На сустрэчы, як расказаў Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў, прадставілі 13 прапановаў руху ў зьменах парадку тэрміновай службы ў войску, скіраваных на гарантаваньне бясьпекі прызыўнікоў.
«Каля паўгадзіны пагутарылі, быў ня толькі спадар Белаконеў, быў „зорны склад“ Мінабароны, у тым ліку памочнік па ідэалёгіі Аляксандар Гура, — кажа Дзьмітрыеў. — Мы падалі дакумэнт Грамадзкай вайсковай камісіі, якую стварылі для назіраньня за вучэньнямі і якая пасьля прадоўжыла працу. У гэтай камісіі мы папрацавалі і з маці салдатаў, і з замежным досьведам — мы прадстаўлялі прапановы з разуменьнем таго, што яны маюць падтрымку грамадзкасьці і экспэртаў.
Галоўнае, пра што мы казалі, — армія сёньня як частка грамадзтва павінна быць у пастаянным дыялёгу з грамадзтвам, ствараць мэханізмы, празь якія можна адсочваць, што адбываецца ў войску, і пераканацца, што дзеці, якіх мы аддаём туды, будуць у бясьпецы. Мы хочам, каб дзеці служылі ў войску, а не займаліся нечым іншым».
Белаконеў паабяцаў азнаёміцца з прапановамі і дапусьціў магчымасьць наступнай сустрэчы і дэталёвага абмеркаваньня прапановаў, а таксама заявіў, што разумее важнасьць дыялёгу. Таксама Дзьмітрыеў закрануў тэму інфармацыйнай працы Мінабароны падчас і пасьля вучэньняў «Захад», бо «інфармацыйную вайну мы ня выйгралі».
12 прапановаў «Гавары праўду»
Дзьмітрыеў перадаў Свабодзе копію прапановаў, перададзеных Белаконеву. Яны наступныя:
- увесьці інстытут упаўнаважанага па правах вайскоўцаў (амбудсмэна);
- стварыць грамадзка-кансультацыйную раду пры Мінабароны;
- разам з праваабаронцамі зрабіць незалежную «гарачую лінію» для вайскоўцаў;
- даць вайскоўцам тэрміновай службы больш свабоды ў сустрэчах з роднымі па выходных і сьвятах, спрасьціць атрыманьне звальненьняў на выходныя і сьвяты;
- разгрузіць вайсковых псыхолягаў ад бюракратычнай працы і павялічыць час іхнай працы зь людзьмі;
- стварыць пры кожнай частцы апякунскія рады з удзелам вэтэранаў і прадстаўнікоў бацькоў вайскоўцаў;
- стварыць Дэпартамэнт грамадзка-вайсковай супрацы ў складзе Мінабароны;
- фармаваць сяржанцкі склад выключна з кантрактнікаў, арганізаваць для іх і прапаршчыкаў сярэднюю спэцыяльную вайсковую адукацыю;
- даць вайскоўцам аднаго пэрыяду службы магчымасьць выбіраць свайго прадстаўніка пры камандаваньні часткі для вырашэньня бытавых, прававых і псыхалягічных пытаньняў;
- камплектаваць падразьдзяленьні ўключна да батальёну з вайскоўцаў аднаго пэрыяду;
- замацаваць законам зьняцьце крымінальнай адказнасьці з вайскоўца, які самавольна пакінуў вайсковую частку празь дзедаўшчыну;
- скараціць тэрміновую службу да 9 месяцаў.
Ці адбудуцца рэальныя крокі?
«Гавары праўду» аднойчы ўжо атрымала станоўчы адказ ад Міністэрства абароны, за якім пасьледавала адмова: калі Дзьмітрыеў прапанаваў Мінабароны камісію назіраньня за вучэньнямі «Захад-2017», у Twitter яму адказалі «арганізоўвацца і зьвяртацца», але калі камісію арганізавалі, Белаконеў намякнуў, што ня хоча бачыць на вучэньнях групу незалежных назіральнікаў.
Ці не паўторыцца гісторыя з папярэдняй згодай і наступнай адмовай? Дзьмітрыеў так ня думае:
Была даволі шчырая размова і наконт дзедаўшчыны, і наконт таго, каб зьвесьці яе практычна да нуляАндрэй Дзьмітрыеў
«Тут ужо іншая сытуацыя: мы асабіста сустрэліся, гэта ўжо новы ўзровень дыялёгу. Была даволі шчырая размова і наконт дзедаўшчыны, і наконт таго, каб зьвесьці яе практычна да нуля. Мы разьлічваем, што пасьля гэтага першага кроку ня будзе два назад, а будзе яшчэ адзін наперад».