5 лістапада супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі прыходзілі на кватэру бацькоў Эдуарда Лобава.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці былога палітвязьня Марына Лобава:
«Яны прыйшлі рана — у 7 гадзін 10 хвілін. Яны хацелі зайсьці ў кватэру, але я іх не ўпусьціла, бо яны ня мелі ордэра. Я выйшла да іх у калідор. Гэта былі двое супрацоўнікаў. Яны патлумачылі, што прыйшлі наконт майго сына. Яны пыталіся, дзе мой сын, калі я яго бачыла апошні раз. Але я адмовілася даваць паказаньні. Тады яны адмовіліся казаць, зь якой нагоды шукаюць майго сына і па якім артыкуле. На гэтым мы разьвіталіся. Яны прапанавалі мне падпісаць пратакол аб адмове ад дачы паказаньняў, але я адмовілася падпісваць. Пасьля гэтага яны пайшлі».
Марына Лобава не змагла патлумачыць такую пільную цікавасьць праваахоўных органаў да яе сына.
«Дагэтуль было зацішша, пакуль ішлі выбары. Напэўна, супрацоўнікі міліцыі былі занятыя, а цяпер у іх стала больш вольнага часу, і, падобна, пачалі хадзіць — учора і сёньня. 4 лістапада былі з крымінальнага вышуку, Зьдзівілі, што шукаюць яны Эдуарда за злачынства па крымінальным артыкуле 206 (рабаваньне). Таксама тэлефанавалі са сьледчага аддзелу. Ня ведаю, што будзе заўтра. Ня ведаю, чаму ходзяць такія розныя службы і пра такія цікавыя артыкулы кажуць», — сказала Марына Лобава.
Былы палітвязень і сустаршыня «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў прыканцы ліпеня таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расейскай агрэсіі.
Эдуард Лобаў уваходзіць у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які разьмешчаны пад Марыюпалем,. Сваю будучыню актывіст зьвязвае зь Беларусьсю.
У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.