Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктары мясакамбінатаў вінавацяць Расею


На Гарадзенскім і Ашмянскім мясакамбінатах ставяць пад сумнеў высновы расейскага боку адносна якасьці праверанай каўбасы. Пастаўкі харчоў у Расею зь іх прадпрыемстваў таксама спыненыя 10-11 сьнежня.

Ашмянскі мясакамбінат: у Расеі праверылі ня нашу каўбасу

«Мы лічым, што для пробы ў Расеі, хутчэй за ўсё, была прадстаўлена ня нашая прадукцыя», — заявіла дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Тамара Філіповіч.

Яна лічыць цалкам магчымым, што прадавец на рынку мог перадаць на дасьледаваньне ўзор іншай прадукцыі, бо пры ідэнтыфікацыі каўбасы ў натуральнай абалонцы вельмі лёгка памыліцца.

З 11 сьнежня Расея забараніла пастаўкі прадукцыі Ашмянскага мясакамбіната. Гэта адбылося пасьля таго, як на рынку ў Разані прыватны прадпрымальнік падаў для кантрольна-наглядных апэрацыяў каўбасу вараную «Эстонскую» вытворчасьці Ашмянскага мясакамбіната, у якой Рассельгаснагляд выявіў геном віруса афрыканскай чумы сьвіней.

Ашмянскі мясакамбінат адразу спыніў адгрузку сваіх харчоў у Расею. Аднак прэтэнзіі расейскага боку выклікалі на прадпрыемстве зьдзіўленьне. Бо перад адпраўленьнем у Расею прадукцыя мясакамбіната прайшла пробы ў абласной лябараторыі. Пасьля прыбыцьця ў Расею яна была праверана ў лябараторыі ў Маскве і атрымала нармальную ацэнку. Акрамя таго, Ашмянскі мясакамбінат не пастаўляе прадукцыю непасрэдна ў Разань.

«Перш чым рабіць нейкія высновы, неабходна высьветліць усе акалічнасьці: ці наша гэта прадукцыя, як яна трапіла да прыватнага прадпрымальніка на рынак. Цяпер нашы спэцыялісты знаходзяцца ў Разані, пакуль ім не ўдалося атрымаць усю неабходную інфармацыю. На рукі яны атрымалі акт адбору на пробы ў гэтага прадпрымальніка, у якога, акрамя нашай прадукцыі, вельмі шырокі асартымэнт тавараў, у тым ліку беларускіх вытворцаў, што выглядае дзіўна, улічваючы, што гэта ўсяго толькі гандлёвая кропка на рынку».

Ашмянскі мясакамбінат адгружаў у Расею каля 40% сваёй прадукцыі.

Гарадзенскі мясакамбінат: у Расеі пробы зьнішчаныя

10 сьнежня Гарадзенскі мясакамбінат заявіў, што аспрэчыць рашэньне пра забарону экспарту прадукцыі ў РФ і спадзяецца на хуткае вырашэньне сытуацыі, — паведаміў БЕЛТА гендырэктар прадпрыемства Анатоль Грышук.

«Мы будзем апратэстоўваць неабгрунтаванае рашэньне Рассельгаснагляду ва ўстаноўленым парадку. Ужо зрабілі запыт, каб выдалі правераную там нашу прадукцыю для правядзеньня паўторных дасьледаваньняў, але нам адказалі, што пробы зьнішчаныя. Заклікаем як мага хутчэй прыбыць на мясакамбінат для правядзеньня дадатковых пробаў экспэртную камісію. Спадзяемся, што сытуацыя вырашыцца на працягу сьнежня», — сказаў гендырэктар.

Ён адзначыў, што забарона стварае сур’ёзную праблему для прадпрыемства, бо штомесяц у Расею пастаўляецца каля 1 тысячы тон мясной прадукцыі.

«Забарона вымусіць нас спыніць прыёмку мяса, што створыць дадатковыя цяжкасьці», — сказаў гендырэктар. Мяса будуць складаваць, але, замарожанае, яно моцна падае ў кошце. Анатоль Грышук дадаў, што гэта вялікія страты для мясакамбіната.

Зь 10 сьнежня Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі ў Расею прадукцыі Гарадзенскага мясакамбіната.

РФ забараніла пастаўку харчоў больш чым з 20 прадпрыемстваў Беларусі з-за геному вірусу АЧС, мікробнага забруджваньня і антыбіётыкаў. Бакі пачалі сумесныя праверкі шэрагу прадпрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG