Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газета Слонімская»: 10 год без падпіскі і продажу ў кіёсках


Калектыў рэдакцыі «Газеты Слонімскай»edaction, 23Feb2016
Калектыў рэдакцыі «Газеты Слонімскай»edaction, 23Feb2016

10 гадоў «Белпошта» адмаўляецца ўключыць адзіную ў Гарадзенскай вобласьці незалежную газэту ў падпісны каталёг, а «Белсаюздрук» не дазваляе прадаваць яе праз свае кіёскі.

Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук на свае запыты ў дзяржаўныя арганізацыі «Белсаюздрук» і «Белпошта» штогод атрымлівае адпіскі, пачынаючы з 2006 году. Вось і сёлета рэдактар атрымаў падобныя лісты. Там гаворыцца, што РУП «Белпошта» «лічыць немэтазгодным» уключэньне ў падпісны каталёг «Газеты Слонімскай». Маўляў, патрабаваньні рэдакцыі «не грунтуюцца на нормах заканадаўства». А дырэктар ГРУП «Белсаюздрук» прапаноўвае зьвярнуцца па пытаньнях рэалізацыі газэты ва УП «Гроднааблсаюздрук», адкуль з 2006 году прыходзяць толькі адмовы.

Сёлета Валадашчук праз прамую тэлефонную лінію зьвярнуўся да намесьніка міністра сувязі і інфармацыі, і той абяцаў разабрацца і даць пісьмовы адказ.

— Адказ прыйшоў, толькі зь яго цяжка нешта зразумець канкрэтнае. Напрыканцы напісана, што калі я зь нечым нязгодны, то маю права зьвярнуцца ў суд. Але зьвярнуцца ў суд у мяне папросту нестае грошай.

А таму рэдакцыя існуе на ранейшых умовах: газэту рэалізоўваюць прыватныя распаўсюднікі і існуе падпіска, арганізаваная ў рэдакцыі. Гэта абцяжарвае шлях да чытача, але пакуль нічога іншага журналісты прыдумаць ня могуць.

Віктар Валадашчук, галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай»
Віктар Валадашчук, галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай»

— Цяпер цяжка зарыентавацца, колькі дакладна чытачоў у нас, бо многія глядзяць газэту ў інтэрнэце і пішуць нам праз электронную пошту. А ў друкаваным варыянце мы ў сярэднім выходзім накладам тры з паловай тысячы асобнікаў на 40 старонках раз на тыдзень. Такога нізкага накладу не было ніколі за ўсю гісторыю існаваньня нашага выданьня.

Мала што зьмянілася для журналістаў незалежнай газэты і ў доступе да інфармацыі. Хоць, кажа Валадашчук, з прыходам новага кіраўніка райвыканкаму газэту пачалі запрашаць на прэс-канфэрэнцыі чыноўнікаў.

— Але нядаўна мы пасылалі нашага карэспандэнта ў адну зь вёсак раёну, там мясцовыя жыхары дамагаліся ад уладаў вырашэньня нейкай праблемы. Але старшыня сельсавету наадрэз адмовіў, каб пры гэтым прысутнічаў наш карэспандэнт. Маўляў, не хачу і ўсё.

Паводле Валадашчука, газэта, як і ўсё грамадзтва, перажывае ня лепшыя часы з-за эканамічных праблемаў. Але рэкляму прыцягваць удаецца, і чытачы газэце ня здраджваюць.

— Я часам сам зьдзіўляюся — колькі тэлефанаваньняў і пісьмовых зваротаў у рэдакцыю. Яны прыходзяць кожны дзень. Людзі нам давяраюць, маюць нас за нейкую апошнюю інстанцыю, калі ня могуць вырашыць сваіх праблемаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG