Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сходзе віцебскіх прадпрымальнікаў гучалі заклікі «На плошчу!»


Сход вядзе Ірына Яскевіч
Сход вядзе Ірына Яскевіч

Кірмашы ў абласным цэнтры не працуюць ужо другі тыдзень. Але прадпрымальнікі ўпэўненыя, што іхную праблему, зьвязаную зь немагчымасьцю выканаць указ № 222, улады знарок ігнаруюць.

У гандлёвым цэнтры «Эвіком» праходзіць ужо ня першы сход прадпрымальнікаў. Але мясцовых уладаў на ніводным зь іх не было, хоць прадпрымальнікі накіроўвалі свае звароты і ў гарвыканкам — па пошце, і асабіста заносілі ў аблвыканкам.

Большасьць прадпрымальнікаў разумее, што на мясцовым узроўні ўказ № 222 не адменіш. Аднак людзей абурае, што афіцыйныя СМІ паведамляюць, нібыта «90% прадпрымальнікаў ужо аднавілі працу пасьля калядных вакацыяў». У Віцебску, наадварот, 90% прадпрымальнікаў якраз-такі не працуюць.

На сход, нягледзячы на сёньняшнія сьнегапады і завеі, сабралася пад 300 чалавек. Выступоўцы разважалі, што рабіць далей, як усё-ткі прыцягнуць увагу да свайго пратэстнага спыненьня працы, а ў натоўпе час ад часу чуліся галасы: «Колькі ж можна?» і «Трэба выходзіць на плошчу!».

Выступоўца — Руслан Буракоў
Выступоўца — Руслан Буракоў

Выраз «На плошчу», найверагодней, мае для віцебскіх прадпрымальнікаў фігуральнае значэньне. Тым ня менш ужо былі выказаныя прапановы не абмяжоўвацца сходамі на «Эвікоме», а выйсьці на вуліцу ці хаця б на ганак — каб пратэст прадпрымальнікаў бачылі жыхары Віцебску.

Уздымаць праблему толькі ў сваім горадзе — гэтага мала, лічыць Сяргей, малады прадпрымальнік з «Полацкага» кірмашу:

«Я лічу, што сходаў на „Эвікоме“ ці недзе яшчэ ў закрытых памяшканьнях недастаткова. Тут нас ня бачаць і ня чуюць. Можа, аблвыканкаму выгадна не заўважаць, што ў нас ёсьць незадаволеныя... Значыцца, трэба ехаць у Менск, выклікаць на размову адказных асобаў, першых асобаў краіны! Трэба зрабіць усё, каб нас пачулі і ўбачылі. А зьбірацца цішком па кутах — гэта ня выйсьце!»

Сяргея падтрымлівае ягоны калега Андрэй:

«Навошта зьбірацца тут тысячу разоў? Усё адно ніхто нас ня бачыць. Зьбірацца і сустракацца варта толькі тут, дзе нешта можа вырашыцца. Нам увесь час паўтараюць, што ўлада мусіць працаваць у імя свайго народа. Дык мы ж таксама народ, у нас беларускія пашпарты, але ўлада пра нас думаць ня хоча!

Зараз працу страчу і я, і мая жонка, таксама прадпрымальніца. У нас малое дзіця, як нам жыць? А працы ў Віцебску няма ніякай.

Але пра гэта ніхто ня думае — што нам есьці, што піць, дзе працаваць, увогуле ніхто ня думае!»

Пустыя шэрагі «Эвікома»
Пустыя шэрагі «Эвікома»

Прадпрымальнікі ўстурбаваныя й тым, што дзяржаўныя СМІ ствараюць адмоўны імідж тым, хто цяпер спыніў працу. Але пра тое, што іх да гэтага вымусіла, СМІ казаць адмаўляюцца, працягвае Андрэй, і яго падтрымліваюць іншыя прадпрымальнікі:

«Мы запрашалі канал АНТ, але яны сказалі, што гэтая тэма ім не цікавая. Затое яны паказалі, як згубілася бабуля ў вёсцы, яе шукалі і нарэшце знайшлі. Вось такая самая галоўная навіна! Больш жа нічога не адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь! Пра бабулю паказалі, а што ў краіне тысячы людзей губляюць працу — гэта так, нічога!»

Тэлевізійная прапаганда знарок імкнецца пасварыць гандляроў і пакупнікоў, лічыць Натальля, прадстаўніца гандлёвага цэнтру «Беларусь»:

«Гэтая прапаганда ўжо даўно ідзе! Прэзыдэнт кажа на „іпэшнікаў“, што мы „вашывыя блохі“, што мы наварочваем па 300%, народ абдурваем... Адтуль усё і ідзе! Агітацыя і прапаганда супраць нас, і ў выніку вы толькі паслухайце, што пра нас людзі кажуць! Што мы круцялі, што галоўнае для нас — каб толькі нажыцца... А цяпер ім па тэлевізары тлумачаць, што мы проста пайшлі ў адпачынак.

Што ж атрымліваецца? Што ўлады краіны ня ў курсе? Значыць, мы павінны ім усё патлумачыць!»

На сходзе было прынята рашэньне дэлегаваць у сталіцу некалькі прадстаўнікоў ад розных кірмашоў. Літаральна заўтра-пасьлязаўтра пасланцы выправяцца ў Менск, каб перадаць рашэньне віцебскіх прадпрымальнікаў у адміністрацыю Лукашэнкі. Рашэньне чарговага сходу ад папярэдніх амаль не адрозьніваецца: прадпрымальнікі зноў аднадушна прагаласавалі за адмену ўказу № 222.

Аднаўляць працу прадпрымальнікі не зьбіраюцца
Аднаўляць працу прадпрымальнікі не зьбіраюцца

Таксама прагучала прапанова паехаць у Менск і нашмат большай грамадою, як толькі будзе абвешчана агульнарэспубліканская акцыя пратэсту. Варта зазначыць, што на кожным чарговым сходзе гучаць усё больш рашучыя выказваньні, праяваў скрайняга незадавальненьня ўсё больш.

Паводле Ірыны Яскевіч, старшыні аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», якая вяла сход, сёньня на «Эвікоме» дзяжурыў нарад АМАПу. Праводзіць сход яны не заміналі, але пасьля надзвычай пільна аглядалі пустыя гандлёвыя рады ды прыслухоўваліся, пра што між сабой размаўляюць прадпрымальнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG