Расейскія стэнды на ХХІІІ Менскім міжнародным кніжным кірмашы па плошчы на другім месцы пасьля беларускіх. І літаратура прадстаўленая вельмі розная.
Маскоўскае выдавецтва «Время» — адзінае, якое прадставіла ўсе пяць кніг нобэлеўскай ляўрэаткі 2015 году Сьвятланы Алексіевіч. На стэндах — партрэты ляўрэаткі.Тут жа можна набыць і кнігі Сьвятланы Алексіевіч па прымальных коштах: «Час сэканд хэнд» — за 130 тысяч, астатнія — за 115 тысяч беларускіх рублёў.
Журналісты запыталіся ў кіраўніка праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, чаму міжнародную выставу адкрывалі чыноўнікі з прэзыдэнцкай адміністрацыі, Мінінфарму, а ня нобэлеўская ляўрэатка. Чаргінец адказаў наступнае:
«Ведаеце, звычайна выставу адкрываюць тыя, хто яе арганізуе, так прынята ва ўсім сьвеце. Запрашэньне ёй ад міністэрства зрабілі, але яна за мяжой... Ад афіцыйнага беларускага стэнда не арганізоўвалі сустрэчу з Алексіевіч, але яна ў пляне была, але адказу ад яе мы не атрымалі».
Расейскія стэнды раскіданыя па розных месцах цэнтральнага павільёна. Побач з украінскім стэндам выдавецтва «Освіта» — кнігі расейскіх выдавецтваў спэцыфічнай скіраванасьці. Да прыкладу, некалькі твораў расейскага палітыка Сяргея Глазьева пра падзеі ва Ўкраіне — «Украинская катастрофа. От американской агрессии к мировой войне», «Последняя мировая война».
Тут жа шырока прадстаўленыя кнігі ўкраінскага пісьменьніка і журналіста Алеся Бузіны, які быў забіты ў красавіку 2015 года: «Моя философия», «Докиевская Русь», «Вурдалак Тарас Шевченко».
А ў сутарэньні можна набыць кнігі Эдуарда Лімонава — «Киев Капут» за 70 тысяч, а таксама «Неизвестный Лимонов».
Нядорага прадаецца і «Битва за Крым. От противостояния до возвращения в Россию» Аляксандра Шыракарада.