1 жніўня 1913 году памерла паэтка, пісьменьніца, перакладчыца, культурная і грамадзкая дзяячка Леся Ўкраінка (Ларыса Косач). Пад Марʼінай Горкай на Меншчыне пра яе беларускі пэрыяд згадалі беларуска-ўкраінскія літаратары, супрацоўнікі ўкраінскай дыпмісіі і прадстаўнікі мясцовых уладаў.
На пачатку ХХ стагодзьдзя Леся Ўкраінка ня раз бывала ў Беларусі, дзе мела спачатку сяброўскія, а потым і больш блізкія адносіны з прафэсійным рэвалюцыянэрам Сяргеем Мяржынскім — у Менску ёсьць вуліца ягонага імя.
Увесну 1901 году ён памёр ад сухотаў у яе на руках, а празь дзясятак зь лішкам гадоў ад той жа невылечнай навалы адышла ў іншы сьвет яна сама...
Фальварак Блонь як гняздо рэвалюцыйнасьці
Частка экспазыцыі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музэю, што месьціцца ў Марʼінай Горцы, прысьвечана Лесі Ўкраінцы. Як лічыць дырэктар установы Аляксандар Прановіч, гэтая зямля трывала зьвязаная з жыцьцём клясыка ўкраінскай літаратуры:
«Дасьледчыкі гісторыі літаратуры даказалі, што Леся Ўкраінка неаднаразова бывала ў Блоні на ўскрайку Марʼінай Горкі, у маёнтку рэвалюцыянэраў-народнікаў Бонч-Асмалоўскіх. З гаспадарамі яе пазнаёміў беларускі „народнік“ Сяргей Мяржынскі. Зь ім Леся сябравала, потым яны адно аднаго пакахалі. Але ў іх была страшная хвароба, якая на пачатку ХХ стагодзьдзя проста касіла людзей — сухоты. У яе разбураліся косьці, у яго пераставалі працаваць лёгкія. Таму каханьне іх было нядоўгае. Апошні раз яна прыехала да Мяржынскага ў 1901 годзе — у яго былі страшныя болі, прыступы. Дапамагчы яму ўжо было немагчыма...»
Паводле Аляксандра Прановіча, Сяргея Мяржынскага і Лесю Ўкраінку пазнаёміў у 1896 годзе ў Крыме відны дзяяч РСДРП Павал Тучынскі. Узаемная сымпатыя перарасла ў нешта большае, і праз чатыры гады маладая жанчына ўпершыню завітала ў Менск.
Менавіта тады Мяржынскі зьвёў яе з аднадумцамі па рэвалюцыйнай дзейнасьці, у тым ліку з гаспадарамі маёнтку Анатолем Бонч-Асмалоўскім і ягонай жонкай Варварай. Пасьля яны яшчэ колькі разоў наведваліся ў Блонь, а Бонч-Асмалоўскія, даведаўшыся пра сябраву хваробу, дапамагалі грашыма і лекамі.
Як кажа спадар Прановіч, у Блоні пабывалі практычна ўсе дэлегаты менскага зьезду РСДРП — адпачывалі ад партыйна-рэвалюцыйнай актыўнасьці.
Дарэчы, Бонч-Асмалоўскія маёнтак не будавалі. Ён быў канфіскаваны царскімі ўладамі ў Антонія Асоўскага — удзельніка паўстаньня 1863 году. Чыноўнік расейскай адміністрацыі Бонч-Асмалоўскі атрымаў нерухомасьць у 1868-м як заахвочваньне для адданай працы. Аднак урэшце і ён апынуўся ў апазыцыі да рэжыму.
«Паводле зьвестак, якія мы маем, Леся Ўкраінка пасябравала з Варварай Іванаўнай, — кажа Аляксандар Прановіч. — Тая, у сваю чаргу, давала грошы на лекаваньне Сяргея Мяржынскага. Бо ў той час Анатоль Восіпавіч ужо быў са сваім старэйшым сынам Іванам у высылцы ва Ўсходняй Сыбіры, у ваколіцах Усьць-Каменагорску».
Апошні прыезд Лесі Ўкраінкі ў Беларусь датаваны студзенем 1901 году, калі лёс каханага чалавека быў практычна перадвызначаны. Не было побач ужо шмат каго са старых знаёмых — актыўныя таварышы, уключна з Анатолем Бонч-Асмалоўскім, былі сасланыя царскім урадам. Мяржынскага працягвала наведваць гаспадыня асірацелага маёнтку Варвара Іванаўна.
Цягам наступных двух месяцаў Сяргей Мяржынскі паступова згасаў і памёр 3 сакавіка. Менавіта ў тую апошнюю ноч, калі яны засталіся сам-насам, Леся Ўкраінка напісала паэму-драму вялізнай эмацыйнай моцы «Апантаная».
Сёньня маёнтак у Блоні застаецца рэдкім ацалелым сьведчаньнем фізычнай і духоўнай сувязі Лесі Ўкраінкі зь Беларусьсю. Высілкамі Аляксандра Прановіча тут арганізаваны краязнаўчы музэй, адноўленыя аўтэнтычная мэбля і рэчы, якія належалі Бонч-Асмалоўскім.
За бальшавікамі будынак выкарыстоўваўся пад гаспадарчыя патрэбы, нейкі час тут жылі семʼі пралетарыяў, а пазьней нават была фэрма. У вайну тут разьмясьцілася нямецкая адміністрацыя, партызаны паставілі маёнтак у чаргу на зьнішчэньне. Спаліць не пасьпелі — хтосьці зь мясцовых выступіў у абарону помніка архітэктуры.
Некалькі гадоў таму тры дзясяткі нашчадкаў Бонч-Асмалоўскіх з ЗША, Нямеччыны, Расеі ўпершыню прыехалі ў Блонь. Сабрала іх разам Марына Бонч-Асмалоўская, унучка Глеба Анатолевіча, аднаго з сыноў Анатоля і Варвары. Яна ж склала генэалягічнае дрэва сямʼі, якое захоўваецца ў музэі.
Марʼіна Горка як цэнтар міждзяржаўнага паразуменьня
Наведнікамі музэя ў Блоні ў дзень сьмерці Лесі Ўкраінкі былі амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім і супрацоўнікі дыпмісіі, а таксама беларуска-ўкраінская паэтка Іна Снарская і старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў Наталка Бабіна.
Пасьля гэтага ў залі Дому культуры Марʼінай Горкі адбылася сустрэча ўкраінскіх гасьцей зь мясцовымі жыхарамі. Амбасадар Ігар Кізім у вітальным слове сказаў, што хоць і працуе на сваёй пасадзе ўсяго чатыры месяцы, зь Беларусьсю знаёмы даўно — 35 гадоў таму служыў у Пячах пад Барысавам і часьцяком перасякаўся на палігонах з вайскоўцамі, якія базаваліся ў Марʼінай Горцы.
А цяпер усьцешаны, што выступае з пазыцыі не «сілавіка», а эмісара ў галіне культуры. Дарэчы, прамаўляў па-ўкраінску, спаслаўшыся на дасьледаваньні філёлягаў — 84% слоў у беларускай і ўкраінскай мовах супадаюць:
«Мне вельмі прыемна, што беларусы ведаюць і памятаюць творчасьць Лесі Ўкраінкі, я перакананы, што багата хто чытаў яе вершы, паэмы. Гэта правільна, бо, на маю думку, мы мусім шанаваць нашу супольную славянскую спадчыну, услаўляць людзей, якія прынесьлі ёй усясьветную вядомасьць. Таму я ўдзячны за цёплы прыём, які нам тут арганізавалі. Спадзяюся, што сустракаемся не апошні раз...»
Беларуска-ўкраінская паэтка Іна Снарская нарадзілася ў Полацку. У 22 гады, пасьля заканчэньня Наваполацкага політэхнічнага інстытуту, выйшла замуж і пераехала ў Палтаву. Там атрымала філялягічны дыплём і з галавой акунулася ў творчасьць, выдала восем паэтычных зборнікаў.
Больш за паўтара дзясятка гадоў працуе рэдактарам на тэлеканале «Лтава», займаецца культурніцкімі праектамі.
Марʼінагорцам Іна Снарская прадэклямавала вершы з апошняй кнігі «Вогнепаклоньніца», а таксама прэзэнтавала дакумэнтальны фільм «Сьцежкамі Лесі Ўкраінкі», зьняты каналам «Лтава». Сама Іна Снарская выступіла і аўтарам сцэнару, і рэжысэрам. Фільм стаў ляўрэатам літаратурна-мастацкай прэміі імя Алены Пчылкі (маці Лесі Ўкраінкі). Апавядае ён пра фінальны адрэзак жыцьця загалоўнай гераіні.
Паводле аўтаркі, працуючы над фільмам, яна хацела намаляваць жывы вобраз жанчыны, каб ён ня быў акадэмічным. «Хацела паказаць яе душу», — удакладняе яна. Таму ў працэсе падрыхтоўкі чытала ня толькі творы Лесі Ўкраінкі, але і яе лісты. Расказала пра яе барацьбу, няпростыя адносіны з маці, мужчынамі, любімым чалавекам Сяргеем Мяржынскім і мужам Кліментам Квіткам.
«Палтаўшчына стала для мяне другой роднай зямлёй, а Леся Ўкраінка — прыкладам для перайманьня, — кажа Іна Снарская. — А наагул у маім сэрцы Беларусь і Ўкраіна настолькі перапляліся сваім карэньнем, што ўжо дужа цяжка аддзяліць адну ад адной. І я вельмі ўсьцешаная, што Ўкраіна, нягледзячы ні на што, трымаецца. Ведаеце, калі ў нас пачалася вайна, у мяне пачалі паралельна пісацца вершы і па беларуску, і па-ўкраінску. Часам я нават ня ведала, якая на выхадзе будзе мова. Але галоўнае, я ведала, пра што хачу сказаць...»
А пры канцы імпрэзы Наталка Бабіна расказала пра дзейнасьць неабыякавых літаратараў, якія ў складаны для Ўкраіны час абʼядналіся пад дахам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:
«Таварыства ўкраінскай літаратуры было створана тры гады таму, упершыню ў гісторыі СБП. Гэта быў час, калі адбылася анэксія Крыму, пачалася вайна ва Ўкраіне. Шэраг беларускіх пісьменьнікаў, інтэлектуалаў сабраліся і пачалі думаць — як рэагаваць на гэтую сытуацыю? Як людзі, якія працуюць са словам, могуць дапамагчы? Бо калі льюцца патокі нянавісьці, бруднай прапаганды, супрацьстаяць гэтаму здольная толькі культура. Сабралася 12 асобаў — пісьменьнікі, журналісты, гісторыкі — і вырашылі стварыць таварыства. За прамінулы час арганізацыя вырасла ў шмат разоў, і цяпер мы абʼядноўваем больш за 100 чалавек».
Амбасадар Ігар Кізім спадзяецца, што дынамікі міждзяржаўным стасункам дададуць апошнія дамоўленасьці на вышэйшым узроўні. У прыватнасьці, міністэрствы адукацыі дзьвюх краін да 1 верасьня мусяць падрыхтаваць праграмы, паводле якіх у школах памежных рэгіёнаў на факультатыўнай аснове пачне вывучацца ўкраінская і беларуская мова. На яго думку, гэта будзе першы рэальны крок дзеля пашырэньня і паглыбленьня добрасуседзкіх кантактаў.