Кіраўніцтва Менскага аблвыканкаму запэўнівае, што Дзяржынск, Заслаўе і Фаніпаль больш не разглядаюцца як стратэгічныя пункты для забесьпячэньня кватэрамі менчукоў. Мясцовыя жыхары лічаць, што такое рашэньне стала вынікам публічных пратэстаў супраць пераўтварэньня іхніх гарадоў у сталічныя «спадарожнікі».
У траўні 2014 году быў падпісаны прэзыдэнцкі ўказ № 214 «Аб разьвіцьці гарадоў-спадарожнікаў», згодна зь якім шэсьць населеных пунктаў падпадалі пад узбуйненьне: Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы і Фаніпаль. Аднак, як высьветліла экспэртная камісія, у Дзяржынску, Фаніпалі і Заслаўя няма магчымасьцяў ствараць працоўныя месцы побач з тэрыторыяй пражываньня і разьвіваць сацыяльную інфраструктуру.
Жыхары «вызваленых» ад такога абавязку тэрыторыяў усьцешаныя навіной, але ня вераць, што рашэньне канчатковае і не падлягае рэдагаваньню. Як кажа жыхар Фаніпаля Сяргей Развагін, афіцыйнага дакумэнту на гэты конт ім не паступала:
«Генплян нібыта пераглядалі і сказалі, што зносіць прыватны сэктар ня будуць. Але як у нас бывае? Сёньня сказалі адно, а заўтра пастанавілі іншае. Адназначна на карысьць пайшло тое, што паднялі бучу. Першае, што я пачуў, выглядала так: Фаніпаль чапаць ня будуць, а Дзяржынск усё ж перайначаць. Але цяпер вычытаў, што і Фаніпаль, і Дзяржынск „амністуюць“, для менчукоў прыстасуюць Рудзенск і Смалявічы. Як на мяне, то гэта, відаць, зьвязана з кітайскай пляцоўкай пад Смалявічамі, трэба яе асвойваць. Шчыра кажучы, фаніпальцы не асабліва расслабіліся, лічаць, што гэта, як той казаў, яшчэ ня вечар: кожны дзень нешта кажуць, але ж афіцыйнага адказу яшчэ не было. Сказалі, што будзе як быццам 20 чэрвеня. Пакуль гэта пайшло ад аблвыканкаму, а насамрэч гэтым пытаньнем займаецца Менгарвыканкам. Таму да канца ўпэўненасьці няма. Але як на мяне, то падаецца, што проста няма грошай, няма за што будаваць».
Згодна з Генэральным плянам пэрспэктыўнага выкарыстаньня тэрыторыяў «спадарожнікаў», пад знос падпадае прыватная забудова ў цэнтральных частках гарадоў. Прыкладам, у Фаніпалі пад бульдозэр было прызначана блізу 250 дамоў на вуліцах Чыгуначнай, Купалы, Камсамольскай, Леніна і некаторых іншых — у раёне, які лічыцца гістарычным, бо менавіта адсюль разрастаўся ўшыркі будучы горад. Пэрспэктыва ўбачыць на месцы сваіх дамоў бэтонныя каробкі тутэйшых абурыла.
«Я ў Фаніпалі жыву ад нараджэньня. Калісьці за чыгункай былі баракі, а потым паўстаў выбар: ці атрымаць кватэру, ці будавацца. Бацькі вырашылі, каб быў уласны дом, збудавалі ў самым цэнтры. Жылі сьціпла. Зь цягам часу прыйшлі тэхналёгіі, зьявілася тэлебачаньне, потым самі рылі траншэі для газу. Я ўжо не кажу пра садовыя дрэвы, кусты, кожны ганарыцца сваімі яблычкамі, малінкамі. Вядома, нікому ня хочацца аддаваць усё на зьнішчэньне. Смуткуем, хварэем душэўна; людзі плачуць, пакутуюць, ніхто ня можа нічога рабіць, усе папросту зьдзіўленыя такім рашэньнем. Хочацца жыць далей, тым больш што мы тое пакаленьне, у якога на вачах усё тут мянялася. Магчыма, наступныя пакаленьні будуць перажываць прасьцей, бо яны асабліва не адчулі, якіх намаганьняў нам гэта каштавала, колькі сілаў было ўкладзена і здароўя».
Такім чынам, жыхары Дзяржынску, Заслаўя і Фаніпаля могуць адзначыць лякальную перамогу. Радыё Свабода раней паведамляла, што ў сярэдзіне красавіка ў Фаніпалі адбыўся стыхійны сход мясцовых жыхароў: людзі абураліся намерам уладаў ператварыць колішняе мястэчка ў паказальны пляцдарм пад самай сталіцай, зруйнаваўшы прыватны сэктар і збудаваўшы на гэтым месцы шматпавярховыя дамы. Пра такія намеры бальшыня фаніпальцаў даведаліся выпадкова. Але цяпер Генэральны плян разьвіцьця Фаніпаля накіраваны на дапрацоўку, і ўсхваляваных гаспадароў просяць не турбавацца.
Як вынікае з апошніх заяваў, абласныя ўлады плянуюць будаваць кватэры для сталічных жыхароў у Смалявічах, дзе першы жылы дом ужо стаіць — проста ў чыстым полі. Мяркуецца актыўна асвойваць і Рудзенск, якому ў будучым наканавана стаць галоўным горадам-спадарожнікам Менску.
Старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра днямі заявіў, што «горад-спадарожнік» — гэта масавае жыльлёвае будаўніцтва, якое павінна прадугледжваць працоўныя месцы для навасёлаў, разьвіцьцё інфраструктуры, падвядзеньне камунікацыяў і дастатковую колькасьць сацыяльных аб’ектаў — школаў, дзіцячых садкоў, шпіталяў. Па яго словах, у Дзяржынску, Заслаўі і Фаніпалі рэалізаваць усё пералічанае ў належных аб’ёмах немагчыма.