Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гішпанка ў Менску беларускую мову шукала


Беларускамоўная гішпанка шукае кнігі па-беларуску на кірмашы ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:54 0:00
Наўпроставы лінк

Беларускамоўная гішпанка шукае кнігі па-беларуску на кірмашы ў Менску

Анхэля Эсьпіноса — вядомая сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак у Беларусі замежніца, якая ў свае 23 гады цудоўна валодае беларускай мовай і нават вучыць размаўляць на ёй іншых.

Дзяўчына паходзіць з гішпанскага гораду Малага, у Гранадзе скончыла факультэт славістыкі, а цяпер вучыцца ў магістратуры Варшаўскага ўнівэрсытэту на беларусіста. Кажа, што беларускую мову асвоіла за тры гады, а расейскай амаль ня ведае — дый, як сама кажа, няма на тое патрэбы.

Расейскай мовы ня ведаю, таму беларусы са мной гавораць трасянкай

«Навошта мне расейская мова? Я беларусістка — вывучаю ў Польшчы беларускую мову. Але, відаць, у Беларусі гэта дзіўна, што я ведаю беларускую і ня ведаю расейскай. Напрыклад, на мяжы, калі ехала ў Беларусь, памежнікі проста ня ведалі, што са мной рабіць, як кантактаваць, калі я сказала, што гавару па-беларуску, а па-расейску — не. Давялося ім неяк прыстасоўвацца. Але яны не маглі добра гаварыць па-беларуску. Атрымалася трасянка», — расказала Анхэля.

Гішпанка прыехала ў Менск дзеля ўдзелу ў паэтычным фэсьце памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» — у выдавецтве Ігара Логвінава ў яе выйшла кніга беларускіх вершаў «Раяль ля мора», прэзэнтацыя якога пройдзе ў рамках фэстывалю.

Але пакуль да адкрыцьця фэстывалю заставалася некалькі гадзін, мы вырашылі запрасіць Анхэлю Эсьпіносу на міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая гэтымі днямі праходзіць у Менску.

Захопленая беларускай гаворкай паэтка Анхэля адразу вырашыла, што на выставе будзе шукаць дзіцячыя кніжкі па-беларуску — падарунак сваёй маленькай пляменьніцы Лізе.

Ведала, што шмат беларускіх кніг ня будзе

Не знайшоўшы стэнду Гішпаніі, Анхэля спынілася калі супольнага павільёна Кубы і Вэнэсуэлы — прадстаўнікі якіх, як і Анхэля, гавораць па-гішпанску.

«Зразумела, у нас у Гішпаніі таксама бываюць кніжныя выставы, праўда, на адкрытым паветры, а не ў памяшканьні. Таму што розны клімат. Для мяне было цікава пабачыць, якія краіны прадстаўленыя на беларускай выставе. На жаль, няма Гішпаніі, хоць эўрапейскіх краін багата. Я нават змагла пагутарыць па-гішпанску — каля супольнага стэнду паўднёваамэрыканскіх краін», — сказала Анхэля, наведаўшы выставу.

Беларускія кнігі для дзяцей знайшліся ў выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Галіяфы». Вялікая ж колькасьць каляровых кніжак-складанак — прывезены з Расеі тавар.

«Мне вельмі хацелася пабачыць больш кніг на беларускай мове, але я і ведала, што шмат іх тут ня будзе. Дарэчы, добра, што калі шукаеш, то знойдзеш такія кнігі. Усё ж трэба адзначыць, што выбар ёсьць. Я набыла тры дзіцячыя кнігі ў цудоўным афармленьні, якія выйшлі ў выдавецтве „Мастацкая літаратура“, а таксама адну кнігу для сябе — ужо з выдавецтва „Галіяфы“. Прыемна было, што кіраўнікі незалежных беларускіх выдавецтваў Зьміцер Вішнёў і Валер Булгакаў пазналі мяне, параілі цікавыя кнігі са сваіх выдавецтваў. Я такой увагі да сваёй асобы не чакала».

У Гішпаніі за няветлівае стаўленьне страціш працу, а ў Беларусі — гэта нармальна

Каля некаторых стэндаў, дзе Анхэля спрабавала знайсьці кнігі на беларускай мове, з боку прадаўцоў было заўважнае непрыязнае стаўленьне — дзяўчына тлумачыць гэта тым, што беларусы ня звыклыя да турыстаў і не настроеныя на тое, каб задаволіць любыя патрабаваньні кліента:

«Гішпанія — вельмі турыстычная краіна, таму такога я на радзіме не магу пабачыць. Тым больш калі гаворка ідзе пра выставу, супрацоўнікі якой павінны адказваць на пытаньні наведнікаў, дапамагаць і раіць. А тут атрымалася, што ад аднаго стэнда прадаўцы проста зьбеглі, калі пачулі, што я пытаюся пра беларускія кнігі, ды яшчэ мяне апэратар здымае на камэру. Гэта ня вельмі ветліва. У Гішпаніі як? Калі ты такое стаўленьне прадэманструеш, то вельмі хутка страціш працу. Відаць, у Беларусі гэта працуе трохі па-іншаму».

«Я пахадзіла па выставе, пагаварыла з выдаўцамі і супрацоўнікамі стэндаў. Ясна, гаварыла па-беларуску. Людзі адказвалі па-рознаму: па-расейску, па-беларуску, некаторыя — на трасянцы, але праблемы неразуменьня ня ўзьнікла. Гэта вялікі плюс. Я расейскую мову трошачкі ведаю, разумею, магу чытаць, але гаварыць не хачу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG