Гісторыя затрыманьня ў Лоеве мясцовымі міліцыянтамі гомельскіх журналістаў-фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанкі ўжо набыла розгалас. Каб ня даць зрабіць відэаздымкі мясцовага камбінату будаўнічых матэрыялаў, разьбірацца з фрылансэрамі прыехалі намесьніца старшыні па ідэалёгіі Лоеўскага райвыканкаму Натальля Кавурава і кіраўніца спраў райвыканкаму Ірына Пастухова.
Яны выклікалі супрацоўнікаў ДАІ. Пасьля да камбінату прыехаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі і начальнік РАУС Уладзімер Бухаўцоў. Апошні запатрабаваў «спыніць незаконныя відэаздымкі».
Фрылансэраў даставілі ў пастарунак. Да Жукоўскага беспадстаўна ўжывалі гвалт, нанесьлі цялесныя пашкоджаньні. З гэтай прычыны 21 чэрвеня ён напісаў заяву ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, які яшчэ дагэтуль не завяршыў праверку.
«Надзелі кайданкі, станавіліся нагой на галаву»
Міліцыя праз тыдзень пасьля інцыдэнту склала на затрыманых журналістаў-фрылансэраў шэсьць адміністрацыйных пратаколаў. Асабіста на Жукоўскага — чатыры: хуліганства, абраза чыноўніц райвыканкаму, непадпарадкаваньне і абраза першага намесьніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары.
Судзьдзя Антаніна Музычэнка тры пратаколы вярнула ў міліцыю на дапрацоўку, а на падставе чацьвёртага, складзенага паводле артыкула 17.1 КаАП, прысудзіла Жукоўскаму мінімальны штраф — тры базавыя велічыні. Штраф гэты фрылансэр аспрэчвае ў абласным судзе.
Лоеўская міліцыя выстаўляе фрылансэра Жукоўскага хуліганам
Тым часам з Лоеўскай міліцыі ў Гомель на адрас Кастуся Жукоўскага прыйшоў новы пратакол, складзены паводле артыкула 9.28 КаАП старшым участковым Андрэем Хічовым. Цяпер фрылансэра вінавацяць у незаконным правядзеньні апытаньня грамадзкай думкі аб грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, а таксама ў распаўсюдзе інфармацыі на тэлеканале «Белсат».
«Мы паказалі, што міліцыянты ў Лоеве парушаюць ня толькі правы фрылансэраў, але й мясцовых жыхароў, замест таго каб іх абараняць. Праўдападобна, цяпер міліцэйскія начальнікі ня могуць супакоіцца — імкнуцца неяк нашкодзіць», — лічыць фрылансэр Жукоўскі.