Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіі беларусаў зьмяншаюцца трэці месяц, усё больш людзей за мяжой беднасьці, а складзкія запасы растуць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, пасьля значнага росту рэальных пэнсіяў у канцы мінулага году адбываецца вяртаньне да старых лічбаў.

Як піша БелаПАН, у лютым 2018 году рэальныя пэнсіі зьнізіліся на 0,7% да студзеня, у студзені — на 0,8% да сьнежня мінулага году, у сьнежні — на 0,3% да лістапада. У лістападзе пэнсіі павысіліся на 4,3% да кастрычніка. У выніку пэнсіі ў лютым 2018 году толькі на 0,8% большыя, чым год таму.

На 2,592 млн беларускіх пэнсіянэраў прыпадае сярэдняя пэнсія 314,8 рубля — гэта каля 161,65 даляра. Гэтая сума ўдвая вышэйшая за пражытковы мінімум для пэнсіянэраў. Сярэдняя пэнсія па інваліднасьці склала 291,3 рубля, па страце карміцеля — 221,1 рубля, сацыяльная пэнсія — 184,9 рубля.

За мяжой беднасьці, адзначае Tut.by, у 2017 годзе было 5,9% беларускіх сем’яў, а ў 2016-м такіх было толькі 5,7%. Малазабясьпечаных у Менску 1,6% (год таму было 1,4%), па рэгіёнах — ад 5,0% у Горадзенскай вобласьці (год таму было 4,5%) да 8,4% у Берасьцейскай (было 8,1%). Ад 1 лютага бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складае 199,32 рубля (102,35 даляра).

Пры гэтым стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы працягваюць станавіцца ўсё больш стратнымі: за год іхныя сумарныя чыстыя страты вырасьлі ў 3,7 раза; на адно стратнае прадпрыемства дзяржава губляе 1 285 600 рублёў за год (больш за 600 тысяч даляраў). Пратэрмінаваная запазычанасьць прамысловых прадпрыемстваў вырасла за год на 8%.

Падобна, шэраг прадпрыемстваў Беларусі працягвае «працаваць на склад»: ужо паўтара года растуць складзкія запасы прамысловых арганізацыяў. На 1 сакавіка 2018 году на складах прамысловых прадпрыемстваў ляжала прадукцыі на 4 351 100 000 рублёў (больш як 2 мільярда даляраў), за студзень-люты запасы гатовай прадукцыі складалі 63,8% аб’ёмаў месячнай вытворчасьці (у Менскай вобласьці — аэ 94,3%).

Найбольш «працуюць на склад» у тэкстыльнай галіне, вытворчасьці адзеньня і вопраткі з футры і скуры, асноўных фармацэўтычных прадуктаў, вырабе вылічальнай апаратуры, электронікі і оптыкі. Вялікія складзкія запасы таксама ў харчовай прамысловасьці, дрэваапрацоўцы і папярова-цэлюлознай галіне, вытворчасьці электраабсталяваньня, транспарце, мэталаапрацоўцы, вытврчасьці гумовых і іншых немэталічых вырабаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG