Інстытут прыродакарыстаньня Нацыянальнай акадэміі навук распрацаваў праект пошуку пэрспэктыўных участкаў для здабычы сланцавага газу і нафты.
Пра гэта паведаміў дырэктар інстытуту акадэмік Аляксандар Карабанаў перад пачаткам сумеснага працоўнага пасяджэньня Акадэміі навук Беларусі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Мэта праекту палягае ў тым, каб «ацаніць рэсурсны патэнцыял сланцавых вуглевадародаў і выявіць пэрспэктыўныя ўчасткі для пастаноўкі пошукава-выведных працаў».
Паводле Карабанава, праект ужо прайшоў дзяржаўную экспэртызу, цяпер вырашаецца пытаньне зь фінансаваньнем, перадае БелТА.
Ён сказаў, што гэтыя прыродныя рэсурсы залягаюць на вялікіх глыбінях:
«Тут патрэбныя адмысловыя тэхналёгіі. У ЗША яны даўно прымяняюцца, а для нас гэта пакуль новая галіна, і сваім праектам мы пакладзем пачатак іх выкарыстаньню ў краіне».
Яшчэ ў 2013 годзе паведамлялася, што «Беларуснафта» разам з брытанскай кампаніяй Toros зоймуцца выведкай і магчымай здабычай сланцавых нафты і газу ў Прыпяцкім нафтагазаносным басэйне.
Чаму зноў у Беларусі загаварылі пра сланцавыя вуглевадароды?
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэтыя размовы больш падобныя да піяру.
«Нічога тут іншага няма, ніякіх сланцавых газаў.
Бо калі б яны былі, то для таго, каб распрацаваць і зрабіць паўнавартасную камэрцыйную аснову, трэба было б яшчэ ўкласьці нейкі мільярд даляраў, якіх у Беларусі няма. Ну, Гуцэрыеву далі, цяпер, можа, толькі „Газпрому“ зноў нешта дамо. Для беларусаў і так, і так нічога ад гэтага ня будзе. Што добра прадаецца ў Лукашэнкі? Нешта ў нашай зямлі ёсьць, трэба шукаць. Дайце грошай. Чыноўнікі таксама гэта могуць рабіць. Крызіс крызісам, але кожны цягне коўдру на сябе. Але з такім узроўнем нафты, які сёньня ёсьць, сланцавы газ ня мае ніякага значэньня і камэрцыйнага сэнсу. Таму і кажуць нешта, каб Лукашэнка паверыў і даў грошай. Я думаю, што іншай матывацыі тут няма».