У чацьвер, 15 студзеня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зьбяруцца на пазачарговае пленарнае паседжаньне. Згодна зь дзейнай Канстытуцыяй кіраўнік дзяржавы прызначае прэм’ер-міністра толькі са згоды ніжняй палаты Нацыянальнага сходу. Таму сёньня дэпутаты павінны даць (альбо ня даць) сваю згоду на прызначэньне Андрэя Кабякова новым старшынём Саўміну.
Сябра сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, кандыдат эканамічных навук Валеры Барадзеня напярэдадні сказаў Свабодзе, што не зьбіраецца задаваць пытаньні новаму кіраўніку ўраду:
«У мяне да Кабякова пытаньняў няма. Я зь ім дастаткова часта сустракаўся на пасяджэньнях прэзыдыюму Саўміну, бачыў, як ён сябе паводзіць. У яго ёсьць свае меркаваньні. Ён нярэдка ўступаў у дыскусію зь Мясьніковічам, спрачаўся са Снапковым.
Пакуль я ня бачу мэтазгоднасьці пытацца яго пра нешта. Над праграмай новы ўрад яшчэ толькі працуе. На жаль, няма стабільнасьці ні па нафце, ні ў нашых галоўных гандлёвых партнэраў — Расеі і Ўкраіны. І вось гэтыя зьнешнія фактары будуць нас вельмі моцна „каўбасіць“. І як бы Кабякоў ні намагаўся выпраўляць дысбалянс за кошт унутраных фактараў, на сёньня сытуацыя такая, што на нашу эканоміку значна болей уплываюць якраз зьнешнія фактары. Хочам мы гэтага ці не, але падзеньне валавога ўнутранага прадукту Расеі на два працэнты аўтаматам цягне за сабою падзеньне і ў нас на адзін працэнт.
З валютай мне таксама ўсё ясна. Таму і няма патрэбы пра нешта пытацца. Хоць, у прынцыпе, магчыма ўсё. Паглядзім, як пойдзе паседжаньне...»
Падставаў для ацэнкі старту новага ўраду эканаміст Сяргей Чалы ня бачыць:
«Уласна кажучы, ніякіх дзеяньняў каманды Кабякова яшчэ не было. Параўнальна з тым, што было раней, нічога не зьмянілася. Напрыклад, уся тая лухта, якую стварае Міністэрства гандлю, застаецца па-ранейшаму.
Пакуль няма праграмы дзеяньняў ураду на 2015 год. Але баюся, што ў тых рамках, у якія гэты ўрад пастаўлены, ён будзе толькі пагаршаць сытуацыю».