Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень вайсковай славы ў Менску. Жывы рэпартаж

Адразу дзьве акцыі заплянаваныя ў Менску на 18 вечара 8 верасьня — гадавіну перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над Масквой у бітве пад Воршай 1514 году, якую актывісты адзначаюць як Дзень вайсковай славы.

Адразу дзьве акцыі заплянаваныя ў Менску на 18 вечара 8 верасьня — гадавіну перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над Масквой у бітве пад Воршай 1514 году, якую актывісты адзначаюць як Дзень вайсковай славы.

Сьвяточны мітынг перад Опэрным тэатрам заплянавала Партыя БНФ: у межах акцыі гісторыкі распавядуць пра значнасьць перамогі пад Воршай, палітыкі і грамадзкія дзеячы дадуць ацэнку сёньняшнім пагрозам нацыянальнай бясьпецы Беларусі, выступяць барды.

Актывісты з «Маладога фронту» заклікаюць у 18:00 прыйсьці да расейскай амбасады ў Менску, дзе адбудзецца акцыя «Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!». Але папярэджваюць: магчымыя правакацыі.

Перад пачаткам акцыі стала вядома пра затрыманьне лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча.

20:43 8.9.2016

Сьвяточны мітынг партыі БНФ перад Опэрным тэатрам. Выніковы фотарэпартаж

20:23 8.9.2016

Дашкевіча і Мікалайчык вызвалілі

19:42 8.9.2016

Акцыя каля расейскай амбасады скончылася катаньнем на трамваі

Каля амбасады Расеі ў Менску актывісты «Маладога фронту» правялі 8 верасьня акцыю, прымеркаваную да Дня вайсковай славы.

Да пачатку акцыі быў затрыманы лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч, на падыходзе да амбасады схапілі актывістку Вольгу Мікалайчык.

Акцыю правялі фактычна два чалавекі, актывісты Сяржук Стрыбульскі і Павал Пракаповіч. Яны разгарнулі расьцяжку «Акупанты — вон», скандавалі лёзунгі ў падтрымку Ўкраіны.

Зь імі спрачаліся два «мясцовыя жыхары». Мужчына, ад якога пахла алькаголем, лаяўся матам на актывіста і Аляксандра Лукашэнку.

Акцыю пільнавалі некалькі дзясяткаў людзей у цывільным з рацыямі, у двары ля амбасады стаялі два аўтазакі.

Па завяршэньні акцыі два чалавекі ў цывільным трымаліся блізка Пракаповіча, калі той скіраваўся да трамваю. Журналісты вырашылі праводзіць актывіста. У трамваі журналісты спрабавалі ўзяць інтэрвію ў людзей у цывільным, тыя адмовіліся. За трамваем ехаў міліцэйскі сіні Volkswagen.

Актывіст даехаў на трамваі да канцавой станцыі «Возера», паехаў у адваротны бок, выйшаў на плошчы Перамогі. Людзі ў цывільным і Volkswagen пакінулі яго на ўваходзе ў мэтро.

19:14 8.9.2016

За трамваем, на якім ад расейскай амбасады зьехаў адзін з удзельнікаў, езьдзіла машына спэцслужбоўцаў.

19:00 8.9.2016

«Мяне затрымалі жорстка», — Вольга Мікалайчык

Карэспандэнт Свабоды змог датэлефанавацца да Вольгі Мікалайчык. Яна распавяла, што знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС. Ёй сказалі, што яна «крышку затрыманая».

«Мяне затрымалі жорстка. Сіні мікрааўтобус спыніўся на скрыжаваньні перад расейскай амбасадай. Выскачылі брытагаловыя. Я зразумела, што па мяне, і я тузанулася. Яны схапілі мяне і з усёй сілы кінулі дагары нагамі ў гэты аўтобус, я ўдарылася галавой аб сьценку аўтамабіля. Перада мной, дарэчы, крочыў хлопчык гадоў васьмі, яны напалохалі гэтае дзіця».

У пастарунку Вольга Мікалайчык заявіла, што яе затрымалі незаконна, і запатрабавала адваката.

«Яроменка тут пабыў хвілін пяць у адным кабінэце. Потым яго адвялі чамусьці на паверх, дзе крымінальны вышук. Я разумею, што хутка буду не на сувязі».

18:55 8.9.2016

Жонка Ўладзімера Яроменка паведаміла, што Зьміцер Дашкевіч і яе муж — у Цэнтральным РУУС. Зь імі яшчэ некалькі чалавек. Паводле папярэдніх зьвестак, туды ж адвезьлі і Вольгу Мікалайчык.

18:29 8.9.2016
Каля расейскай амбасады
Каля расейскай амбасады

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG