На Youtube зьявілася функцыя замены фону на анімаваныя карцінкі ў разьдзеле Youtube Stories, піша TechCrunch.
Карыстальнік можа здымаць сябе на камэру на любым фоне, а праграма заменіць фон і накладзе фільтры на выяву ў рэальным часе (і сама аўтаматычна адрозьніць, дзе на выяве чалавек, а дзе фон). Пакуль функцыя даступная толькі асобным карыстальнікам у тэставым рэжыме, але мае адкрыцца для ўсіх карыстальнікаў неўзабаве.
Такая функцыя была распрацаваная беларускімі праграмістамі з AIMatter — раней яны выпусьцілі праграмы Fabby (дазваляе замяняць фон) і Fabby Look (дазваляе «перафарбоўваць» валасы ў рэальным часе). Apple называла праграмы беларусаў у сьпісе трэндаў году.
У жніўні мінулага году кампанію набыла за неназваную суму карпарацыя Google, што валодае Youtube. Прадпрымальнік і інвэстар Юры Гурскі піша, што Youtube укараніў менавіта распрацоўку беларусаў.
Як казаў Свабодзе адзін з заснавальнікаў кампаніі Юры Мельнічак, менавіта набор інструмэнтаў для гэтых праграмаў Fabby SDK — асноўны прадукт кампаніі, які дазваляе хутка запускаць на тэлефоне нэўронныя сеткі для апрацоўкі інфармацыі (гэта значыць, выява апрацоўваецца паводле такой схемы, паводле якой працуюць нэўроны ў арганізьме жывой істоты, а праграма можа вучыцца на прыкладах). Паводле яго, на стварэньне набору інструмэнтаў пайшло «шмат чалавека-гадоў», але з такім наборам зрабіць праграму кшталту Fabby Look — «пытаньне некалькіх тыдняў».