліся засьведчыць сваю ляяльнасьць. І гэтак па ўсім рэгіёне».
Па словах Натальлі Каплун, у апошнія гады ў музэі склаўся добры калектыў: прыйшла група маладых навукоўцаў, выпускнікоў мясцовага ўнівэрсытэту, якія абараніліся па гісторыі Ўкраіны. Інтэлігентныя, пазбаўленыя грузу савецкага мінулага, яны хадзілі на мітынгі, каб скласьці ўласнае ўяўленьне пра тое, што ўсё ж «заварваецца».
«Маскальскі акцэнт» растоўскіх таварышаў
У першыя дні сакавіка ў Луганск прыбыло некалькі дзясяткаў аўтобусаў, як казалі ў навінах, з «таварышамі з Растоўскай вобласьці». Але мясцовыя хутка вылічылі, што тэлевізар брэша, бо растоўская гаворка падобная да луганскай, а тут выразны «маскальскі» акцэнт. Пры гэтым госьці нічога ня ведалі: ні дзе купіць ежу, ні коштаў, ні валютнага курсу. Тысячы чалавек адным махам занялі ня толькі цэнтар, а і навакольныя вуліцы. Хадзілі з трыкалёрамі, зрывалі ўкраінскія сьцягі, выкрыквалі, што цяпер гэтая тэрыторыя пад кантролем Расеі. У мясцовых і расейскіх СМІ ўсё падавалася як «пратэст карэннага насельніцтва супраць падзеяў на Майдане».
Між тым, як кажа Натальля Каплун, у соцыюме захоўваўся адносны парытэт: прыблізна траціна луганчанаў падтрымлівала падзеі на кіеўскім Майдане, такая ж частка ставілася катэгарычна супраць, астатнім было збольшага ўсё роўна. Зь яе назіраньняў, хоць сёньня былі гатовыя інтэгравацца ў Расею праянуковіцкія чыноўнікі з «вэртыкалі» ды пэнсіянэры. Але, падкрэсьлівае яна, праявы тыя мелі выключна папулісцкі характар і далей за лёзунгі не ішлі:
«Калі потым штудзіравала інтэрнэт, не магла паверыць: адкуль раптам столькі „баевікоў“? Я ня бачыла людзей, якія сапраўды маглі б узяць у рукі зброю. Пакрычаць — так, гатовыя. Гэта што тычыцца першага этапу, калі ў грамадзтва падкідаліся тэмы, як кажуць, для пачатку. Але ўжо ў красавіку зьяўляюцца людзі са зброяй, узводзяць барыкады, перагароджваюць вуліцу, ставяць намётавы гарадок, выносяць умацаваньні. Увогуле гэты „рух супраціву“ не адзначаўся навацыямі ці жаданьнем прыдумаць нешта сваё, усё капіравалі з Майдану. Адзінае адрозьненьне, што калі ў Кіеве „Беркут“ мітынгоўцаў лупцаваў, то тут міліцыя ахоўвала. Бо гарадзкое начальства з георгіеўскімі стужкамі бясконца выступала ў падтрымку Расеі і супраць эўраінтэграцыі».
Неўзабаве невядомыя куратары пайшлі да мясцовых з прапановамі пастаяць «платным шчытом» — 500 грыўняў за ўдзел у масоўцы. Кіравалі натоўпам узброеныя людзі: спачатку лёзунгі за Расею, затым паход на адміністрацыйныя будынкі — і, карыстаючыся неразьбярыхай, нацыяналізацыя ад імя рэвалюцыі. Такім чынам захапілі будынак СБУ з усім арсэналам зброі, потым пракуратуру, абласную адміністрацыю і мэрыю. Пачалося фармаваньне «ўраду»:
«Сам па сабе Луганск вельмі пасіўны, — кажа Натальля Каплун. — І каб не куратары, каб ня людзі з грашыма і зброяй, якія плацілі кожнаму за тое, што той пастаіць са сьцяжком, пакрычыць за Расею і г.д., не сумняюся, што ўсё завяршылася б, як у 2004 годзе. Я тыя часы добра памятаю, бо дзіцяці яшчэ не было, хадзіла на акцыі пратэсту, усё напраўду цікавіла. Бабулі пакрычалі б, магчыма, нехта зь некім пабіўся б — як жа бяз гэтага — пару месяцаў паабураліся б, павырашалі б свае пытаньні, і ўсё. Яшчэ раз кажу: каб ня людзі, якія невядома адкуль зьявіліся з грашыма і са зброяй».
Народнае дабро: самавываз белым КамАЗам
Хутка зьявіліся атрыбуты «незалежнасьці»: камэнданцкая гадзіна, перабоі ў працы крамаў і грамадзкага транспарту, расейскі рубель замест грыўні:
«Грошы завозілі ў суправаджэньні расейскіх „кантралёраў“, каб не раскралі па дарозе, — кажа Натальля Каплун. — Частка астатняй „дапамогі“ ішла канвоямі зь белых КамАЗаў. Але галоўнае, што назад іх ужо ніхто не надглядаў. Гэтыя фуры былі напалову пустыя, але напалову ўсё ж загружаныя: везьлі крыху гуманітаркі, тыя ж грошы. Але насамрэч канвой быў патрэбны дзеля таго, каб вывозіць мэтал. Таму што акупавалі роўна тэрыторыю, на якой сканцэнтраваныя прамысловыя прадпрыемствы. Рэзалі і вывозілі заводы. Нават у луганскай прэсе была нататка пра тое, як нейкі гаспадар „добраахвотна“ вывез завод у Растоўскую вобласьць».
Тым часам супрацоўнікі краязнаўчага музэю атрымалі ад кіраўніцтва працоўныя кніжкі на выпадак форс-мажору і карысную параду — разьбягацца куды далей. Натальля аформіла адпачынак і, паколькі на працу хадзіць стала не абавязкова, «залегла» да разьвіцьця падзеяў. Доўга чакаць не давялося — музэй абрабавалі. Прыйшлі ўначы аўтаматчыкі, пачалі аглядаць экспазыцыю, спыніліся ля стэнду з супрацьтанкавым ружжом. Параіліся: маўляў, майстар зможа яго ажывіць. І забралі...
Неўзабаве, як кажа Натальля Каплун, снарады пачалі класьціся ўсё бліжэй ад дома, а праз прыгарад пайшлі ўзброеныя людзі:
«Станіцу моцна абстрэльвалі, пойма Данца грукат яшчэ больш узмацняла. Стралялі і пад Шчасьцем, і пад Станіцай Луганскай, але на нас пакуль ня падала, і я была ўпэўненая: усё будзе добра, армія хутка падыдзе, нас вызваляць, і баі перамесьцяцца ў Луганск. Але ніхто не прыходзіў, і зусім стала страшна, калі пачаліся начныя абстрэлы. Быў ліпень, то бок у такіх умовах пражылі ўжо паўтара месяца. З тэрыторыі Расеі абстрэльвалі Камышнае, дзе была раскватараваная ўкраінская армія, ішлі баі за памежжа. „Грады“ стаялі, як мне падавалася, ля станіцы Міцякінскай. Але езьдзілі з валянтэрамі, якія зьбіраюць сьведчаньні па Гааскім трыбунале, фіксуюць у сьведак факты перасячэньня мяжы, і выявілася, што Расея перапраўляла „Грады“ на другі бераг: фарсіравалі раку, станавіліся ў нас і абстрэльвалі ўкраінскія пазыцыі».
Ня ведаючы, як сябе паводзіць у такіх сытуацыях, Натальля з Барысам хаваліся на вуліцы — дом трэсла з такой сілай, што той мог у любы момант скласьціся ад ударнай хвалі. Тым больш што ўжо былі сумныя гісторыі, калі людзі хаваліся ў падвалах, а іх там завальвала.
Падчас аднаго з абстрэлаў пашчасьціла, што міна трапіла ў дрэва пад вакном. Дрэва прыняло на сябе асноўны ўдар, і ў пакой, дзе Натальля была з сынам, заляцела толькі рэшта шкла і драўніны. Да таго ж перабілі газаправод, газ пачаў выходзіць, і трэба было бегчы ў іншае месца. Толькі калі пад раніцу сьціхлі абстрэлы, жанчына вярнулася, сабрала дакумэнты, самыя неабходныя рэчы і... рыбку з акварыюму. У такім выглядзе — з заплечнікам, слоікам з рыбкай і з сынам за руку — Натальля пайшла ў бок лініі разьмежаваньня:
«Гэта было жахліва: зьяжджалі, кінуўшы ўсё, з рыбкай у слоіку. У больш спакойнае месца на поўнач Луганскай вобласьці, на вызваленую тэрыторыю, падкантрольную Ўкраіне. Перасоўваліся фактычна аўтастопам. Праз саму зону баёў перавёз сусед, які працаваў у Камышным, а потым мы проста стаялі ў полі і галасавалі. Паміж засеянымі палямі праходзіла пясчаная грунтоўка, але гэта быў адзіны шлях, па якім ішлі ўцекачы з Луганску, ехалі аўтобусы зь людзьмі, ехалі прыватныя машыны. Нас падхапіў мікрааўтобус, мужчына ехаў па сваіх справах і давёз нас да блёк-паста, дзе стаялі памежнікі. Там мы выйшлі...»
Тонкая рыса паміж жыцьцём і сьмерцю
Толькі тут, як кажа Натальля, прыйшло сапраўднае разуменьне таго, колькі давялося перажыць, асэнсаваць, што адлегласьць паміж жыцьцём і сьмерцю чыста ўмоўная. І нарэшце дала волю сьлязам.
Памежнікі іх накармілі, Барысу назьбіралі гільзаў, далі паўзірацца ў палявы бінокль. Натальля спадзяецца, што тыя салдаты жывыя, бо потым там было сапраўднае пекла. Потым злавілі машыну і даехалі спачатку да Белаводзку, дзе ўжо змаглі набыць квіток на аўтобус да Старабельску, адтуль — да Мажнякоўкі, дзе жылі родныя. Усё гэта Луганская вобласьць Украіны:
«У сваякоў мы пражылі амаль год, а потым наш Луганскі абласны краязнаўчы музэй зьмяніў юрыдычны адрас і пачаў працаваць у Старабельску. То бок я зноў вярнулася ў свой жа музэй — праўда, не ў Луганску, а ў Старабельску. Цяпер мы наймаем кватэру, наш статус — вымушаныя перасяленцы. Тут знаходзімся, працуем, спрабуем жыць. Такія вось рэаліі...»
Цікаўлюся ў Натальлі: што стала зь яе родным домам у Валуеўскім, хто за ім прыглядае? Аказалася, што яшчэ два гады таму, у канцы жніўня 2014-га, пасёлак украінскія вайскоўцы вызвалілі. Але стаіць ён акурат на лініі разьмежаваньня, таму снарады празь яго лётаюць дагэтуль:
«Станіца стаіць на Данцы, а рака — фармальная мяжа паміж так званай ЛНР і Ўкраінай. Так атрымалася, што мой дом апынуўся ў зоне, якая пастаянна абстрэльвалася. Там пабываў наш сябра Сяргей Целіжэнка, зрабіў здымкі. Станіца пацярпела самым жахлівым чынам. Усходні кардон, да мяжы з Расеяй усяго 7 кілямэтраў. Дык Расея абстрэльвала са свайго боку, з умацаваньня на гары ў Луганску бабахалі ЛНРаўцы. І так цягнулася амаль да красавіка 2015 году. Мой дом якраз у пойме, кілямэтры за тры ад Данца, хапіла па поўнай праграме. Другі раз вылецелі вокны, зацягнулі плёнкай — і яе вынесла. Прасіла суседзяў прыглядаць, баяліся марадэраў, але ніхто не абрабаваў, проста стаіць закалочаны, пусты, халодны. Людзей амаль няма, толькі пару старых. Усё пачынае зарастаць маладымі бярозкамі, вербамі, вольхамі. Аж жах...»
Шанцы на вяртаньне Натальля Каплун ацэньвае стрымана: пагроза новага вітка супрацьстаяньня не мінула, а рызыкаваць жыцьцём сына яна ня мае права:
«Страшна ад самой беспэрспэктыўнасьці. Гэта крыху іншая гісторыя, як складана быць перасяленцам, наколькі цяжка пачувацца бяз дому, без таго месца, дзе хацелася гадаваць дзіця. Бо столькі гадоў плянавала, думала, што Барыс будзе жыць менавіта там, будзе хадзіць у школу. А потым усё адным махам перакрэсьлілася... Для мяне мой край усё роўна застанецца квітнеючым, акуратным, людным, бо гэта быў густанаселены прыгарад. Страшна, а самае галоўнае — канца гэтаму не відаць. Многія лічаць, што раней ці пазьней вайна зноў пачнецца, адновяцца і абстрэлы, і бамбардаваньні. Адчуваецца, што напружанасьць узрастае, сытуацыя можа паўтарыцца. Прынамсі, людзі туды не вяртаюцца, баяцца. Нейкі час адноснага спакою быў, але зноў страляюць, станіцы таксама перападае. Карацей, з пэрспэктывамі складана...»
Натальля Каплун кажа, што яе становішча яшчэ ня самае безвыходнае. Але наўрад ці гэта той выпадак, калі трэба мерацца маштабам бяды:
«Я спрабую сказаць, наколькі вайна страшная сама па сабе. Зь іншага боку, пакуль сам гэта не перажывеш, наўрад ці зразумееш, у якой ступені гэтая зьява з шэрагу бессэнсоўных і невытлумачальных. Ведаеце, у той момант ужо становіцца зусім ня важна, хто цябе абстраляў, за што — міны не пытаюцца, хто ня ў тым месцы і ня ў той час апынуўся побач. Гэты стан цяжка нават апісаць, растлумачыць. Аднак кожны, хто нешта падобнае перажыў, скажа, як гэта жахліва. Абсалютная бездапаможнасьць разам зь бессэнсоўнасьцю таго, што адбываецца...», — падсумоўвае ўкраінская ўцякачка, этнограф Натальля Каплун.