Звычайна, гучныя судовыя працэсы канчаюцца прысудам. Пасьля чаго адбываецца тое, што можна перадаць назвай старога італьянскага фільму «Сьледзтва закончана, забудзьце». У справе дырэктаркі Віцебскай птушкафабрыкі і чальца Савету Рэспублікі Ганны Шарэйкі ўсё адбываецца з дакладнасьцю наадварот. Вызваленьне з-пад варты ператварыла яе на кароткі час у галоўную мэдыйную пэрсону. Спачатку яна дала дзіўны камэнтар, у якім дзякавала сваім крыўдзіцелям, што выклікала вялікі рэзананс у сацыяльных сетках. Потым гэтую жанчыну сустрэлі як гераіню на яе фабрыцы. Савет Рэспублікі датэрмінова перапыніў паўнамоцтвы Ганны Шарэйкі. І адначасова Віцебскі аблвыканкам прызначыў яе дырэктаркай той самай Віцебскай птушкафабрыкі.
Судовы працэс над Ганнай Шарэйкай і яе паплечнікамі ўнікальны ў некалькіх аспэктах. Хоць падобныя гучныя працэсы ў Беларусі ня рэдкасьць, а хутчэй, правіла, аднак па ступені абсурднасьці гэтая драматычная гісторыя стаіць асобна.
Апошнім часам крымінальны перасьлед ідзе па адпрацаванай схеме: буйнога бізнэсоўца, дырэктара дзяржпрадпрыемства ці чыноўніка садзяць за краты і прапануюць зьдзелку: прызнай віну, заплаці выкуп і выходзь на свабоду. Бо беларускія суды апраўдальных прысудаў практычна не выносяць, і гэта не залежыць ад рэальнай віны чалавека. Большасьць прымаюць прапанаваную зьдзелку, пра што сьведчаць прыклады прадпрымальніка Віктара Пракапені ці спартовага журналіста і чыноўніка Ўладзімера Беражкова. Ганна Шарэйка і яе паплечнікі (за адным выключэньнем) адмовіліся ад зьдзелкі, настойвалі на сваёй невінаватасьці. Таму адсядзелі два гады.
Крымінальная справа настолькі была прыдуманай і развалілася ў судзе, што нават пракурор быў вымушаны прызнаць: матэрыяльных стратаў прадпрыемству гэтыя людзі не нанесьлі. Але, на ягоную думку, і гэта першы абсурд, нанесьлі страты дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Што выглядала вельмі дзіўна. Гэта як? Але апраўдаць гэтых людзей суд ня мог паводле вызначэньня, бо, як вядома, «нашы органы не памыляюцца». Таму прыдумалі амністыю і вызвалілі ў зале суду.
Пасьля арышту кіраўніцтва Віцебскай птушкафабрыкі на чале з дырэктаркай спраўная, прыбытковая птушкафабрыка адразу выявілася стратнай. І навошта было марынаваць два гады людзей у турме, калі, як высьветлілася, матэрыяльных стратаў прадпрыемству гэтыя людзі не нанесьлі? Каб і хацеў наглядна прадэманстраваць заганнасьць і абсурднасьць існай сыстэмы, дык лепшай ілюстрацыі не прыдумаеш.
Зьдзівіла актыўная падтрымка дырэктаркі работнікамі птушкафабрыкі. Звычайна беларусы ня любяць начальства. І калі Лукашэнка ганьбіць і садзіць у турму чыноўнікаў і дырэктараў, то гэта заўсёды сустракала даволі масавую падтрымку грамадзтва. А ў дадзеным выпадку атрымалася ўсё наадварот. Апальную дырэктарку калектыў падтрымаў, людзі прыяжджалі на суд, каб выказаць ёй сваё спачуваньне. А пасьля вызваленьня яе ўрачыста сустрэлі на роднай фабрыцы як гераіню. Гэта зусім новая зьява для Беларусі. І яна сьведчыць пра тое, што давер грамадзтва да дзяржаўных інстытутаў, у прыватнасьці, да сыстэмы правасудзьдзя, спадае.
Яшчэ адзін абсурд. Ганну Шарэйку вярнулі на старую пасаду, то бок яна зноў стала дырэктарам той самай Віцебскай птушкафабрыкі, падчас кіраваньня якой яна, нібыта, нанесла страты дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Маўляў, няхай і далей наносіць тыя ж страты? Ці так завуалявана ўлады прызналі сваю памылку? Шукаць лёгіку ў абсурднай сыстэме — справа няўдзячная.
І самы апошні парадокс, ці, можа, таксама абсурд. Адразу пасьля вызваленьня ў зале суду Ганна Шарэйка, на першы погляд, вельмі дзіўным чынам пракамэнтавала ўсю гэтую трагічную гісторыю, якая зь ёй здарылася. Яна дзякавала тым, хто яе засадзіў у турму — суду, работнікам СІЗА, дзяржаве за тое, што сочаць за парадкам:
«Я ўвесь час спадзявалася на справядлівасьць. На жаль, не зусім так, але і за гэта дзякуй. Больш ці менш, але ўсё роўна разабраліся і нас адпусьцілі... Правяралі, але яны і павінны былі правяраць. А як па-іншаму? Я разумею тую заклапочанасьць дзяржавы, якая хоча, каб усюды быў парадак. Калі што — потым разьбіраюцца. І па справе Мальцава таксама разабраліся. Нашы органы нельга ашукаць. Я вельмі ўдзячная гэтаму СІЗА за тое, што яны ставяцца да ўсіх аднолькава. Я павінна сказаць дзякуй за тое сваё затрыманьне. Нічога, гэта для нас таксама нейкі ўрок, загартоўка. Людзі, якія моцныя па жыцьці, не становяцца слабейшыя ў такіх месцах. Толькі мацнейшымі: яшчэ больш гартуюцца і больш хочуць працаваць, прыносіць карысьць».
Усё гэта было сказана шчыра. Перад намі проста клясыка таталітарнай сьвядомасьці, таталітарнай псыхалёгіі. І цяпер я больш разумею тых людзей, якія, прасядзеўшы 20 гадоў у сталінскіх лягерах, дзякавалі партыі і ўраду, ці тых, хто перад расстрэлам крычаў: «Няхай жыве Сталін!». Дасюль гісторыкі спрабуюць разгадаць загадку, чаму старыя бальшавікі падчас судовых працэсаў 1930-х гадоў прызнаваліся, што яны шпіёны і інш. Справа ня толькі ў тым, што іх катаваньнямі прымусілі так рабіць. Гэтых людзей яшчэ і ўпэўнілі, што так патрэбна партыі. І яны пагадзіліся.
Таталітарная ідэалёгія грунтуецца на кульце дзяржавы, звышмагутных, звышмудрых дзяржаўных інстытутаў, апэляцыі да дзяржаўнай неабходнасьці, захапленьні ад духоўнага зьліцьця з уладай. У рамках такой сыстэмы каштоўнасьцяў чалавек зьяўляецца толькі шрубкай. Неабходны яе элемэнт — самаахвярнасьць.
Мы проста недаацэньваем, як глыбока такая псыхалёгія пануе ў асяродзьдзі чыноўнікаў.
Адна з адметнасьцяў беларускай намэнклятуры палягае ў тым, што яна і раней была шчыра савецкая. І рэшткі гэтай псыхалёгіі мы назіраем цяпер. Узгадаем, як віцэ-прэмʼер Натальля Качанава на пытаньне пра нізкія заробкі бюджэтнікаў адказала, што яны ж «гасударавы людзі». У тым сэнсе, што найперш яны павінны думаць пра інтарэсы дзяржавы, а не пра ўласныя заробкі.
А Ганну Шарэйку па-чалавечы шкада. Два гады, выкрасьленыя з жыцьця, ды яшчэ з публічнай ганьбай, проста так, зь дзяржаўнай мэтазгоднасьці.