Натальля Качанава пужае чыноўнікаў „грамадзянскай вайной“.
Што гэта такое?
Тэрмін „грамадзянская вайна“ мае некалькі азначэньняў. У шырокім разуменьні — канфлікт паміж арганізаванымі ўзброенымі групамі ўнутры дзяржавы.
Брытанская энцыкляпэдыя вызначае civil war вузей — як сілавы канфлікт паміж самою дзяржаваю і арганізаванымі недзяржаўнымі дзейнікамі; прычым Britannica разьмяжоўвае такую вайну і рэпрэсіі дзяржавы супраць людзей, якія не складаюць арганізаванай ці аб’яднанай групы (апошнія нярэдка завуцца генацыдам).
Зрэшты, само слова „грамадзянская“ падказвае, што ў такую вайну ўцягваюцца грамадзяне, цывільнае насельніцтва. Найноўшая гісторыя Эўропы сьведчыць, што грамадзянскія войны выбухаюць тады, калі само грамадзтва падзелена на дзьве непрымірэнныя часткі, сувымерныя і колькасьцю, і актыўнасьцю, і сілавым патэнцыялам. (Прыклад — гішпанская Guerra Civil.)
Аднак у Беларусі нічога падобнага няма. Ад самага пачатку Лукашэнкавай улады было відавочна: ляяльныя гэтай уладзе абываталі ня будуць з уласнай ахвоты нечым ахвяраваць, а пагатоў рызыкаваць дзеля яе абароны. Сэрвільныя спажыўцы сьціплых выгодаў патэрналісцкага рэжыму маюць пашпарт і грамадзянства, але яны не грамадзяне ў першасным сэнсе слова — сьвядомыя і адказныя за сваю дзяржаву людзі.
Калі ў жніўні стала відавочна, што Беларусь зрабілася краінай грамадзян і іх бальшыня, палітычныя тэхнолягі ўлады (заежджыя, расейскія, пра што сьведчылі праколы ў моўных дэталях і няведаньне рэаліяў) схапіліся за галаву: чаму ж тут ня ладзяць сваіх „пуцінгаў“ — візуалізацыі масавасьці прыхільнікаў рэжыму? І ўзяліся за справу.
Але ўсе іхныя спробы імітаваць шматлікасьць і чыннасьць прыхільнікаў улады закончыліся крахам. Урэшце ўсё дэградавала да паходаў менскімі праспэктамі паўсотні сумных людзей з крыжамі і адпаведнай мімікай — як у А. Міронава ў фільме „Брыльлянтавая рука“.
А чырвона-зялёныя сьцягі на аўтазаках, насуперак задуме аўтараў гэтай піяраўскай ідэі прадэманстраваць магутнасьць улады, у выніку выклікаюць гнеў, бо атаясаміліся з гвалтам, зьдзекамі, сьмерцю.
Вось жа супраць грамадзкай бальшыні ваююць выключна нешматлікія „сілавікі“ ды яшчэ ўдзельнікі начнога хакейнага брацтва з гопніцкімі манерамі. Грамадзянскай супольнасьці па той бок няма. А ў мірных пратэстоўцаў ёсьць толькі адказнасьць за сваю краіну, але няма нічога падобнага на збройныя фармаваньні.
Таму калі шукаць азначэньня таму, што адбываецца, — то гэта ніякая не грамадзянская вайна, а вайна палітычнага рэжыму супраць народу (з маўклівай падтрымкай „вялікага брата“). Ужо даўно сапраўдная вайна, з ахвярамі — прычым з аднаго боку. Пачалася яна ня сёлета, але большасьць сёлета гэта нарэшце ўбачыла і жахнулася. І спосаб спыніць вайну, які відавочна выбірае грамадзтва, — мірная рэвалюцыя.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.