Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуска трапіла на вокладку Playboy і пазнаёмілася зь легендарным заснавальнікам часопіса


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У ЗША на 92 годзе жыцьця памёр Гʼю Гэфнэр, заснавальнік часопіса Playboy, які зрабіў рэвалюцыю ў індустрыі забаўляльных мэдыяў. У іхнай гісторыі ёсьць і беларускі сьлед. Першай «дзяўчынай месяца» расейскамоўнага выданьня Playboy у 1996 годзе стала беларуска Марыя Тарасевіч. Прыгажуня адразу ж трапіла ў амэрыканскі і галяндзкі Playboy, а летам 1996-га Марыю запрасілі ў офіс часопіса ў Лос-Анджэлесе, дзе яе прымаў заснавальнік часопіса Гʼю Гэфнэр.

Дзяўчынка-выдатніца зь сяброўкамі напісала дзіцячую опэру «Піянэрскія прыгоды»

Марыя Тарасевіч нарадзілася ў Менску. На пачатку 1990-х скончыла сталічную школу з музычным ухілам па клясе скрыпкі і фартэпіяна. У 16 гадоў паступіла ў Гнесінку — Маскоўскую вышэйшую музычную вучэльню імя Гнесіных — на эстраднае аддзяленьне па клясе вакалу і скончыла яе з адзнакай:

«Я пакідала Беларусь з пачуцьцём веры ў сябе, але, натуральна, і з жалем. Бо ў маім родным горадзе засталіся бацькі і сябры. Цяпер, згадваючы той час, ніяк не магу ўявіць, як жа мяне мама адпусьціла! Відаць, адчувала, што кепскага не нараблю», — казала Марыя.

З 1995 году Марыя Тарасевіч пачала працаваць у МКС Біг Бэнд пад кіраўніцтвам Анатоля Крола. Працавала зь вядомым джазавым музыкам Ігарам Бутманам, усясьветнымі зоркамі джазу.

«Я лічу, што джаз — гэта самая сэксуальная музыка ў сьвеце. І Мэрылін Манро, і Мадонна свабодна пачувалі сябе ў ёй, а для мяне яна стала цудоўнай школай і дазволіла пісаць свае песьні і мэлёдыі, напоўненыя багатай гармоніяй», — на сваёй інтэрнэт-старонцы tarasevich.ru Марыя прызнаецца, што пачала пісаць песьні яшчэ ў 5 клясе школы, у кампазытарскім гуртку. Разам зь сяброўкамі яна напісала дзіцячую опэру, якая называлася «Піянэрскія прыгоды».

Больш сурʼёзныя творы пісала ўжо ў Гнесінцы. На дыплёмным іспыце выканала ўласныя песьні «Сонейка» і «Ноч праз мост».

У 2011 годзе для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» сьпявачка і фотамадэль Марыя Тарасевіч запісала беларускамоўную вэрсію адной са сваіх раньніх песьняў «Сонейка».

Убачыла Сіндзі Кроўф на вокладцы і даслала свае фота ў Playboy

У інтэрвію інтэрнэт-газэце «Салідарнасьць» Марыя расказала, як у 1996 годзе ў Маскве выпадкова ў чарзе ўбачыла дзяўчыну, якая чытала Playboy зь Сіндзі Кроўф на вокладцы. І страшна пазайздросьціла той дзяўчыне, бо самой глянцавы часопіс быў тады не па кішэні. Але запыталася, дзе можна купіць часопіс, паехала на мэтро «Пушкінская». У часопісе ўбачыла абвестку пра конкурс мадэляў на званьне першай расейскай Playmate...

Схільная да прыгодаў і авантураў, Марыя паслала свае фатаздымкі і анкету. Праз чатыры месяцы атрымала ліст ад Арцемія Троіцкага і расейскага выданьня, што пасьпяхова прайшла першы тур конкурсу і трапіла ў другі. Выйграла і пачала працаваць з галяндзкім фатографам Говардам дэ Росам і стылісткай Ёландай Санігай. Пасьля выхаду часопіса з фота на вокладцы Марыя Тарасевіч прачнулася славутай.

Летам 1996 году Марыю запрасілі ў офіс Playboy у Лос-Анджэлесе. Яе прынялі Гʼю Гэфнэр і ягоная жонка Крысьці.

Гʼю Гэфнэр, 2006 год
Гʼю Гэфнэр, 2006 год

«Заснавальнік імпэрыі Playboy падаўся мне вялікім дзіцем. Добразычлівы, ветлівы, далікатны, трапяткі. Гэфнэр выйшаў у піжаме і пачаў расказваць, як гуляў у кампутарныя гульні... Мне падавалася, што ён павінен быў выйсьці ў смокінгу. Было відаць, што Гʼю надакучылі тусоўкі, гэтае бясконцае сьвята, якое ён сам сабе прыдумаў».

У 1996 годзе Марыя Тарасевіч трапіла ў амэрыканскі часопіс Playboy Planet, увайшла ў дзясятку найлепшых дзяўчат сьвету. Стала дзяўчынай месяца галяндзкага Playboy. У чэрвені 1997 году здымак беларускі Марыі ўпрыгожыў вокладку New York Times Magazine.

Як мадэль Марыя Тарасевіч рэклямавала калекцыі Jean Paul Gaulteir, Givanchy, Paco Rabanne, Chanel, Armani, стала тварам лініі жаночага адзеньня Bussato. Цяпер Марыя Тарасевіч жыве і працуе ў Маскве. Вяла праграму на тэлеканале «Домашний», а цяпер — ток-шоў на REN-TV. Музычны прадусар і сьпявачка, выпусьціла некалькі сольных джазавых дыскаў. Выступае з канцэртамі.

Для Playboy здымаліся і іншыя беларускі, напрыклад, у 1999 годзе — сьпявачка Алена Сьвірыдава.

***

«Я ніколі не лічыў Playboy часопісам пра сэкс. Для мяне ён заўсёды быў выданьнем пра лад жыцьця, у якім сэкс — толькі адна зь ято складовых частак. І наогул сэкс — здаравейшы, калі яго не хаваюць і не прыкрываюць; навошта рабіць грамадзтва дурнейшым?» — казаў Гэфнэр у шматлікіх інтэрвію.

Разам з фатаздымкамі аголеных прыгожых дзяўчат у часопісе друкавалі сур’ёзныя інтэрвію з Фідэлем Кастрам, Джонам Ленанам, Марцінам Лютэрам Кінгам, Рычардам Ніксанам, Білам Клінтанам, Дзікам Чэйні і іншымі. У ім зьяўляліся апавяданьні знакамітых пісьменьнікаў, сярод якіх былі Ўладзімір Набокаў, Курт Вонэгут, Эрнэст Хэмінгуэй, Ян Флемінг, Станіслаў Лем, Стывен Кінг, Габрыэль Гарсія Маркес, Джэк Керуак. На піку папулярнасьці, у 1970-я гады, друкаваныя тыражы часопіса дасягалі 7 мільёнаў асобнікаў, цяпер наклад — каля 800 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG