Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэція суткі галадоўкі ў Магілёве. Улада маўчыць


Дом, зь якога выселілі жанчын
Дом, зь якога выселілі жанчын

Трэція суткі трымаюць галадоўку пяцёра жыхароў Магілёва. Яны пратэстуюць супраць незаконнага, як яны лічаць, перасяленьня з кватэр у інтэрнат і патрабуюць альбо вярнуць ім старое жыльлё, альбо даць іншыя кватэры ў межах гораду.

Галадоўнікі адзначаюць, што іхнае самаадчуваньне пагоршылася. Кажуць, што нямеюць ногі, хутка надыходзіць стома.

«Хочацца ўвесь час ляжаць», — кажуць жанчыны, якія галадуюць. Дзьвюм зь іх стала кепска на другія суткі галадоўкі. Ім выклікалі хуткую дапамогу.

«Рэакцыі ад уладаў няма ніякай. Здаецца, што ў іх няма ніякай цікавасьці да нашага пратэсту. Сёньня зусім усім ужо кепска. Спадзяёмся, што на нас усё ж зьвернуць увагу. Пакуль мы трымаемся ўсе», — паведаміла Свабодзе адна з галадоўніц Сьвятлана Бурак.

Галадоўку пяцёра жыхароў Магілёва распачалі 18 траўня. Яны заяўляюць, што вычарпалі ўсе магчымыя законныя спосабы, каб бараніць свае правы, і перайшлі да крайняй меры.

У 2012 годзе дом, у якім жылі галадоўнікі, прызналі аварыйным. Жыхароў у экстраным парадку праз суд перасялілі ў інтэрнат будаўнічага трэсту № 12. Замест кватэр ім выдзелілі ў інтэрнаце пакоі.

Пратэстоўцы кажуць, што дамоваў на пражываньне ў інтэрнаце за год, што яны там жывуць, зь імі так і не заключылі. Прапануюць аформіць дамовы на пяць год. За гэты час яны мусяць вырашыць свае жыльлёвыя праблемы.

Дом № 59 па Ленінскай вуліцы — у самым цэнтры Магілёва, гэта прывабнае месца для патэнцыйных інвэстараў. Напярэдадні 1 траўня камунальнікі пафарбавалі фасад аварыйнага дому ды замянілі з боку цэнтральнай вуліцы выбітыя шыбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG