Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе я? Берасьце


Чыгуначны вакзал Берасьця
Чыгуначны вакзал Берасьця

Карэспандэнты Свабоды прайшлі па першых ад вакзалу кварталах беларускіх гарадоў і паспрабавалі адказаць на пытаньне турыста, які ня ведае, куды трапіў.

Зь Берасьця выходзіць цягнік, а ў Менск прыяжджае поезд. ​Карэспандэнт Радыё Свабода ў Берасьці прыкінуўся турыстам і прайшоў квартал ад вакзалу ў пошуках беларускага.

Шукаць беларускую мову ў Берасьці можна пачынаць з чыгуначнага вакзалу. Тут шмат надпісаў па-беларуску, а электроннае таблё раскладу руху цягнікоў чаргуе беларускую і ангельскую мовы.

Абвяшчаюць адпраўленьне цягнікоў тут спачатку па-беларуску.

«Цягнік міжрэгіянальных ліній эканом-клясы нумар 652 Берасьце — Менск адправіцца зь першага пуці Маскоўскага боку вакзалу», — кажа жаночы голас.

Разынка Берасьцейскага вакзалу — тое, што цягнікі тут называюць менавіта цягнікамі, а не паяздамі, як у Менску. Атрымліваецца, што зь Берасьця выходзіць цягнік, а ў Менск прыбывае поезд...

Заходжу ў кавярню на вакзале, замаўляю па-беларуску чорную гарбату з цукрам.

«Вам какую?» — ні сэкунды не вагаецца прадавачка. Бачна, што па-беларуску разумее, але адказаць на ёй не сьпяшаецца:

«С лимончиком будете?»

Не пытаньне, папіў «с лимончиком».

Ад вакзальнага пешаходнага мосту ў цэнтар Берасьця ідзе вуліца Камсамольская. Прыкідваюся турыстам, надзяваю на шыю здымач ды шчоўкаю надпісы па-беларуску.

Прызнацца, прайшоўшы квартал, такіх надпісаў заўважыш няшмат — зрэдку шыльда з назвай вуліцы ды пару бігбордаў па-беларуску.

Бігборд пра Перамогу па-беларуску каля вакзальнага мосту
Бігборд пра Перамогу па-беларуску каля вакзальнага мосту

Затое на слупе вісіць расейскамоўная абвестка з прапановай паехаць на адпачынак у Крым праз Расею.

На прыпынку падыходзіць хлапец, пытаецца, ці я немясцовы, што тут усё фоткаю. Кажу, што так, турыст-журналіст. Пытаецца:

«А вы всегда на белорусском разговариваете?»

«Збольшага», — адказваю. І пытаюся, што б ён параіў паглядзець аматару беларушчыны, акрамя крэпасьці, якую ўжо бачыў. Хлопец, не вагаючыся, адразу прапануе схадзіць на суседнюю вуліцу да сьпіртзаводу.

Да размовы далучаецца бабулька і раіць схадзіць далей у цэнтар да музэю. І ў хлопца, і ў бабулькі гутарка зь беларускамоўным чалавекам спакойная, зычлівая. У бабулі выразны беларускі акцэнт.

Такім чынам, прайшоўшы ўсяго некалькі дзясяткаў мэтраў ад прывакзальнага мосту, любы беларускамоўны турыст можа зь лёгкасьцю знайсьці гіда, які падкажа, што ў Берасьці можна пафоткаць. Хай сабе і сьпіртзавод.

Расклад руху па-беларуску
Расклад руху па-беларуску

Нацёрты да бляску Ленін на сьцяне вакзалу
Нацёрты да бляску Ленін на сьцяне вакзалу

Нядаўна ўсталяваны на вакзале помнік. Беларускіх надпісаў няма
Нядаўна ўсталяваны на вакзале помнік. Беларускіх надпісаў няма

За фантанам — кіёскі. Усе з расейскамоўнымі шыльдамі
За фантанам — кіёскі. Усе з расейскамоўнымі шыльдамі

Шыльда вуліцы па-беларуску
Шыльда вуліцы па-беларуску

У турфірмы назва падобная да беларускай, але ўсе надпісы па-расейску
У турфірмы назва падобная да беларускай, але ўсе надпісы па-расейску

Запрашэньне паехаць у Крым праз Расею
Запрашэньне паехаць у Крым праз Расею

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG