Узброеныя Сілы Сэрбіі атрымала чатыры самалёта Міг-29 ад Беларусі, заявіў у інтэрвію сэрбзкай газэце «Политика» міністар абароны Сэрбіі Аляксандар Вулін.
Аляксандар Вулін выказаў падзяку Аляксандру Лукашэнку і Беларусі за падарунак. Неўзабаве дзякуючы падарунку Беларусі і пастаўкам з Расеі Сэрбія плянуе атрымаць эскадрылью з 14 самалётаў. Таксама ідуць перамовы аб набыцьці ў Расеі чатырох транспартных верталётаў Мі-17 і чатырох ударных Мі-35, чакаюцца пастаўкі дзевяці шматмэтавых верталётаў Airbus H145M.
Акрамя чатырох Міг-29, Беларусь мае падарыць Сэрбіі таксама два дывізіёны (12 машынаў) ракетных комплексаў «Бук» пры ўмове, што Сэрбія сама аплаціць рамонт і мадэрнізацыю баявых машынаў. Пра падарунак стала вядома яшчэ ў студзені 2017 году, тады гаворка ішла не пра чатыры, а пра восем Міг-29.
Прэзыдэнт Сэрбіі Томіслаў Нікаліч прылятаў у Беларусь у траўні мінулага году. У канцы сакавіка бягучага году Лукашэнка праводзіў тэлефонныя перамовы зь ім, прыняў запрашэньне на афіцыйны візыт, затым прыняў зь візытам у Менску міністра ўнутраных справаў Сэрбіі.