Драўляная лыжка і срэбны відэлец на крывава-чырвонай афішы спэктакля «Дзьве душы» паводле аповесьці Максіма Гарэцкага ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. На дзьве роўныя паловы падзеленая прастора сцэны: зьлева ад гледачоў — шляхта, справа — сяляне. Два дзіцячыя вазкі — панскі і сялянскі. Зь сялянскага боку выбягае на сцэну нейкі бандыт. Стрэл у бок арыстакратыі. Падае прыгожая жанчына. Велічэзны белы экран заліваецца струменямі-рэкамі чырвонай крыві... Такім эфэктным пралёгам заяўляе рэжысэр Мікалай Пінігін сваю тэатральную інтэрпрэтацыю вяршыні беларускай філязофскай прозы, доўгі час камуністамі забароненай аповесьці расстралянага зноў жа камуністамі аўтара.
Трагічнае «двудушша»
Тэатар робіць мастацка-гістарычны аналіз амбівалентнасьці беларусаў як нацыі, у якой злучыліся, суіснуюць — калі ў згодзе, калі канфліктна — сялянскасьць і шляхетнасьць, праваслаўе і каталіцызм, прарасейскія і празаходнія ўсьведамленьні, дзе ўвесь час змагаецца за сваё права на існаваньне беларушчына, дзе прага да волі і нацыянальная годнасьць змагаюцца з пакорлівасьцю і комплексамі непаўнавартасьці. «Двудушша» — галоўная адметнасьць нацыянальнага характару. Адвечнае і, выглядае, бясконцае самавызначэньне людзям, якія тут жывуць, наканаванае гісторыяй, геаграфіяй, рэлігіяй. Менавіта такі патас новага спэктакля купалаўцаў.
Цэнтральны герой Ігнат Абдзіраловіч (артыст Раман Падаляка) кінуты ў віхуру падзеяў Першай сусьветнай вайны. Ён, сялянскага паходжаньня, але панскага выхаваньня, увесь час стаіць перад выбарам. «Двудушнасьць» ягонай асобы не дазваляе яму рабіць выбар імгненна, на эмоцыях або паводле прывабных палітычных лёзунгаў. Ён хоча заставацца самім сабою, не сьпяшаецца, назірае, рэфлексуе, аналізуе і застаецца чужы для ўсіх. Для яго перадусім важна застацца самім сабой, быць чалавекам. Ён — паміж. Ігнат шукае сябе паміж злом і дабром, воляй і няволяй, сьвятлом і цемрай. Ягоны пошук будзе няскончаны, як няскончанай застанецца аповесьць Максіма Гарэцкага. Ягоны нявыбар, ягоная экзыстэнцыйная раздвоенасьць, гэтаксама як і ўсьвядомлены выбар і экзыстэнцыйная адназначнасьць астатніх герояў — ці то нацыяналістычная, ці то бальшавіцкая — у дадзеных гістарычных абставінах, на такой скрыжалі гісторыі будуць трагічнымі.
Турэмны «фотапавільён»
Спэктакль Пінігіна пачынаецца са сьмерці-забойства, ён будзе разьвівацца ад сьмерці да сьмерці і забойствамі-сьмерцямі ў савецкім турэмным «фотапавільёне» завершыцца.
У гэтым трагічным парадзе сьмерцяў адна афарбуецца чорным сарказмам — пахаваньне Гаршчка, бальшавіка, адназначна бандыта, забойцы. Яго вынесуць чырвонаармейцы ў чырвонай труне, амаль так, як мы на пачатку 1990-х у Менску «хавалі камунізм». Над ягонай магілай будуць салютаваць чырвонаармейцы стрэламі ўразнабой, якія не зьліюцца ў залп. А труна, як у крэматорыі, апусьціцца ў чорную яму сцэны.
І адразу ж пачынаецца турэмная «фатасэсія». Героі па чарзе сядаюць на зэдлік для здымкаў у профіль і анфас. На белым экране сынхронна ўзьнікаюць архіўныя турэмныя фатаздымкі вязьняў канца 1930-х гадоў. Апошнім зойме месца Пісьменьнік, а на экране высьветляцца турэмныя здымкі самога Максіма Гарэцкага. Мая візуальная памяць тут жа ўзнавіла падобны фінал легендарных Пінігінавых «Тутэйшых», пастаўленых амаль чвэрць стагодзьдзя таму. А мо ў спэктаклі «Дзьве душы» хапіла б расстрэлу толькі Пісьменьніка, у чыім лёсе, пакутах і роздумах увасобіліся лёсы, пакуты і роздумы герояў ягонай аповесьці?..
Мікалай Пінігін жанр спэктакля сьціпла-сарамліва вызначае як «сцэны». Але гэта, напэўна, перадусім справядліва толькі для інсцэніроўкі. Максім Клімковіч і Ўладзіслаў Ахроменка насамрэч падзялілі аповесьць Гарэцкага на сцэны, якія пасьлядоўна ў часе і прасторы разьвіваюцца, лягічна, уцямна расказваюць нам гісторыю Ігната Абдзіраловіча. Для перанясеньня на сцэну такі спосаб інсцэнізацыі прозы ня самы спрыяльны. Магчыма, трэба было б усё ж інсцэнізаваць аповесьць у форме цэласнай драмы, пісаць, па сутнасьці, пʼесу на падставе аповесьці. Магчыма... Толькі і я не магу адказаць пакуль, ці насамрэч гэта было магчыма? Натуральна, давялося б павыкідваць шматлікія важныя эпізоды, звузіць ахоп падзеяў і філязофскіх доказаў.
Інсцэніроўшчыкі абралі шлях, які натуральным чынам вядзе да эпічнасьці. Відавочна, што ў згодзе і з удзелам рэжысэра-пастаноўшчыка, які і пераносіў на сцэну інсцэніроўку паводле законаў эпічнага тэатру. Расповед вядзецца ад імя Пісьменьніка (разумеем у гэтым вобразе самога Максіма Гарэцкага; дарэчы, можна заўважыць нават пэўнае партрэтнае падабенства з Гарэцкім у актора Аляксандра Паўлава). Ён апрануты ў турэмную робу, на сцэне зьяўляецца з інвэнтаром катаржніка — тачкай. Расказ пра падзеі вядзецца нібыта з-за кратаў савецкай турмы, расказ чалавека, які турмой, а затым і жыцьцём заплаціў за сваю беларушчыну. Гэта ўзмацняе эмацыйнае і інтэлектуальнае ўспрыняцьце аргумэнтаў аўтара філязофскай аповесьці, якія выпакутаваныя ўласным лёсам, аплочаныя ўласнай крывёю. Зрэшты, чырвоная кроў у гэтым спэктаклі ня раз заліе белы экран у глыбіні сцэны.
Эпічнасьць спэктакля выяўляецца і ў шырокім ахопе вызначальных, як для герояў спэктакля, гэтак і шырэй — для гістарычнага беларускага кантэксту, падзеяў, і ў іх сцэнічным злучэньні паводле прынцыпу кінамантажу — праз зацямненьні, праекцыі на вялікі экран фота- і кінахронікі, рэтраспэкцыі і да таго падобнага. Гэты прынцып аказаўся цалкам прыдатны для тэатру, хоць напачатку дзеяньне разгортваецца відавочна марудна. Спэктакль цяжкавата набірае абароты. А тым часам узьнікае «крамольная» думка, што гэтая інсцэніроўка лягчэй адаптавалася б на кінаэкране, чым у тэатры.
Тут зраблю зацемку, што пакуль яшчэ ня ў нашых сілах перамагчы дзяржаўную ідэалягічную машыну, якая выдаткоўвае грошы на ўсялякую прапагандысцкую кінадрэнь, пры тым, што нацыя мае глыбінную, эўрапейскага ўзроўню літаратуру, якая так і просіцца на экран.
Акторы ў халоднай прасторы сцэны
Спэктакль «Дзьве душы» густа населены пэрсанажамі. Яны запаўняюць практычна пустую прастору сцэны. На сцэне героі ня толькі ўступаюць у дыялёгі ці прамаўляюць маналёгі, але і дзейнічаюць фізычна, шмат рухаюцца, страляюць, поўзаюць. Зноў жа, амаль, як у кіно. Сцэнограф Барыс Герлаван не перашкаджае акторам дзейнічаць, кожны эпізод аздабляючы мінімумам прадметаў. З другога боку, неабжытасьць прасторы патыхае холадам, няўтульнасьцю, акторам цяжка самім псыхалягічна напоўніць прастору, ахінуць яе цеплынёй у некаторых важных, з гледзішча чалавечых адносінаў, эпізодах. Трэба мець такі магутны акторскі талент, якім валодае Тамара Міронава, каб халодную, пустую сцэну запоўніць глыбокім унутраным трагізмам, маштабным лёсам яе гераіні — старой Маланкі. Безумоўна, з майго гледзішча, гэта найлепшая акторская праца ў спэктаклі!
Вельмі дакладныя вобразы — цэласныя, да дробязяў асэнсаваныя, у разьвіцьці (што вельмі важна для гэтага спэктакля) — стварылі Ігар Дзянісаў (Гаршчок), Ігар Сігоў (Гарэшка), Валянціна Гарцуева (Ірына). Натуральна ж, і Раман Падаляка (Ігнат Абдзіраловіч). Асабліва варта адзначыць інтэлектуальнае напаўненьне акторам гэтай ролі. Моцна парадаваў дэбют Івана Кушнерука ў ролі Васіля. Цяжка нават успомніць, калі апошнім разам у Купалаўскім тэатры мы бачылі актора-дэбютанта, які толькі што скончыў Акадэмію мастацтваў, у адной з цэнтральных, ды яшчэ такога маштабу, ролі. Запомніліся эпізоды з удзелам актораў Мікалая Кучыца (Гарадавы), Мікалая Кірычэнкі (Мікола Макасей), Міхаіла Зуя (Князь Гальшанскі), Сяргея Рудэні (Сухавей), Аляксандра Зяленкі (Фурман). Увогуле, мы ўбачылі вельмі зладжанай у ансамбль амаль усю трупу тэатру.
Беларускі тэатар Пінігіна
Мікалай Пінігін і як мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, і як рэжысэр-пастаноўшчык, настойліва працягвае ствараць свой беларускі тэатар. На рахунку беларускага тэатру Мікалая Пінігіна — ужо легендарныя, а ў свой час культавыя «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Ідылія» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, сёньня — «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, «Выкраданьне Эўропы, альбо Тэатар Уршулі Радзівіл», адноўленая «Паўлінка» Янкі Купалы. У гэты тэатар добра ўпісаліся эпічныя пастаноўкі рэжысэра Аляксандра Гарцуева — «Людзі на балоце» паводле Івана Мележа і «Ня мой» паводле Алеся Адамовіча.
Сёньня ўжо, як з майго гледзішча, парамэтры сучаснага Нацыянальнага тэатру сфармаваныя менавіта Пінігіным. Ягоны выдатны папярэднік Валеры Раеўскі ствараў беларускі тэатар, абапіраючыся на сучасную айчынную драматургію, якая тады была перадусім у творах Андрэя Макаёнка і Аляксея Дударава. Той тэатар Раеўскага я і назваў бы беларускім тэатрам сучаснай беларускай драматургіі — сацыяльна вострай, адпаведнай часу, настроям, якія панавалі ў краіне. Купалаўцы рабілі грамадзянскі выклік камуністычнай сыстэме СССР, часткай якога была Беларусь. А Мікалай Пінігін — стваральнік нацыянальнага тэатру ўжо ў абставінах незалежнай Беларусі. Таму на галоўнай сцэне дасьледуецца гістарычны шлях да гэтай незалежнасьці, адшукваюцца ў ім вытокі і прырода беларускай мэнтальнасьці, прычыны паразаў на шляху да незалежнай, дэмакратычнай, эўрапейскай Беларусі. Пры поўнай адсутнасьці сучаснай драматургіі, якая б адгукалася на выклікі нашага часу, Пінігін шукае і знаходзіць адказы на беларускія пытаньні ў айчыннай клясыцы, і дабраўся нарэшце да прозы. Калі ж улічыць, што яна ў нас вельмі багатая, дык немалыя адчыняюцца і пэрспэктывы перад тэатрам.
Маё перакананьне: Беларусь мае свой сапраўдны, вялікі, беларускі тэатар. І годзе ўжо параўноўваць Купалаўскі тэатар з нацыянальнымі тэатрамі іншых краінаў, перадусім з расейскімі. Маўляў, там усё геніяльна, а тут правінцыйна. Такія параўнаньні і ёсьць правінцыйнасьцю. Кожная нацыя мае сваю тэатральную культуру, якой, калі яна хоча лічыцца вялікай, наканавана асэнсоўваць гісторыю свайго народу, прыроду нацыянальнага характару, супярэчнасьці часу, якія адлюстроўваюцца на экзыстэнцыйным узроўні. І ў сваіх, а не запазычаных ці скрадзеных у іншых культураў формах, зразумелых гэтай нацыі.
Нацыянальны тэатар — інстытут як мастацкі, гэтак і асьветніцкі. У гэтым сэнсе, паўтаруся, мы маем свой вялікі тэатар. Мяне яшчэ раз у гэтым пераканала прэмʼерная атмасфэра ў Купалаўскім тэатры 26 красавіка. На сцэне была амаль уся трупа купалаўцаў. Ім стоячы пляскала перапоўненая заля, у якой былі і дзясяткі знакавых асобаў сучаснай беларускай культуры, улучна з пляменьнікам Максіма Гарэцкага — акадэмікам Радзімам Гарэцкім.