Ад 1 студзеня 2016 году палова індывідуальных прадпрымальнікаў спынілі працу ў буйных гандлёвых цэнтрах Менску. Зачыніць свае шапікі гандляроў змусіў прэзыдэнцкі ўказ № 222, які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам працаваць ад 1 студзеня 2016 году без накладных і сэртыфікатаў.
Гандлёвы цэнтар «Сталіца», які месьціцца ў так званым «падземным горадзе» на плошчы Незалежнасьці ў Менску, сустракае наведнікаў улёткамі і абвесткай:
«Паважаныя наведнікі, гандлёвы цэнтар „Сталіца“ здае ў арэнду памяшканьні да шасьцісот квадратных мэтраў. Па падрабязнасьці зьвяртайцеся да адміністрацыі гандлёвага цэнтру».
Звыклага зіхаценьня няма ў шмат якіх вітрынах, за імі — альбо пустэча, альбо цёмнае сукно. Абвесткі на дзьвярах розныя: «Крама зачыненая ў сувязі зь пераездам», «Зачынена ў сувязі зь цяжкімі сямейнымі абставінамі», «Зачынена ў сувязі з адпачынкам». Пра наступствы прэзыдэнцкага ўказу не паведамляе ніводная абвестка, аднак сапраўдная прычына вядомая ўсім. Ахоўнік аднаго з трох узроўняў не хавае сапраўднай прычыны закрыцьця значнай часткі дробных крамаў:
«Так, крамы зачыненыя з-за праблемаў з прадпрымальнікамі. Буйныя яшчэ працуюць, а дробныя закрываюцца. Тут вось тыдзень таму зачынілася крама, — палова ўжо зачыненая, і іншыя будуць зачыняцца. Праблемы ў дзяржаве — усюды праблемы. Нам таксама па кішэні б’е — ня ведаю, што будзе».
Калі ў «Сталіцы» працягваюць працаваць фірмовыя крамы буйных дзяржаўных і напаўдзяржаўных прадпрыемстваў, такіх як «Крышталь», «Спартак», «Белвест» і іншыя, то ў гандлёвым цэнтры «Імпульс» на вуліцы Веры Харужай зачыненая большая палова шапікаў — тут працуюць дробныя гандляры. Аднак прадстаўніца адміністрацыі змушанае спыненьне працы адмаўляе:
«У нас крамы не зачыненыя — у нас людзі ў адпачынках, усё нармальна ў нас. Студзень — гэта звычайна, калі ідуць у адпачынкі. Хтосьці зачыніўся — ну, ня ведаю — можа, працаваць надакучыла. Зусім ня шмат зачынілася — гэта людзі яшчэ не папрыходзілі на працу. Хто хоча працаваць — той робіць дакумэнты. А хто ня хоча — той прыкрываецца».
Тым часам на маіх вачох зачыняюць шапік з голымі манэкенамі дзьве прадавачкі. Высьветлілася, што краму трымаюць маці і дачка. Зачыняюць якраз таму, што прэзыдэнцкі ўказ выканаць немагчыма.
Жанчыны скрушныя, кажуць, што ня той настрой, каб размаўляць. Аднак старэйшая ўсё ж адгукнулася на просьбу выказацца з нагоды:
«Страцілі грошы, працу, а як жыць далей? Як людзям выжываць? Грошы ўкладзеныя, працаваць нельга, бо аштрафуюць альбо канфіскуюць. Таму на трэцім паверсе — там увогуле ўсё зачыненае, пару боксаў працуе. Гэты ўказ 222... — я ўвогуле ня ведаю... Патрэбны толькі нашым вярхам для адмываньня грошай. А размаўляць з уладамі бессэнсоўна, бессэнсоўна... Адразу саджаюць, штрафуюць — рот не адкрыеш, усе баяцца».
Частка гандляроў застаецца на сваіх працоўных месцах, хоць наведнікаў у гандлёвых радах вобмаль. Адна з прадавачак таксама кажа, што апусьціць ралеты ў сваіх шапіках яе суседзяў змусіла менавіта прэзыдэнцкае распараджэньне аб сэртыфікатах. Жанчына кажа, што вырабіла патрэбныя дакумэнты, але мала надзеі, што свой дробны бізнэс яна захавае і надалей:
«У людзей няма дакумэнтаў — вось яны і не працуюць. Калі ў мяне яны ёсьць, то я гэтым займалася ад сакавіка. А вось каб так адразу, з нашым нізкім пакупніцкім попытам — гэта нерэальна. І людзі не маглі тыя сэртыфікаты афармляць, бо ў кагосьці дзеці вучацца, хтосьці жыльлё будуе, і людзі адкладалі ўсё на пасьля.
Я — плаціла ўсё, бо гэтае афармленьне грошай каштуе, і немалых. І на сёньня, вось што мы гандлюем, мы гандлюем на праплаты. Калі застаецца якіх 300–400 тысяч на тыдзень — гэта ў лепшым выпадку — зайсьці ў краму па прадукты — ні капейкі мы не адкладаем.
Бывае, іншы раз трэба зайсьці ў краму па прадукты, маеш нейкую суму і ведаеш, што гэтымі грашыма мусіш заплаціць за арэнду, за накладную ці за сэртыфікацыю — і ты ідзеш міма крамы, каб заўтра можна было выйсьці на працу. І калі заўтра ты прадасі кофтку за 200 тысяч — вось тады ты зойдзеш у гастраном. Словам, усё гэта каштуе грошай, і вельмі вялікіх у нашай дзяржаве.
На сёньня — гэта факт, што ты ня можаш мець прыбытку, бо ў людзей таксама няма грошай і яны ідуць па штаны, калі ранейшыя падраліся. Яшчэ дзецям набываюць адзеньне, бо дзеці растуць, а сабе — дастаюць старое і носяць. А я аформіла дакумэнты таму, што ў маім веку — 50 гадоў — працаўладкавацца ў нашай краіне вельмі і вельмі цяжка. Усе людзі ў шоку.
Мне падаецца, людзі гатовыя на ўсё. Я цалкам расчараваная нашымі законамі. У нас правы той, хто мае больш правоў».
На завяршэньне гаворкі з гандлярамі пацікавілася ў наведнікаў пра іхняе стаўленьне да праблемаў дробнага бізнэсу ў Беларусі. І адна з пакупніц зрабіла падсумаваньне:
«Я думаю, што пакупнікі маюць права самі выбіраць, што яны будуць набываць: якасны тавар альбо няякасны, сэртыфікаваны альбо несэртыфікаваны. І ўмовы ў краіне цяпер зусім ня тыя, каб патрабаваць ад прадпрымальнікаў і ад тых жа канчатковых пакупнікоў аплочваць сэртыфікаты. Пры тым, што, наколькі я ведаю, сэртыфікаты ў бальшыні вырабляюцца ў Расеі, і, гэткім чынам, нават ня нашу краіну кормяць. А ў нас быў і ёсьць — голы бюджэт».