Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура: Зьняволенага за карупцыю Архіпава памілавалі


Аляксандар Архіпаў
Аляксандар Архіпаў

У Генпракуратуры Беларусі паведамілі, што былы намесьнік генпракурора Аляксандар Архіпаў датэрмінова выйшаў на волю праз памілаваньне.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды кіраўнік прэсавай службы Генпракуратуры Пётар Кісялёў.

Дзе адбываў Архіпаў пакараньне, у пракуратуры не сказалі. Кісялёў мяркуе, што вызваліўся Архіпаў нядаўна. Таксама ён нічога ня змог сказаць пра далейшы лёс былога намесьніка генпракурора.

Напярэдадні ў СМІ зьявілася інфармацыя, згодна зь якой Архіпаў прызначаны дырэктарам сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Пятровічы», што ў Смалявіцкім раёне. Аднак ні ў Смалявіцкім райвыканкаме, ні на самім прадпрыемстве гэтую інфармацыю пакуль не пацьвердзілі і сказалі, што працуюць з ранейшым дырэктарам.

«Мне яшчэ не прадстаўлялі новага дырэктара. Таму я працую з ранейшым. Будуць яго прадстаўляць, а можа, і ня будуць прадстаўляць. Калі б прызначылі новага, то прадставілі б», — сказаў першы намесьнік начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Смалявіцкага райвыканкаму Сяргей Сьмірноў.

У 2014 годзе Аляксандар Архіпаў быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманьне хабару і перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Аляксандар Архіпаў нарадзіўся 27 жніўня 1959 году ў Бабруйску. Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У 2009 годзе Лукашэнка прызначыў Архіпава пракурорам Менскай вобласьці. У 2011 годзе ён трапіў у сьпіс чыноўнікаў, у дачыненьні да якіх дзейнічалі санкцыі ЭЗ «за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці пасьля выбараў у сьнежні 2010 году». На пасаду намесьніка генпракурора Аляксандар Архіпаў быў прызначаны ў ліпені 2012 году.

Архіпаў — ня першы з асуджаных за карупцыю чыноўнікаў, хто выйшаў з-за кратаў датэрмінова.У 2008 годзе былы старшыня канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Бароўскі быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі і на тры гады пазбаўлены права займаць кіроўныя пасады ў дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах. Аднак ён выйшаў на волю і ў 2009 годзе быў прызначаны гендырэктарам Менскага аўтазаводу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG