Гарадзенец Уладзімер Брыцько насупраць сваёй хаты па Рыбацкай вуліцы ачысьціў ад шматгадовага дзёрну і кустоў кавалак набярэжнай Нёмана — цяпер яна выглядае як у 30-я гады, калі яе ўклалі каменьнем. З савецкіх часоў яе ніхто ня чысьціў.
Бераг Нёмана ад замкаў і ў бок Каложы ўздоўж Рыбацкай вуліцы выглядае цяпер як у ХІХ стагодзьдзі: чарот, кусты, разьбітая дарога — і гэта нягледзячы на тое, што тут любяць бавіць час ня толькі турысты, але і самі гарадзенцы.
І вось раптам кавалак набярэжнай, ачышчаны ад кустоў і шматгадовага дзёрну: каменны схіл і сходы да Нёмана — усё ў выдатным стане. Нестае толькі прывязанага побач чоўна, як гэта яшчэ памятаецца нават мне з савецкіх часоў.
Хто ня ведаў, што пад чаротам і шматгадовым дзёрнам на ўмацаваным схіле хаваецца каменнае пакрыцьцё, той бы ніколі пра гэта і не здагадаўся.
На Рыбацкай вуліцы, побач з ачышчанай набярэжнай, сустракаю адзінаццаціклясьніцу Дар’ю Буцько. Яна з гонарам распавядае, што гэта ейны брат так упарадкаваў бераг.
— Брат сказаў, што гэта будзе прыгожа для ўсяго нашага берага, бо наш раён адзін з самых старажытных у горадзе. Я, папраўдзе, не дапамагала яму ў гэтым, але яму дапамагалі ягоныя сябры.
Сам Уладзімер сьціпла тлумачыць, што калі была жывая ягоная бабуля, яна заўсёды тут прыбірала і чысьціла сходы да Нёмана. Ён узгадвае, што нават спрабаваў чысьціць набярэжную яшчэ ў дзяцінстве, але гэта было тады для яго занадта цяжкай справай. Паводле яго, на гэтую працу, калі перавесьці яе ў чыстыя працоўныя дні, пайшло ня менш як два тыдні.
— Тут было шмат розных кустоў, карані якіх прабіліся праз камяні. Мы тут нават не да канца ўсё расчысьцілі, тут яшчэ мноства дробнага карэньня, якое псуе гэтае ўмацаваньне схілу. А ня скончылі з прычыны таго, што хочам папрасіць гарадзкія ўлады, каб яны спэцыяльнай тэхнікай пачысьцілі нам ад пяску дарогу, бо вельмі шмат пылу. А потым з дапамогай мыйкі высокага ціску пазмываем гэты схіл.
Паводле Ўладзімера, большасьць суседзяў ухвалілі ягоную працу, нават прасілі, каб ён зрабіў гэта і насупраць іхніх дамоў. Ён зьвяртае ўвагу, што побач на набярэжнай камунальныя службы пачалі касіць траву. Касілі і раней, але цяпер чамусьці заняліся гэтым вельмі апэратыўна.
Цікаўлюся яшчэ ва Ўладзімера — ці ягоная грамадзкая ініцыятыва нейкім чынам паўзьдзейнічае на астатніх людзей?
— Было б добра, каб паўзьдзейнічала, але гэта залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека. Я думаю, што на некага гэта паўзьдзейнічае, а для некага гэта і ня так важна. Вось паглядзіце, далей за сходамі — які там бур’ян, як усё зарасло, бо людзі зьліваюць туды ўсё, што толькі могуць. Я думаю, калі чалавек так робіць, то на яго наўрад ці што паўзьдзейнічае.
Сусед Уладзімера Брыцько Юры Пузырэўскі апавядае, што за савецкім часам у канцы вуліцы знаходзілася арганізацыя, якая займалася абслугоўваньнем высакавольтных лініяў, і яе супрацоўнікі рэгулярна чысьцілі набярэжную. Паводле Пузырэўскага, чысьціць набярэжную перасталі на пачатку 90-х. Ён узгадвае, што раней па вуліцы быў пракладзены асфальт, дзейнічалі ліўнёўкі, былі нават ходнікі.
— Справа ў тым, што які сэнс цяпер чысьціць набярэжную? Трэба спачатку прывесьці ў парадак вуліцу, а так каналізацыя не ўпраўляецца — усе люкі пасьля дажджу вада падымае, і ўсё гэта сьцякае ў Нёман. Праз пару месяцаў гэта зноў зарасьце, і будзе тое самае, бо цячэ з усяго гораду. Тут, напэўна, каля 15 люкаў, і з усіх цячэ ў Нёман. Колькі мы ні пісалі, ні прасілі — нічога. А пры саветах ліўнёўкі дзейнічалі.
Спадар Пузырэўскі таксама расказвае, што падчас рэканструкцыі набярэжнай, калі клалі плітку ад замкаў да былога піўзаводу, быў зварот да ўладаў, але побач зь іхнімі дамамі рэканструкцыі так ніхто і не зрабіў.
— Вось да піўзаводу паклалі плітку, зрабілі Замкавую вуліцу, а тут як быццам ніхто і не жыве. Хоць таксама стары горад, зона адпачынку, турысты шпацыруюць, але ніхто нічога. І гэта нягледзячы на тое, што мы столькі пісалі, скардзіліся...
Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч распавядае, што набярэжная на правым беразе Нёмана была выкладзена ў канцы 20-х — у 30-я гады. Хто распрацаваў праект, паводле гісторыка, невядома. Працы пачаліся, калі пад Новым замкам абваліўся схіл. Заадно з рэканструкцыяй схілу ўпарадкавалі і набярэжную.
Дарэчы, паводле гісторыка, працы на набярэжнай выконвалі пераважна гарадзенскія беспрацоўныя і вайскоўцы.
Вашкевіч заўважае, што ўчынак нашага сучасьніка Ўладзімера Брыцько яго ўразіў.
— Мне гэтая ідэя вельмі спадабалася, бо ачышчаныя прыступкі, якія вядуць да вады, робяць цікавае ўражаньне. Мы заўсёды ведалі пра іх існаваньне, але тое, што яны так файна выглядаюць... Сапраўды, было б здорава, каб ачысьцілі ўсю набярэжную, бо відавочна, што яна патрабуе ўпарадкаваньня.
Побач з ачышчаным кавалкам набярэжнай закідае вуду рыбак. Мы разгаварыліся. Спадар Аляксей кажа, што яго таксама ўразіла, як павінна выглядаць сапраўдная набярэжная. Кажа, што было б вельмі добра, каб так ачысьціць усю тэрыторыю — маўляў, людзям было б прыемней.
— Вельмі добра, што чалавек побач з сваім жыльлём хоча стварыць прыемны, утульны куточак. Натуральна, што ён ня ў стане ачысьціць усю набярэжную, бо ў яго ня хопіць ні сіл, ні сродкаў. Але нават такі невялікі кавалачак ачышчанай набярэжнай — гэта добрая ініцыятыва ад чалавека і ягонай душы. І гэта добры прыклад цэламу гораду. Праўда, кожны сам сабе судзьдзя...