Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» з Калінкавіч спынілі галадоўку каля адміністрацыі Лукашэнкі. ВІДЭА

абноўлена

«Маці 328» каля Адміністрацыі прэзыдэнта, 2 траўня 2018
«Маці 328» каля Адміністрацыі прэзыдэнта, 2 траўня 2018

Шэсьць удзельніц руху «Маці 328» з Калінкавіч, якія галадаюць 15-я суткі, дамагаючыся зьменаў антынаркатычнага заканадаўства, сёньня прыехалі ў Менск. Перад будынкам прэзыдэнцкай адміністрацыі жанчыны заявілі пра спыненьне сваёй галадоўкі, паколькі сілы ў іх «не бясконцыя».

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • Акцыя доўжылася 15 дзён. 11 траўня актывісткі пачалі выхад з галадоўкі.
  • Працягвае галадаць толькі Людміла Лапко зь Ліды, якая пачала галадоўку 10 траўня.
  • Саўмін накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкула.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавіч сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.

У заяве, дасланай кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай, паўторна была выказана просьба асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Як лічаць галадоўніцы, да яго не даходзіць аб’ектыўная інфармацыя пра цяперашні стан барацьбы зь незаконным абарачэньнем наркатычных і псыхатропных рэчываў.

Таксама галадоўніца з Калінкавіч Тацяна Канеўская аднесла ў адміністрацыю Лукашэнкі заяву на імя кіраўніка дзяржавы аб сустрэчы зь ім.

«Заяву ў мяне прыняў супрацоўнік, які назваўся Ігарам Ламаносавым. Я спытала ў яго, што гэта ўжо не першая заява на імя Лукашэнкі, ці ён іх чытае? Мне чыноўнік адказаў гэтак: «Ня ведаю ці чытае, але інфармацыя яму даводзіцца».

Паводле словаў галадоўніцы Ліяны Шубы, выходзіць з галадоўкі яе ўдзельніцы пачнуць у цягніку зь Менску: набудуць ёгурт і салодкую гарбату. Само спыненьне галадоўкі жанчыны тлумачаць непадрыхтаванасьцю да яе і пагаршэньнем стану свайго здароўя.

«Мы спынім гэтую галадоўку, але не спыняем барацьбу», — заявіла ў відэатрансьляцыі Свабоды Тацяна Канеўская.

Жанчыны падкрэсьліваюць, што ніводнае патрабаваньне ўдзельніц руху «Маці 328» пакуль ня выканана, але галадоўка не была марнай. Удалося прыцягнуць увагу грамадзтва і чыноўнікаў да праблемы правапрымяняльнай практыкі ў краіне паводле крымінальнага артыкулу 328, калі спажыўцы лёгкіх наркотыкаў аўтаматычна становяцца збытчыкамі, а сапраўдныя наркадылеры застаюцца беспакаранымі.

Галадоўніцы заклікаюць зрабіць дыфэрэнцыяцыю пакараньняў у залежнасьці ад аб’ёму наркотыкаў, разьдзяліць такія паняцьці, як ужываньне і збыт наркатычных сродкаў, зьменшыць ніжнюю мяжу тэрміну прысудаў па ўсіх артыкулах і па некаторых — верхнюю.

Таксама «Маці 328» спадзяюцца на сустрэчу з генэральным пракурорам Аляксандрам Канюком, якая была перанесена на няпэўны час.

Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкула

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG