Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч патлумачыла, чаму заклікае БДІПЧ даслаць назіральнікаў на мясцовыя выбары


Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» ў сувязі з правядзеньнем у Менску сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе заклікала АБСЭ ўсебакова абмеркаваць палітычную сытуацыю ў Беларусі.

Сярод прапановаў «Гавары праўду» ёсьць і заклік да Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) сфармаваць місію назіраньня за мясцовымі выбарамі, якія адбудуцца ў лютым 2018 году.

Аднак БДІПЧ звычайна працуе толькі на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах. Ці ведалі пра гэта ў «Гавары праўду», калі рыхтавалі зварот да ПА АБСЭ? Пра гэта Свабода пацікавілася ў лідэра грамадзянскага руху Тацяны Караткевіч.

«Так, ведалі,— кажа яна. — Але мы спадзяёмся, што, паколькі БДІПЧ паводле свайго афіцыйнага статусу зьяўляецца адным з падразьдзяленьняў АБСЭ, то зробіць гэтым разам выключэньне для Беларусі. І вось чаму. Новыя мясцовыя выбары, на наш погляд, наўпрост зьвязаныя з апошнімі парлямэнцкімі. Зараз мы маем, дзякуючы агульным намаганьням, двух дэпутатаў-дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў. Больш за тое, мы сфармавалі, як мне здаецца, патрэбу ў тым, каб альтэрнатыўны пункт гледжаньня быў паўсюдна гучным. Хочацца, каб гэтая тэндэнцыя працягнулася і па выніках мясцовых выбараў.

Заўважана, што на працэс падліку галасоў больш уплываюць замежныя, а ня ўнутраныя назіральнікі. Таму мы і просім БДІПЧ зьвярнуць асаблівую ўвагу на лютаўскія выбары. Магчыма, што пры іх правядзеньні будзе зьмененае і выбарчае заканадаўства. А гэта, на наш погляд, таксама падстава для Бюро прыслаць сваіх назіральнікаў у Беларусь. Карацей, мясцовыя выбары наступнага году могуць быць важным крокам наперад у разьвіцьці палітычнай канкурэнцыі і дэмакратыі ў Беларусі».

Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў ужо некалькі апошніх выбарчых кампаніяў адказвае за падрыхтоўку партыйных кандыдатаў:

«Безумоўна, улады ўжо навучыліся праводзіць любую выбарчую кампанію паводле свайго сцэнару. І прысутнасьць міжнародных назіральнікаў іх ужо не трывожыць — добра вядомыя выпадкі, калі і міжнародных экспэртаў выдалялі з участкаў, калі і ім не паказвалі бюлетэняў падчас працэдуры так званага падліку галасоў выбарнікаў, калі і ім нічога не тлумачылі.

Але, вядома, маральная падтрымка для нас з боку міжнародных назіральнікаў ёсьць. Мы зь імі сустракаемся, перадаём ім факты парушэньняў, выказваем сваю ацэнку. Пасьля выбараў зьяўляецца дакумэнт, які рыхтуюць міжнародныя назіральнікі. Гэта, безумоўна станоўча».

Паводле Валера Ўхналёва, «Справядлівы сьвет» ужо пачаў рыхтавацца да новых выбараў:

«Партыйнае бюро ў мінулую суботу правяло спэцыяльнае паседжаньне. Прынятае рашэньне аб шырокамаштабным удзеле ў мясцовых выбарах. Падрыхтоўчая праца пачалася».

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына раней заявіла Свабодзе, што ЦВК прапанаваў кіраўніку дзяржавы правесьці чарговыя мясцовыя выбары 18 лютага 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG