Дзяржаўны суд Эстоніі 17 чэрвеня адмовіўся разглядаць касацыйную скаргу баевіка «ЛНР», грамадзяніна Эстоніі Ўладзімера Палякова, якога эстонскія ўлады маюць намер выдаць Украіне.
Рашэньне эстонскага суду азначае, што Палякова ўсё-ткі выдадуць Украіне.
Адвакат Палякова ўжо заявіў, што расчараваны рашэньнем і «застаецца спадзявацца толькі на выкананьне ўладай Украіны менскіх дамоўленасьцяў і амністыю ўсім удзельнікам баявых дзеяньняў на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей».
Эстонскія ўлады прынялі рашэньне пра выдачу Ўладзімера Палякова Ўкраіне ў сьнежні 2015 году ў адказ на запыт Украіны. Пасьля гэтага суд першай інстанцыі абавязаў эстонскія ўлады перагледзець рашэньне, аднак урад абскардзіў гэты вэрдыкт.
34-гадовага Ўладзімера Палякова падазраюць у дачыненьні да тэрарыстычнай групоўкі. Паводле зьвестак эстонскай пракуратуры, з чэрвеня 2014 году Палякоў ваяваў у Луганску і Луганскай вобласьці супраць украінскага войска.
У лютым 2015 году эстонскія праваахоўнікі затрымалі Ўладзімера Палякова ў Нарве, на мяжы з Расеяй, куды ён спрабаваў трапіць на аўтобусе. З Расеі Палякоў плянаваў зноў выправіцца ў Луганск.