Дэпутат Менскага гарсавету па Ахоцкай выбарчай акрузе Ігар Русакевіч паабяцаў садзейнічаць рэканструкцыі вуліцы Чакаліна. Ён будзе дамагацца пераразьмеркаваньня сродкаў гарадзкога бюджэту на карысьць фінансаваньня рамонтных работ, калі такое фінансаваньне ў наступным годзе не прадугледжанае.
Абяцаньні дэпутата сталі рэакцыяй на яго сустрэчу з актывісткамі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацянай Караткевіч і Інай Кушнер. Яны перадалі дэпутату зварот больш як 70 жыхароў вуліцы Чакаліна.
Раней лідэры «Гавары праўду» неаднойчы сустракаліся зь міністрамі, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Што прымусіла іх зараз пайсьці на ніжэйшыя ступені дзяржаўнай герархіі?
На гэтае пытаньне Тацяна Караткевіч адказала:
Здаецца, што такое адна вуліца ў сталіцы? Драбяза. Мы так ня лічым.
«Да мясцовых выбараў застаецца ўжо толькі паўгода. І мы ўзмацняем працу зь мясцовымі жыхарамі. Я не выпадкова пайшла на размову з дэпутатам Русакевічам разам зь Інай Кушнер. Яна балятавалася ў гэтым мікрараёне летась у Палату прадстаўнікоў. Стаць дэпутатам у яе не атрымалася. Але сваю каманду Іна пасьля выбараў не распусьціла і па-ранейшаму актыўна кантактуе зь мясцовымі жыхарамі. Менавіта тут у наступным годзе яна паспрабуе стаць дэпутатам гарсавету.
Мы ня дзелім нашы справы на вялікія і дробныя. Здаецца, што такое адна вуліца ў сталіцы? Драбяза. Мы так ня лічым. Праблема рамонту і добраўпарадкаваньня вуліцы хвалюе многіх людзей, якія тут пражываюць. І подпісы, якія мы перадалі дэпутату, гэта толькі першыя. Каманда Іны Кушнер працягне зьбіраць подпісы жыхароў мікрараёну.
Падобныя рэчы ў розных рэгіёнах Беларусі мы арганізуем у межах ініцыятывы „Робім разам“. Разам — гэта значыць зь мясцовай уладай. Бо калі яна не рэагуе на патрабаваньні звычайных людзей, то справу зь месца ня зрушыш. Таму мы спрабуем ня толькі арганізаваць мясцовых жыхароў, але і выйсьці на рэальныя кантакты з уладай. Толькі за апошні час мы сустракаліся з кіраўнікамі такіх буйных прадпрыемстваў, як „Белшына“ ў Бабруйску, „Шкловалакно“ ў Полацку. Там ставіліся канкрэтныя пытаньні, і ёсьць добрыя спадзяваньні, што некаторыя з праблем пасьпяхова вырашацца».