Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым больш кішэняў, тым лягчэй хаваць цукеркі», — салдат і экспэрт абмяркоўваюць зьмены ў вайсковай форме


Фота агенцтва «Ваяр»
Фота агенцтва «Ваяр»

Вайсковая газэта «Во славу Родины» зьмясьціла фатаздымак новай вайсковай формы, якая цягам 2017 году паступае на выпрабаваньне ў беларускае войска і паступова можа замяніць цяперашнюю вопратку. А што думаюць пра новаўвядзеньні ў форму самі вайскоўцы і экспэрты? Свабода зьвярнулася да былога салдата Паўла Белавуса і незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна.

Вязаная шапка замест аблавухі

Павал Белавус (служыў шарагоўцам у беларускім войску пад Барысавам у 2011–2011 гадах):

«Вязаная шапка адназначна лепшая за аблавуху. Нібыта аблавуха цяплейшая, але былі лічаныя дні, гэта было ў вельмі моцныя маразы, калі камандзіры дазвалялі нам разьвязаць „вушы“ і гэтак насіць шапку. Ва ўсе астатнія дні аблавуха была амаль бессэнсоўным элемэнтам, бо ўсё роўна мы хадзілі з адкрытымі вушамі, а гэта самае небясьпечнае. Да таго ж аблавуха дрэнна трымаецца на галаве. Калі пабяжыш, дык трэба прытрымліваць рукой, каб не звалілася. Было нязручна. Мяркую, у вязаных шапачках салдаты і выглядаць будуць лепей, бо іх лягчэй падабраць кожнаму, яны ўсім будуць пасаваць. У войску ж часта гэтак: даюць, што ёсьць на складзе, а ня тое, што табе трэба паводле памеру».

Павал Белавус
Павал Белавус

Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін (служыў афіцэрам у савецкай арміі ў 1973–1974 гадах):

«Зьяўленьне вязанай шапкі ў форме сьведчыць пра пэўную вэстэрнізацыю нашай вайсковай формы. Верагодна, гэта наступства і той зьявы, што клімат становіцца цяплейшы. Але вязаныя шапачкі — не такая і навіна, яны ў нас даўно выкарыстоўваюцца ў спэцчастках. Калі імі заменяць аблавухі паўсюль, будзе толькі лепш. Бо яны і грэюць лепш, і больш гігіенічныя. І зручнейшыя ва ўсіх адносінах, у тым ліку зручней працаваць з тэхнікай. Але застаецца пытаньне — як быць, калі вялікія маразы? Такое ўсё ж здараецца. Маё спадзяваньне — на якасьць матэрыялу, зь якога вырабяць гэтыя шапачкі».

Зімовая куртка са стаячым каўняром замест звычайнага каўняра з штучнага футра

Белавус: «Тут адназначнага адказу ня маю. Бушлаты з каўнярамі мы насілі выключна зімой, калі холадна і салдат рады ўсяму, што яго грэе. Бо шаліка ніякага для салдата не прадугледжана, дык каўняром можна было шыю схаваць. А як будзе дапамагаць гэтая „стоечка“ — ня ведаю. Што яна, можа, зашпільваецца на шыі, гэта добра, але яна са штучнай тканіны. Відаць, тут якраз той выпадак, калі толькі выпрабаваньне падкажа, ці будзе гэта добра».

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Алесін: «Каўняры «стоечкай» ужо былі ў савецкай форме, праўда, не ў шынялі, а ў салдацкай гімнасьцёрцы, у афіцэрскім кіцелі. Калі зьверху апрануць шынэль, дык было вельмі цёпла. Але шынэль быў нязручны ў працы з тэхнікай. Паступова ад яго адмовіліся на карысьць бушлатаў і куртак. Чаму цяпер адмаўляюцца і ад каўняроў са штучнага футра для зімовай курткі? Мяркую, найперш каб зрабіць вопратку таньнейшай. Магчыма, і нашай лёгкай прамысловасьці будзе лягчэй вырабляць такія курткі з каўняром «стойкай», чым як раней. Магчыма, будзе таньней і тэхналягічней.

Папругі з тканіны замест скураной папругі зь меднай бляхай

Белавус: «Тое, што старыя скураныя папругі заменяць, гэта добра. Добра, калі заменяць і тую бляху, якую мы мусілі ўвесь час начышчаць да бляску. Тут былі сапраўдныя праявы дзедаўшчыны. Бо калі ў цябе дрэнна начышчаная бляха, дык можаш атрымаць якое пакараньне ад „дзеда“. Памятаю, кожны вечар за праглядам навін па БТ усе сядзелі і шмальцавалі тыя бляхі, а потым нас правяралі. Дык вось, калі бляхі на папрузе цяпер ня будзе, а замест яе будзе нейкая зашпілька, дык будзе выдатна. Але з таго фатаздымка новай формы, які я бачыў, выгляд новай папругі ня вельмі ўяўляю. Яшчэ трэба ўлічыць, што на скураную папругу, калі ішлі ў варту, мы чаплялі штык-нож. Куды цяпер яго чапляць?»

Калі ў выпадку мабілізацыі войска будзе разгортвацца, дык усё роўна ўсім скураных папруг не хапіла б

Алесін: «Папругі з брызэнту і тканіны былі і раней, як дадатак да скураных і як іх замена. Калі ў выпадку мабілізацыі войска будзе разгортвацца, дык усё роўна ўсім скураных папруг не хапіла б. Мяне толькі зьдзіўляе, куды гэтыя скураныя папругі ў нас падзеліся, бо ў часы СССР на тэрыторыі рэспублікі захоўвалася вопраткі дастаткова, каб апрануць паўмільённае войска, калі не мільённае. Дык няўжо скураных папруг ужо не засталося? Але і папруга з тканіны, з сучаснага матэрыялу — гэта ніяк ня горш. На фатаздымку салдат у сярэдзіне падперазаны папругай аліўкавага колеру, але на ім яшчэ і гэтак званая „разгрузка“ — камізэлька, у якую ўкладаюцца запасныя магазыны, чапляецца іншая салдацкая маёмасьць, патрэбная ў баі. Вельмі сучаснае спалучэньне. Таксама вітаю накаленьнікі на нагах салдата. Гэта вельмі карысная рэч. І як сродак бясьпекі, і як абарона вопраткі, у тым ліку калі рыеш акоп лежачы. Салдату вопратку на першае патрабаваньне не мяняюць, яе трэба берагчы».

Дадатковыя кішэні, зімовыя чаравікі зь берцамі і джэмпэр

Белавус: «Калі прыгледзецца, усе тры прадстаўленыя варыянты вопраткі маюць дадатковыя кішэні на рукавах і нагах. Гэта вельмі добра. Нам падчас службы кішэняў не хапала, яны ўвесь час рваліся. Салдату патрэбныя кішэні ня толькі для спраў службы, але і звычайных. У тым ліку каб было куды хаваць цукеркі, бо малады арганізм патрабуе салодкага і трэба некуды цукеркі схаваць. Таму кішэняў чым больш, тым лепш. Што да чаравікаў зь берцамі, дык незразумела пакуль, чым новыя зімовыя берцы будуць адрозьнівацца ад тых, што нам выдавалі. Нам салдацкія чаравікі зь берцамі выдавалі на ўвесь год. Дарэчы, наш прызыў быў першы, хто замест кірзавых ботаў атрымаў берцы. Некаторыя салдаты, пакуль прызвычайваліся, стоптвалі ногі да мазалёў. Але галоўнае, што берцы былі халодныя, у маразы натуральна мерзьлі ногі, даводзілася нацягваць дадатковыя шкарпэткі. Наконт джэмпэра — вельмі слушна. На зіму нам выдавалі замест летніх майткаў і маек цёплую бялізну — такія споднікі і байку — дык гэта дапамагала. Ня ведаю, як будзе зараз, але джэмпэр салдату ніколі не зашкодзіць».

Алесін: «Лішняй кішэні ў салдата не бывае. Тое, што зьявіліся новыя кішэні на рукавах, для мабільніка ці для запісной кніжкі, гэта добра. Зімовыя берцы, калі яны будуць на футравай падкладцы ці хаця б з футравай вусьцілкай, таксама вітаю, як і джэмпэры з паўбавоўны. Яшчэ адзначу, што новая вопратка — свабоднага пакрою. Раней форма салдата заціскала. Калі старшына правяраў, дык колькі накруціў папругу, столькі нарадаў салдат атрымае. Калі два пальцы пад папругу праходзіць, ужо лічылася парушэньнем. Добра, што ад гэтага адышлі. Цяпер вопратка свабоднага пакрою, яна ня стрымлівае рухаў салдата, забясьпечвае нармальную цыркуляцыю паветра — гэта вялікі плюс. Засталося спраўдзіць, як новая форма будзе насіцца, колькі пратрымаецца ў розных умовах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG