Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Францыі: Дыялёг аб правах чалавека займае важнае месца ў нашых палітычных адносінах

абноўлена

Дзідзье Канэс (Didier Canesse)
Дзідзье Канэс (Didier Canesse)

Амбасадар Францускай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс у інтэрвію Свабодзе заявіў, што адносіны паміж Францыяй і Беларусьсю «дасягнулі той ступені даверу, якая дазваляе весьці шчыры дыялёг пра ўсе сюжэты».

— За апошнія два гады нашы адносіны набралі абарот. У студзені мы адзначылі 25-годзьдзе ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж Францыяй і Беларусьсю. Калі глядзець на гэтую чвэрць стагодзьдзя, то нашы стасункі няроўна разьвіваліся, былі цяжкія моманты. Але самае галоўнае, што дыялёг паміж нашымі краінамі не перарываўся. Цяпер можна сьцьвярджаць, што нашы адносіны дасягнулі той ступені даверу, якая дазваляе весьці шчыры дыялёг пра ўсе сюжэты. І, у прыватнасьці, мы можам таксама шчыра абмяркоўваць складаныя тэмы, як, напрыклад, сытуацыя з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі.

Адносна магчымасьці візыту прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ў Беларусь спадар амбасадар выказаўся так:

— Я магу адказаць толькі адно, што ў бліжэйшым часе пакуль такога пляну няма. Але ўсё магчыма.

Камэнтуючы рэакцыю беларускіх уладаў на пратэсты супраць Дэкрэту № 3 і разгон дэманстрацыі 25 сакавіка, а таксама вызваленьне ўдзельнікаў пратэстаў, спадар амбасадар сказаў:

— Дэкрэт № 3 служыў нагодай для выяўленьня незадаволенасьці, карані якой сягаюць глыбей. Што тычыцца рэакцыі беларускіх уладаў на дэманстрацыі, то, паводле Францыі, гэтая рэакцыя была неадэкватная і непрапарцыйная, і таму мы выказалі сваю заклапочанасьць наконт гэтага. Гэта тэматыка, пра якую мы вядзем дыялёг. Як я ўжо сказаў, дыялёг аб правах чалавека займае важнае месца ў нашых палітычных адносінах. І я вітаю, што ёсьць магчымасьць шчыра абмяркоўваць гэтыя праблемы.

Амбасадар Францыі сказаў, што дыпляматы працягваюць сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку за сытуацыяй з правамі чалавека.

Адказваючы на пытаньне пра пэрспэктывы Беларусі на эўрапейскім кантынэнце, Дзідзье Канэс адзначыў:

— Мы лічым Беларусь важным партнэрам для забесьпячэньня рэгіянальнай стабільнасьці. Мы перакананыя, што інтарэс беларускага народу палягае менавіта ў тым, каб падтрымліваць добрыя стасункі ў аднолькавай ступені і з Эўразьвязам, і з Расеяй.

Амбасадар Францыі назваў збалянсаванай пазыцыю кіраўніцтва Беларусі адносна канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і станоўча ацаніў дапамогу, якую аказвае Беларусь, даючы рэгулярна пляцоўку для перамоваў па менскіх пагадненьнях.

Адносна эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі амбасадар Францыі сказаў, што тут «патэнцыял ня вычарпаны». Францыя можа прапанаваць тэхналёгіі, абсталяваньне для мадэрнізацыі прамысловасьці.

— Але калі казаць зусім шчыра, францускі экспарт мог бы больш разьвівацца, калі б у Беларусі не было столькі пратэкцыянісцкіх бар’ераў. Напрыклад, вельмі цяжка для францускіх фірмаў экспартаваць у Беларусь францускі сыр, віно, лекі. І гэтая сытуацыя не толькі на шкоду беларускім спажыўцам, але яна нэгатыўна ўплывае на пэрспэктывы інвэстыцый. Бо інвэстары рэдка інвэстуюць у terra incognita.

Цалкам інтэрвію амбасадара Францыі Радыё Свабода чытайце заўтра. А паглядзець яго можна тут:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG