Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік наконт русыфікацыі школы ў Гошчаве: Падстаў для пераводу на расейскую мову няма


Некалькі год таму ў Гошчаўскай школе зрабілі рамонт
Некалькі год таму ў Гошчаўскай школе зрабілі рамонт

У аддзеле адукацыі Івацэвіцкага райвыканкаму лічаць, што пытаньне пераводу школы ў Гошчаве на расейскую мову навучаньня ня мае пад сабой падставаў. А вось меркаваньні жыхароў Гошчава наконт гэтага пытаньня падзяліліся.

Старшаклясьнікі гошчаўскай школы на пытаньне журналістаў Свабоды выказаліся супраць ініцыятывы перавесьці школу на расейскую мову і адназначна выступаюць за навучаньне па-беларуску. Вучні кажуць, што чулі пра тое, што жыхарка вёскі Юлія Папко зьбірае подпісы, каб мовай навучаньня была расейская, але не жадаюць зьменаў.

Дырэктар школы Аляксей Халадовіч у гутарцы з журналістамі сказаў, што «ня супраць ініцыятывы», але калі і будуць нейкія крокі і зрухі ў гэтым пляне, то яны павінны «адпавядаць заканадаўству».

У нас некалі настаўнік беларускай мовы казаў: «Не цурайся роднай мовы».

Што думаюць жыхары больш як паўтысячнага Гошчава пра тое, што іх школа можа стаць расейскамоўнай, карэспандэнты Свабоды распыталіся на вуліцах вёскі. Вяскоўцы па-рознаму паставіліся да гэтай ініцыятывы.

Настаўнік фізкультуры гошчаўскай школы: «Ведаю толькі паводле чутак. Навошта? А я вам скажу — вось суседняя школа ў Стайках была таксама беларуская. І яна трапляла пад закрыцьцё, хацелі зь яе зрабіць базавую. Хутка зрабілі гэтую школу расейскай, і некаторыя жыхары Івацэвічаў сваіх дзяцей туды прывезьлі, набралася 100 чалавек, і ўжо яна не падпадае пад закрыцьцё. У расейскую школу лепш людзі ідуць, таму што ёсьць шмат прыежджых».

Настаўнік распавёў, што дзеці зь семʼяў, якія пераехалі з Казахстану ў Гошчава, пайшлі навучацца ў суседнюю школу ў Стайках пасьля таго, як яе перавялі на расейскую мову.

На вуліцы Гошчава
На вуліцы Гошчава

Трое мужчын-гошчаўцаў сярэдняга веку даведаліся пра ініцыятыву перавесьці школу на расейскую мову навучаньня ад журналістаў Свабоды:

«Як гэта на расейскую? У нас жа беларуская школа. Нешта я такога і ня чуў раней. У мяне ж і сястра ў школе працуе, але ня чуў пра такую размову. А што да стаўленьня, дык мае дзеці ўжо скончылі школу, адвучыліся. Але ўсё роўна беларуская мова патрэбная. Гэтак у нас некалі адзін з настаўнікаў беларускай мовы казаў: «Не цурайся роднай мовы».

Другі спадар згаджаецца, але лічыць, што найважней, каб усё было зразумела дзецям: «У нас зьмяшаная мова — расейска-беларуская. Трэба, каб чытаў чалавек і разумеў. А то ня ведаюць, што такое „памылка“ на матэматыцы...»

Многія жыхары сярэдняга і сталага веку ў Гошчаве між сабой размаўляюць па-мясцоваму. Гэтая вёска — у непалескай «Косаўскай зоне» Івацэвіцкага раёну, таму гаворка тут досыць блізкая да літаратурнай беларускай.

Жыхар Гошчава перадпэнсійнага веку: «Гэта як у нас суседні Бярозаўскі раён, і туды далей Пінскі раён — там, як у нас кажуць, палешукі чыстакроўныя. А ў нас — зьмяшана, і расейская, і беларуская мова».

Наша родная мова — беларуская, але чаму тады ўнівэрсытэты па-расейску?

Гошчаўскае пакаленьне 90-х, маладыя людзі, якія ўжо маюць сваіх малых дзяцей, часта выказваюцца ў падтрымку ініцыятывы Юліі Папко перавесьці школу на расейскую мову навучаньня.

Маладая спадарыня зь дзіцячым вазочкам:

«Я чула, што тут зьбіраюць подпісы за зьмены мовы навучаньня ў школе. Але да мяне ніхто не зьвяртаўся, каб паставіла свой подпіс. Але, бадай, школа ня будзе пераводзіцца. Чула, што ня будзе такога. З аднаго боку, я лічу, што, можа, і варта было б перавесьці на расейскую мову. Бо калі я вучылася ў школе — вучылася па-беларуску, а калі паехала вучыцца, мне было вельмі складана. Нават праблемы ўзьнікалі з тым, каб разабрацца ў раскладзе заняткаў. Таму, мне падаецца, дзецям будзе вельмі складана. Я разумею, што наша родная мова — беларуская, але пытаньне ў тым, а чаму ўнівэрсытэты не па-беларуску?»

Будынак старой школы ў Гошчаве
Будынак старой школы ў Гошчаве

У аддзеле адукацыі Івацэвіцкага райвыканкаму намесьніца начальніка Алена Іванаўна Данілюк кажа, што ў аддзел сапраўды паступіла такая інфармацыя і гэтай праблемай ужо часткова займаліся:

«Мы вывучалі сытуацыю, разглядалі пытаньне, чаму яна ўзьнікла. Да нас афіцыйна звароту не паступала, мелі размову з дырэктарам. Але адзначу, што паводле статуту школы мова навучаньня прапісаная як беларуская. У нас думак ці намераў аб пераводзе школы на расейскую мову навучаньня няма. Дый падставаў для гэтага таксама няма. Таму мы так думаем і лічым. Нагоды, каб хвалявацца, няма. Падобныя звароты бываюць, але рашэньне іх — у кампэтэнцыі выканкаму. Таму, калі раптам паступіць зварот, мы яго будзем разглядаць згодна з заканадаўствам. Наша пазыцыя ў тым, каб сытуацыя захавалася ў тым жа статусе, з той жа мовай навучаньня».

Разам з тым у інтэрнэце зьявілася пэтыцыя за тое, каб захаваць родную мову навучаньня ў Гошчаўскай сярэдняй школе. Ініцыятары заклікаюць паставіць свой подпіс і накіраваць зварот у Міністэрства адукацыі і Берасьцейскі аблвыканкам.

Акрамя гэтага, інтэрнаўты ўзгадалі і гісторыю зь перабудовай мясцовай старажытнай драўлянай царквы, вакол якой узьнік скандал. У 2008 годзе царкву Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры, пабудаваны ў 1838 годзе, адрамантавалі на сучасны лад. У прыватнасьці, на даху зьявіліся купалы-цыбуліны. Але мясцовыя ўлады так і не зьвярнулі ўвагі на звароты грамадзкасьці і спэцыялістаў Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аб парушэньні заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG