Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ў цэнтры Кіева. «Беркут» атакуе. Майдан прастаяў ноч. Каля дваццаці забітых

абноўлена

Спэцназ пачаў штурм Майдану, ужываючы вадамёты, газ, гранаты, траўматыку. Дзьве начныя атакі адбітыя. Каля тысячы параненых.

ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ


Twitter-трансьляцыя

Колькасьць загіблых майданаўцаў узрасла да 20 чалавек


Пра гэта паведаміў Радыё Свабода кіраўнік мэдычнай службы Майдану Алег Мусій.

«Гэта людзі рознага ўзросту, але ўсе яны забітыя з агнястрэльнай зброі. Адзін чалавек ляжаў на дарозе, і машына „Беркуту“ пераехала яму галаву, але па ўсім відаць, што гэты чалавек з самага пачатку была застрэлены», — кажа Мусій.

Па словах лекара, з-за пажару ў Доме прафсаюзаў, усе целы загінуўшых і больш за 100 параненых перанеслі ў Міхайлаўскі сабор.

Пажар пачаўся з верхніх паверхаў Дома прафсаюзаў і пачала хутка распаўсюджвацца па будынку. Чаму адбыўся пажар, Мусій ня ведае.

Перад тым са сцэны Майдана паведамілі, што на даху Дома прафсаюзаў зьявіліся нейкія людзі, гучала здагадка, што гэта могуць быць снайпэры.

Перамовы праваліліся. «Януковіч неадэкватна ацэньвае сытуацыю», — Клічко


Лідэр Удар Віталь Клічко, які быў на сустрэчы з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам, заявіў, што той «неадэкватна ацэньвае сітуацыю».

«Януковіч неадэкватна ацэньвае сытуацыю. Ён лічыць, што Майдан павінен спыніць супрацьстаяньне і ісьці дадому», — гаворыцца ў твітэры сьпікера Клічко Аксаны Зіноўевай.

У эфіры hromadske. tv Віталь Клічко распавёў, што яго і Арсеня Яцанюка размова зь Януковічам працягвалася больш за гадзіну. І, паводле лідэра Удар, апазыцыянеры выслухоўвалі абвінавачваньні, што менавіта апазыцыя нясе віну за загінулых. Адзіны варыянт, які прымае прэзыдэнт: усе павінны пайсьці дадому, пакінуўшы зброю і ачысьціўшы Майдан, сказаў Віталь Клічко.

З-за Майдану ў Кіеве адмянілі ўрокі ў школах


Кіеўская гарадзкая дзяржаўная адміністрацыя паведамляе аб часовым спыненьні працы школаў і дзіцячых садкоў у цэнтральнай частцы Кіева.

«У адпаведнасьці з распараджэньнем старшыні Кіеўскай адміністрацыі, 19 лютага 2014 г. прыпыняць працу школаў і дзіцячых садоў, разьмешчаныя ў цэнтры сталіцы. Такое рашэньне было прынята, каб забясьпечыць бясьпеку дзяцей і супрацоўнікаў навучальных установаў», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце КДГА.

«На выпадак, калі бацькі ня маюць магчымасьці пакінуць дзяцей дома, у навучальных установах будуць працаваць дзяжурныя групы. Таксама школьнікі змогуць працаваць у рэжыме дыстанцыйнага навучаньня (он-лайн)», — адзначылі ў гарадзкой адміністрацыі.

Пералік навучальных устаноў, якія ня будуць працаваць у сераду, ёсьць на сайце КГГА.
Сілавікі працягваюць наступ на мітынгоўцаў на Майдане, атачылі стэлу Незалежнасьці. Такім чынам, яны павялічылі сэгмэнт тэрыторыі Майдану Незалежнасьці, які цяпер пад іх кантролем.



На Майдане і далей выбухі. Са сцэны чытаюць малітвы і сьпяваюць гімн.
Мапа процістаяньня ў цэнтры Кіева
Мапа процістаяньня ў цэнтры Кіева
Януковіч абвінаваціў апазыцыю ў спробе захопу ўлады

Віктар Януковіч выступіў са зваротам з нагоды кіеўскіх падзей. У ім ён віну за эскаляцыю сытуацыі перакінуў на апазыцыю.

«Апазыцыянэры ня толькі не дачакаліся адкрыцьця пасяджэньня парлямэнта, на якім павінны былі галасаваць законы, якія зьмянілі б Украіну. Яны наадварот — заблякавалі Вярхоўную Раду, не даўшы магчымасьці прыняць гэтыя зьмены. Запатрабавалі — усю ўладу апазыцыі і неадкладна. Не маючы на гэта мандату народа, незаконным чынам, парушаючы Канстытуцыю Ўкраіны, гэтыя, з дазволу сказаць, палітыкі, зьвяртаючыся да пагромаў, падпалаў і забойстваў, спрабавалі захапіць уладу.

Апазыцыйныя лідэры занядбалі асноўным прынцыпам дэмакратыі — уладу набываюць не на вуліцах або плошчах, а толькі на выбарчых участках. Я не раз казаў ім — хутка выбары. Калі народ даверыць вам — будзеце ва ўладзе. Калі не даверыць — ня будзеце пры ўладзе. Але і тое, і іншае павінна адбыцца законна, так, як загадвае Канстытуцыя Ўкраіны», — гаворыцца ў звароце.
Падчас супрацьстаяньня ў Кіеве забілі журналіста

У шпіталі хуткай дапамогі памёр журналіст газэты «Вести». Пра гэта паведамляюць 5 канал і ESPRESO.TV.

Як паведамляюць актывісты ў сацыяльных сетках, прычынай сьмерці журналіста сталі агнястрэльныя раненьні. «У БСП памёр журналіст газэты Вести Вячаслаў Ярэма. Яго каля Міхайлаўскай выцягнулі з таксі. Зьбілі і прастрэлілі грудзі. У яго застаўся сын Максім — 4 гады», — піша адзін з калегаў загінулага.

На раніцу 20-га лютага ў Кіеве налічылі 27 загіблых


Грамадзкі Сэктар Эўрамайдану паведамляе пра 20 ахвяраў супрацьстаяньня ў Кіеве на 3.30 раніцы 20 лютага па мясцовым часе. МУС Украіны ў сваю чаргу паведамляе пра 7 загінулых сярод сілавікоў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG