Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое ў душы, Пуцін і гей. Чаму ўсе абмяркоўваюць фільм Олівэра Стоўна пра Пуціна


Галяндзкі фізык Ёханэс Дзідэрык Ван дэр Ваальс (1837-1923) вывеў ураўненьне, якое апісвае стан газаў і вадкасьцяў, і атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію.

У цяперашняй рэінкарнацыі Ван дэр Ваальс стаў чыстакроўным жарабцом і жыве ў рэзыдэнцыі Пуціна. У чатырохсэрыйнай стужцы Олівэра Стоўна «Інтэрвію з Пуціным» паказана, як расейскі прэзыдэнт корміць Ван дэр Ваальса морквай.

Амэрыканскі канал Show Time пачне паказваць міні-сэрыял 12 чэрвеня, але сёе-тое вядома ўжо сёньня.

  • У Пуціна не бывае выходных, таму што ён не жанчына. «Я не жанчына, таму ў мяне дрэнных дзён не бывае. Не хачу нікога пакрыўдзіць. Гэта прырода. Ёсьць пэўныя натуральныя цыклы ». Гэтыя словы цытуе агенцтва Bloomberg, якому далі паглядзець фільм яшчэ да прэмʼеры.
  • Плавае Пуцін таксама кожны дзень. І падымае гіры. (Часам — зь Мядзьведзевым).
  • З Пуціна выйшаў бы неблагі таксіст. У адным з трэйлераў ён сядзіць за рулём «Мэрсэдэсу» і завочна вучыць жыцьцю Эдварда Сноўдэна. «Калі яму нешта не падабалася ў той працы, на якую яго запрасілі, трэба было проста звольніцца — і ўсё». Сам Пуцін так і паступіў у свой час. Яму не спадабалася спроба дзяржаўнага перавароту, зробленая ГКЧП, і ён звольніўся з КДБ.
  • Пуцін — фаталіст. «Каму наканавана быць павешаным, той не патоне», — кажа ён Олівэру Стоўну. Зрэшты, службе аховы, якая беражэ яго жыцьцё, Пуцін давярае.
  • Саюз NATO, кажа Пуцін, гэта зьнешнепалітычны інструмэнт ЗША. «Там няма саюзьнікаў — там ёсьць толькі васалы», — тлумачыць Пуцін Стоўну. У тыя далёкія часы, калі прэзыдэнтам ЗША быў яшчэ Біл Клінтан, малады Пуцін яго спытаў, ці не ўступіць Расеі ў NATO. «Клінтан адказаў, што ён не супраць, толькі ўся дэлегацыя амэрыканская вельмі занэрвавалася», — прыгадвае Пуцін з рагатком.
  • За Пуціным немагчыма назіраць абыякава. «Вы павінны за мяне заўзець», — кажа расейскі прэзыдэнт, праяжджаючы міма Стоўна ў поўным хакейным строі.
  • Пуцін ня пойдзе ў душ разам з геем нават на падводнай лодцы. «Навошта яго правакаваць? Але ж вы ведаеце, што я майстар спорту па дзюдо».

Олівер Стоўн любіць здымаць кіраўнікоў былых сацыялістычных краін. Ён аўтар трох фільмаў пра Фідэля Кастра і карціны «Мой сябра Уга» пра нябожчыка прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

Стоўн распавядае пра падзеі так, як сам лічыць патрэбным. Спробаў фактчэкінгу ў гэтых фільмах ня робіцца, затое яны драматычныя: у «Інтэрвію з Пуціным» расейскі прэзыдэнт глядзіць разам са Стоўнам шэдэўр Стэнлі Кубрыка «Доктар Стрэйнджлав, або Як я перастаў баяцца і палюбіў бомбу». Фільм яго не крануў. «Ніхто б ня выжыў» — кажа Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG