Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 100-гадовай даўніны: у сеціве зьявіўся «Газэтны шапік БНР»


Незвычайны праект прапануе ўсім прачытаць навіны, якія выходзілі ў незалежных газэтах роўна сто гадоў таму. Стваральнік «шапіка», які ня хоча называць сваё прозьвішча, расказаў Свабодзе падрабязьней пра сваю ідэю і як можна здабыць эксклюзіўныя архівы.

— Пару гадоў таму адна літоўская бібліятэка выклала ў сеціва сканы ўсіх беларускіх газэт, што выходзілі ў Вільні і Коўне ў пачатку ХХ стагодзьдзя, — прыгадвае стваральнік праекту. — Ужо тады, калі я пабачыў той велізарны пласт беларускай журналістыкі Заходняй Беларусі, я адчуў, што старая пэрыёдыка — гэта самая сапраўдная машына часу. Разгарнуўшы газэту за пэўны дзень, ты ўяўляеш сябе на месцы яе чытачоў. Да таго ж з 1917 году ход гісторыі паскорыўся, стаў больш насычаным. Рэвалюцыйныя падзеі, беларускі рух — гэта ўсё надзвычай цікава і, на жаль, дагэтуль актуальна.

У Расеі зрабілі падобны праект — project1917.ru. Над ім працуе цэлая каманда прафэсіяналаў зь неблагім фінансаваньнем. А адной з апошніх кропель стаў допіс Арцёма Шрайбмана (журналіста TUT.BY) у «Фэйсбуку», які прызнаўся, што «завіс» на гэтай стужцы расейскіх навін 100-гадовай даўніны. Тады прыйшло разуменьне, што, па вялікім рахунку, падобны беларускі праект трэба было запускаць яшчэ з пачатку году. Але лепей позна, чым ніколі

— Газэты, што выходзілі на тэрыторыі сучаснай Літвы, даўно ёсьць у сеціве, — дадае заснавальнік. — Менскія выданьні, напрыклад, «Вольная Беларусь», за невялікія грошы можна спампаваць з электроннай бібліятэкі Нацыянальнай бібліятэкі. Праект толькі распачаўся, і нешта трэба будзе яшчэ адшукаць і адсканаваць з нуля. Нумары газэт, у сваю чаргу, публікуюцца роўна ў той дзень, у які яны выйшлі 100 гадоў таму. Насамрэч нічога складанага тут няма: адкрываеш нумар, хуценька прабягаеш загалоўкі і зьмест, робіш інтрыгуючы кароткі агляд па прынцыпе сучасных мэдыя, скрыншот — і гатова.

Да 2018 году будзе публікавацца толькі віленскі «Гоман», але ў будучыні будзе магчымасьць адсканаваць штосьці з менскіх «Вольнай Беларусі» і «Белорусской рады» за 1917 год. З 2018 да «Гоману» далучыцца штотыднёвік «Вольная Беларусь», а пасьля — менскі штодзёньнік «Беларускі шлях».

Сярод навін, якія друкаваліся 100 гадоў таму, можна знайсьці шмат цікавага. Вось, напрыклад, сьведчаньні пра тое, што зараз завецца «краўдфандынгам» («Белорусская земля», 1918, нумар 1):

«Рыхтуецца да выданьня новая кніга Я. Варонкі „Самоопределение Белоруссии“. Празь вялікую дарагавізну паперы і друку абвяшчаецца падпіска... Пры падпісцы на 10 экзэмпляраў зьніжка 10%. Пасьля выхаду ў сьвет цана на кнігу будзе павялічаная».

А вось такая фраза на першай паласе («Звон», 1919, нумар 1):

«Грамадзяне! Вучыцеся чытаць па-беларуску. Гэта ў вашых інтарэсах. Годзі выстаўляць сябе на сьмех перад культурнымі людзьмі!»

Усе карты стваральнік праекту пакуль што не раскрывае, але адзначае, што грамадзка-палітычныя выданьні таго часу больш адметныя сваёй актуальнай публіцыстыкай. Галоўнае — час ад часу сачыць за публікацыямі ў суполцы «ЎКантакце» ці ў партнэрскім Тэлеграм-канале.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG